РАСЕЯ ГАТОВАЯ ПАЙСЬЦІ НА ТЭРАКТЫ
Расея лічыць зрыў выбараў прэзыдэнта Украіны важнейшай задачай, мяркуе народны дэпутат ад УА “Свобода” Юры Сырацюк.
Пра гэта ён заявіў у камэнтары Gordonua.com.
“Цалкам відавочна, што рыхтуецца зьнешні сцэнар зрыву выбараў на Украіне. І рыхтуецца ён Крамлём. Ваенна-палітычную апэрацыю Расеі супраць Украіны, у выніку якой адбылася анэксія Крыма, працягваюць дывэрсійныя атрады расейскіх спэцслужбаў пад прыкрыцьцём сэпаратыстаў на ўсходзе нашай краіны. Гэта магчыма толькі пры той умове, што на Украіне не да канца сфармаваныя легітымным чынам ворганы цэнтральнай улады. Пасьля ўсенароднага абраньня прэзыдэнта Украіны і пераабраньня парляманту Расея ня зможа спэкуляваць на тэзісе аб нелегітымнасьці нашай улады”, — мяркуе дэпутат.
Па словах Сырацюка, пасьля анэксіі Крыма на Украіне паменшала колькасьць “патрэбнага Расеі электарата”.
“Гэта фактычна замінае Расеі паставіць свайго прэзыдэнта. Склалася сытуацыя, калі са стоадсоткавай верагоднасьцю пераможа праўкраінскі, праэўрапейскі кандыдат-дзяржаўнік. Таму Расея будзе выкарыстоўваць розныя спосабы, каб сарваць выбары”, — дадаў нардэп.
На ягоную думку, ажыцьцявіць свае планы Крэмль здолее ў тым выпадку, калі яму ўдасца распаліць на Украіне сур'ёзнае грамадзянскае супрацьстаяньне.
“Расея гатовая пайсьці на тэрарыстычныя акты. Яна й раней прыбягала да такіх захадаў. Варта прыгадаць падрывы шматпавярховікаў напярэдадні першых выбараў Пуціна. Нам належыць апасацца такога ж сцэнару ў нашай краіне. Україна павінна зрабіць усё, каб правесьці выбары чэсна, празрыста, дэмакратычна, з далучэньнем розных міжнародных груп, а таксама пераканаць усход краіны ў тым, што выбары — гэта іхная магчымасьць выказаць сваю думку. Так ці інакш, выбары адбудуцца”, — закончыў ён.
12.04.2014
Пераклад з расейскай.