МАСКВА БУДЗЕ ЗАКЛІКАЦЬ ЗДАВАЦЦА Ў ПАЛОН

У памежныя з Украінай раёны перакінуты дзесяць гукавяшчальных станцый (ЗС-82) на базе баявых разьведвальна-патрульных машын (БРДМ-2), паведаміла РБК крыніца ў Мінабароны Расеі.

Паводле характарыстыкі машын, дальнасьць дзеяньня ЗС складае 6 км, магутнасьць — 1000 Вт, а ў апэратара, які зачытвае тэкст, ёсьць магчымасьць знаходзіцца на адлегласьці да 500 м ад бранемашыны з прыладай. Гэта галоўная прапагандысцкая зброя сучаснай Расейскай арміі, якую раней амаль не ўжывалі. З дапамогай гукаўзмацняльнай апаратуры расейскія афіцэры ў выпадку ваеннага канфлікта могуць угаворваць праціўніка скласьці зброю.

Апытаныя РБК вайскоўцы не прыгадалі, каб такая спэцыфічная тэхніка выкарыстоўвалася на вучэньнях. У ваенных апэрацыях такія машыны выкарыстоўваюцца для ўзьдзеяньня на блакаваныя войскі праціўніка з мэтай прымусіць іх скласьці зброю і здацца.

Па словах вайскоўцаў, у Паўднёвай Асэціі “гукаўзмацняльнікі на колах” не выкарыстоўваліся. Выкарыстоўваліся яны ўсяго некалькі разоў падчас контртэрарыстычных апэрацый у Чачэніі для перамоваў з баевікамі. У Савецкай арміі актыўна выкарыстоўваўся папярэднік станцыі — ЗС-72 — падчас баявых дзеяньняў у Аўганістане.

Аналагічныя машыны ўдалося зазьняць журналістам украінскага выданьня thekievtimes.ua, якія сфатаграфавалі два чыгуначных эшалёны, цалкам загружаных армейскімі КАМАЗамі і баявымі машынамі дэсанту (БМД), якія рухаліся, як яны сьцьвердзілі, на станцыю Навазыбкаў Бранскай вобласьці.

Навазыбкаўскі раён знаходзіцца на стыку Украіны, Расеі і Беларусі. Частка бранетэхнікі і аўтамабіляў, па дадзеных выданьня, перакідваецца праз Навазыбкаў у Клімаў — пасёлак і бліжэйшую да Украіны чыгуначную станцыю.

Апошнія некалькі дзён незвычайная актыўнасьць з боку вайскоўцаў заўважана мясцовымі жыхарамі і ўкраінскімі СМІ ў Белгародзкай, Растоўскай і Бранскай вобласьцях, якія мяжуюць з Украінай. На шматлікіх фота- і відэасьведчаньнях чыгуначныя эшалёны падвозяць у рэгіёны баявую тэхніку. Другая крыніца РБК у Мінабароны распавяла, што ў Бранскую вобласьць з падмаскоўнага Нара-Фамінска перакінуты дзьве танкавыя брыгады Канцяміраўскай дывізіі.

Мінабароны Расеі ніяк не камэнтуе паведамленьні пра перакідваньне войскаў. Афіцыйна вучэньні ў Белгарадзкай і Курскай вобласьцях скончыліся на пачатку сакавіка. У сярэдзіне сакавіка расейскае ваеннае ведамства абвясьціла, што Узброеныя сілы Расеі “павялічваюць інтэнсіўнасьць палявых занятак на палігонах Растоўскай, Белагарадзкай, Тамбоўскай і Курскай вобласьцяў. У прэс-службе Мінабароны тады пераконвалі, што гэта адбываецца ў адпаведнасьці з планам баявой падрыхтоўкі.

29.03.2014

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://atn.ua/obshchestvo/rf-perebrosila-na-granicu-s-ukrainoy-gromkogovoriteli-na-kolesah