РАСЕЙСКАЯ ЭЛІТА ХВАЛЮЕЦЦА

СМІ ўсяго сьвету перадаюць пра рэкордны рост папулярнасьці Пуціна ў расейскім грамадзтве. Хаця аўтары паведамленьняў абапіраюцца на статыстычныя службы, якія працуюць у РФ у якасьці афіцыйных і незалежных, у верагоднасьць статыстыкі даводзіцца верыць. Статыстыка пацьвярджаецца шырокай інфармацыйнай плыньню, якая мае зусім нефармальны характар і дасягае Беларусі. Зрэшты ўсё гэта можна лёгка адчуць у Сеціве, дзе актывізаваліся рознага кшталту “патрыёты”, “імпэрцы” і іншыя, хто за вялікую і недзялімую Расею. Часам беларусы назіраюць, што эйфарыя на тэму “перамогі ў Крыме” ахапіла расейцаў, якія ніколі або вельмі даўно не цікавіліся палітыкай. А тут раптам ажывіліся, пачалі рассылаць паведамленьні, падпісвацца пад рознымі пэтыцыямі ў падтрымку пуцінізма і г.д. Пуцінскія структуры падкінулі гэтым грамадзянам хватка адпрацаваныя фармулёўкі, кшталту “В такой решающий момент нельзя критиковать нашего национального лидера! Все за Путина! Все за Россию!” з дадаткам партрэта “нацлідэра”. Назіраецца масавы псіхоз, які латэнтна існаваў у таямнічай рускай душы як старадаўняе заклінаньне: “Мы вернём себе Босфор и Дарданелы. Константинополь будет наш!” Ахопленыя эйфарыяй нават не заўважаюць, што Турцыя ўжо прыгразіла Маскве, што ня будзе прапускаць яе ваенныя караблі праз згаданыя пратокі. Ды й Канстанцінопаль (цяперашні Стамбул) ніколі расейскім ня быў. Беларусы вельмі ўражаны гэтай актыўнасьцю, сустракаючы ў сацсетках знаёмых, сяброў, аднакурсьнікаў, даўніх калег, сваякоў, апантаных Пуціным. Нашы людзі пераканаліся, што весьці нейкія рацыянальныя размовы з гэтымі асобамі абсалютна бессэнсоўна.

Але за ўсім гэтым крута замешаным вэрхалам схавана існуе адваротная рэакцыя расейскага грамадзтва. Статыстычна яе прадстаўнікі зусім не такія шматлікія, як апантаная маса, але ня ўлічваць іх было б неадэкватна. Зноў жа гэта даўнія знаёмыя, сябры і ў некаторых выпадках сваякі беларусаў. Вядома, што іх уразіў рэзкі паварот падзей. Яны спадзяваліся нягледзячы на ўвесь маразм гэбізма неяк даіснаваць да пэнсіі, займацца ўнукамі, нікуды ня лезьці (у агульным спадзяваньні, што й іх ніхто не зачэпіць). А аказалася, што монстр, які валадарыць у імпэрыі, распачынае маштабную вайну супраць сьвету, адкрыта пагражае народам. І раптам гэтыя адукаваныя людзі, здольныя на думаньне, убачылі, што ім і тым больш іхным нашчадкам няма ніякай пэрспэктывы існаваньня ў Расеі. Вядома, што ў буйных расейскіх гарадах такія людзі пачалі зьбірацца ў сяброўскія гурткі і абмяркоўваць, што рабіць далей. Ня трэба быць Настрадамусам, каб зразумець, якую панацэю знаходзяць гэтыя здольныя на думаньне асобы. Зразумела, яны абмяркоўваюць пытаньне эміграцыі, уцёкаў з гэбоўскай Расеі. І адным з галоўных аргумантаў ёсьць вядомая формула — “пакуль ня позна”. Пакуль не зачынены межы, пакуль расейскіх грамадзянаў выпускаюць і ўпускаюць, пакуль не пачаліся бунты і ваенныя дзеяньні ў іхных гарадах. Яны ўжо пралічылі, хутчэй адчулі, што імпэрыя ня мае шансаў, што лепш быць падалей ад яе.

Гэтая інфармацыя не зьдзіўляе беларусаў. У нас ёсьць і будзе свая краіна, нам ня трэба нікуды ўцякаць. Нам трэба абараніць сваю цывілізацыю. А вось імпэрская хімера на ўсходзе выходзіць на апошні этап свайго распаду і ў яе няма будучыні. Разумнейшыя грамадзяне РФ бачаць гэта.

Валеры Буйвал