ІРАНСКАЯ НАФТА = РАЗВАЛ РАСЕІ

Захад і Эўропа могуць зьняць забарону на продаж іранскай нафты, абваліць кошты на яе і, такім чынам разбурыць Расею. Пра гэта ў камэнтары Gordonua.com заявіў экспэрт па энэргетычных пытаньнях, былы ўпаўнаважаны Прэзыдэнта Украіны па міжнародных пытаньнях энэргетычнай бясьпекі Багдан Сакалоўскі.

“Сцэнар зьняцьця санкцый з Ірана на забарону продажу нафты вельмі рэальны. Тым больш, што Іран зусім нядаўна абвясьціў аб спыненьні сваіх ядзерных праграм. Безумоўна, гэта вельмі моцна ўдарыць па Расеі. А калі пусьціць Іран зь ягонай нафтай на сусьветны рынак, то ён абваліць кошты на нафту, у тым ліку і расейскія”, — упэўнены экспэрт.

Сакалоўскі мяркуе, што ЗША ўжо пачалі падрыхтоўку да такога сцэнару.

“Незаўважанай прайшла інфармацыя аб тым, што ЗША раскансэрвавалі свой стратэгічны нафтавы запас. Гэта была своеасаблівая спроба, таму што Іран здольны зрабіць вельмі вялікую прапанову на рынку нафты, здольны абваліць кошты”.

Нагадаем, 13 сакавіка стала вядома, што Дэпартамэнт энэргетыкі ўраду ЗША мае намер прадаць 5 млн барэляў нафты з стратэгічных дзяржаўных запасаў. Зьвесткі пра гэтае рашэньне “апусьцілі” кошт на сырую нафту на Нью Ёрскай біржы на 2%.

Экспэрт адзначае, што сьвет ужо праходзіў падобную практыку, калі развальваўся СССР.

“Брэжнеў пабудаваў вельмі шмат нафтаправодаў і думаў, што будзе жыць вечна. А ў выніку Захад абваліў кошты і СССР спыніў існаваньне. З 2009 года па такім шляху йдзе й Расея”, — перакананы Сакалоўскі.

17.03.2014

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/money/Sokolovskiy-Esli-Zapad-pustit-na-rynok-iranskuyu-neft-eto-razvalit-Rossiyu-14216.html