“РУССКИЕ ИДУТ”

Маскоўская гэбельсаўшчына набірае абароты. Сеціва поўніцца кіруемымі і дабраахвотнымі ўра-шавіністычнымі опусамі ў розных жанрах (пераважае жанр батальны). Можа скласьціся ўражаньне, што дзясяткі мільёнаў “дорогіх россіян” ужо маршыруюць шыхтамі і з песьнямі ў бок мяжы з Украінай, каб “вызваляць” рускіх і ўсіх астатніх.

Але вось жа цікава, пакрычаць, пасьпяваць і паляпаць па клавішах ахвотныя ёсьць. Аднак па ўсяе Расеі нідзе не назіраецца сапраўднай мілітарысцкай гістэрыі. Нідзе людзі не зьбіраюцца нават у невялікіх колькасьцях перад адміністрацыйнымі будынкамі, каб запатрабаваць “наказать зарвавшихся хохлов”. Не вывешваюць на сваіх дахах дзяржаўныя трыкалёры, не тоўпяцца перад ваенкаматамі, каб запісацца ў перадавы полк на штурм Кіева. І ў прынцыпе бальшыня грамадзтва неяк ня верыць, што Крэмль пасуне армію ў атаку на Украіну. Інстынктыўна разумеюць, што Україна — гэта не маленькая і далёкая Чачэнія або даўні Аўган.

Назіраньні сьведчаць аб наступным. Расейскае грамадзтва ня хоча маштабнай вайны супраць Украіны, яму дастаткова крымскай авантуры. Яно не гатовае ахвяравацца і ахвяравацца доўгі час дзеля гэтага. А вось украінскае грамадзтва таксама ня хоча вайны, але ахвяравацца гатовае.

Калі пуцінская хунта аддасьць загад на атаку, то не атрымаецца, як у рэкламна-шавіністычным роліку страляць па нерухомых мішэнях і гарцаваць з цэгламі. Пасыпяцца такія ўдары ў адказ на агрэсію, што расейскай моладзі адразу захочыцца жыць, шпацыраваць у джынсах, гойсаць на дыскатэках, а не паміраць і калечыцца ў чужой краіне за пуцінскую хунту. І моладзь пачне масава кідаць тэхніку і зброю ды ўцякаць у розныя бакі. Тады й пачнуцца сцэны на тэму “русские бегут”.

Ці гатовыя да гэтай зьявы ўкраінскія дзяржструктуры? Пытаньне рытарычнае. Расейская моладзь вельмі хутка скеміць, што ўцякаць трэба ня ў бок “Родіны-матері” — насустрач заградатрадам, трыбуналам, аблавам, турмам і расстрэлам. А што бегчы трэба ў бок Украіны (Эўропы), каб выратаваць сваё жыцьцё і праваліць не сваю вайну. Дык вось, ці падрыхтаваныя ўкраінскімі ўладамі вялікія лягяры, дзе ў поўным аб'ёме жэнэўскай канвэнцыі будуць падрыхтаваныя жытло, харчпайкі, мэдабслугоўваньне ваеннапалонных?

Мяркуем, што расейскай моладзі трэба нарыхтаваць сябе белых шматаў і вывучыць некалькі ключавых украінскіх словаў. Так рабілі кемлівыя нямецкія сем'і, сыноў якіх забіралі на гітлерскія франты. Ім было цяжэй. Трэба было завучыць нешта прынамсі па-расейску, па-сербску, па-французку і па-ангельску (у залежнасьці ад таго, на які фронт патрапіш). Ужо ўвосень 1944 года стыхійна адпрацавалася народная антыфашыстоўская формула, кароткая і ўнівэрсальная. Немцы кідалі зброю і крычалі “Гітлер капут!”

Прапануем расейскай моладзі гукаць “Слава Украіне! Героям слава!” і жвава рухацца ў бок украінскіх пазыцый. Дарэчы, гэта можна рабіць ужо цяпер.

Валеры Буйвал