ПУЦІН, ГІТЛЕР І КІМ ЧЭН ЫН
Тэхналогія і прапагандысцкае забесьпячэньне пуцінскай анэксіі Крыму настолькі па-вучнёўскаму сьпісаныя з гітлерскіх судэцкіх пропісяў, што параўнаньне двух дзяржаўных дзеячаў, што было зусім нядаўна прызначэньнем “адмарозка і адшчапенца” Шандаровіча, сталася сёньня банальным майнстрымам сусьветнага палітычнага дыскурса.
Нядаўняя россып гэбельсаўскіх (у духу ein Volk, ein Reich, ein Fuerer) шчыраваньняў партайгэносэ Пяскова ўзмацняе ўражаньне духоўнай і гістарычнай блізкасьці лёсаў двух эўразійскіх правадыроў, што кінулі выклік аб'яднаным сілам атлантызма, глабалізма, масонства і сатанізма.
Гістарычныя паралелі часта займальныя і павучальныя, але, калі мы хочам імі пакарыстацца для аналізу падзей, што адбываюцца, то неабходна зафіксаваць і сутнасныя адрозьненьні паміж зьявамі і постацямі, якія параўноўваюцца.
У выпадку Гітлера і Пуціна некаторыя такія адрозьненьні відавочныя і ўжо адзначаныя шэрагам аўтараў.
Напрыклад, Гітлер ня быў мульцімільярдэрам. У яго не было ў Лёндане блізкага падзельніка і асабістага фінансавага кашалька Абрамовіча. І не таму, што Гітлер быў антысэмітам. У выпадку неабходнасьці такі Абрамовіч мог бы быць уключаны ў зацьверджаны асабіста фюрэрам сьпіс “дзяржаўна неабходных габрэяў”.
А вось Пуцін ня мог забыцца пра вернага Рому і на сваёй пачварнай (нашыя войскі будуць стаяць за сьпінамі ўкраінскіх жанчын і дзяцей) прэс-канфэрэнцыі 4 сакавіка. Паглядзіце яшчэ раз, зь якой жарсьцю і непадробленай заангажаванасьцю, нэрвова тузаючы ножкамі ад абурэньня, кляйміў ён “жыдабандэраўца” Каламойскага, які адарваў у Абрамовіча ажно цэлых 2 000 000 000 даляраў. Нават прагаварыўся, што асабіста абмяркоўваў з Абрамовічам абставіны той няўдалай для іх зьдзелкі.
Гітлер быў маньякам пачварнай ідэі — перавагі германскай расы і сусьветнага панаваньня вялікай Нямеччыны. Улада цікавіла яго як інструмэнт рэалізацыі гэтай хімеры. Анэксія Судэтаў была для яго адным з першых крокаў да тэрытарыяльнага пашырэньня тысячагадовага райха.
Крымская апэрацыя сапраўды выглядае зьлепкам з судэцкай. Але матывы Пуціна іншыя і, каб зразумець логіку яго далейшых дзеяньняў, трэба паспрабаваць разабрацца ў гэтых матывах.
Пуцін — не маньяк зьбіраньня рускіх земляў або пераадольваньня самай буйной катастрофы ХХ стагоддзя, як гэта некаторымі назіральнікамі з захапленьнем або, наадварот, з жахам успрымаецца.
Ён ня думаў аб скарэньні Крыма ні дзесяць гадоў таму, калі высьмеяў і жорстка асудзіў гэтую ідэю на сваёй прэс-канфэрэнцыі, ні чатыры месяцы таму, калі быў упэўнены, што, сарваўшы шантажом і подкупам падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі Украіны з Эўразьвязам, надоўга забясьпечыў захаваньне на Украіне той жа сістэмы бандыцкага капіталізма, якую ён са сваёй брыгадай з каапэратыву “Озеро” і занюханай дрэздэнскай рэзыдэнтуры пасьпяхова дабудаваў у Расеі.
У свой час выпадкова і амаль супраць свайго жаданьня аказаўшыся пры ўладзе дзякуючы шалёнай энэргіі, вынаходлівасьці і бязьмежнаму цынізму Беразоўскага, Абрамовіча, Валошына, Юмашава, Дзячэнка, якія разьвязалі для яго другую чачэнскую вайну, ён сёньня маньяк адной ідэі. Ідэі пажыцьцёвага захаваньня сябе ў гэтай уладзе.
Попел Муамара Кадафі стукаецца ў ягонае сэрца. Ён перакананы, што з уладай згубіць сваю вялізную маёмасьць, волю, а можа і жыцьцё. Посьпех Лютаўскай антыкрымінальнай рэвалюцыі на Украіне (а менавіта ў гэтым была сутнасьць Майдана, як ён сам вымушаны быў прызнаць на той прэс-канфэрэнцыі) сьмяротна небясьпечны для яго. Прыклад можа стацца надта прывабным для падданых ягонай Дзюдохэрыі.
Вось так прастадушна і нескладана распавядае пра гэта ва ўстаноўчым артыкуле на заходнюю аўдыторыю “Why There Will Be War in Ukraine” знатны крамлёўскі прапагандыст Маркаў:
“Апазыцыйны рух у Расеі, безумоўна, захоча выкарыстаць пасьпяховы досьвед і тэхналогіі пратэстаў Эўрамайдана, каб з дапамогай і пры фінансавай падтрымцы Захада паспрабаваць зьдзейсьніць сваю ўласную рэвалюцыю ў Маскве. Ягоная мэта — скінуць прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна. Пуцін прыняў слушнае рашэньне — ён ня стаў чакаць нападу і прадпрыняў прэвэнтыўныя захады. Многія на Захадзе кажуць, што рэакцыя Крамля была паранаідальнай, але ў Нямеччыне габрэі думалі тое ж самае пра выезд з краіны ў 1934 годзе. Бальшыня зь іх думалі, што яны ў бясьпецы, і засталіся ў Нямеччыне нават пасьля прыходу Гітлера да ўлады. Сумна вядомая Крышталёвая ноч, адзін зь першых раньніх этапаў “канчатковага рашэньня”, адбылася праз пяць гадоў. Падобным чынам усяго чатыры гады застаецца да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ў 2018 годзе, і ёсьць вялікая рызыка, што падрыўныя сілы ўнутры і па-за межамі Расеі паспрабуюць скінуць Пуціна, выкарыстоўваючы, у прыватнасьці, свой ?? новы плацдарм на Украіне. Ці будзе вайна на Украіне? Баюся, што так”.
Такім чынам, вайна на Украіне, паводле Маркава-Пуціна, непазьбежная і неабходная, каб запабегнуць канчатковаму вырашэньню пуцінскага пытаньня (паразу яго на выбарах 2018 года).
Украінская рэвалюцыя павінна быць дыскрэдытавана і раздушана, а расейскім падданым запрапанавана бразготка, каб адцягнуць увагу. Мэта Пуціна ня Крым, а Кіеў. Крым гэта нэаімпэрскі наркотык, які ап'яняе сьвядомасьць мас і пакліканы падтрымаць рэйтынг правадыра.
Пуцін не Гітлер. Ён пакуль яшчэ Путлер, што косіць пад яго, які “падбірае ўкраінскія землі” і разбэшчвае сьвядомасьць свайго народу з-за страха згубіць уладу. Але маска мае ўласьцівасьць прырастаць да твару. Вось Пяскоў, напрыклад, цалкам ужо сабе Гэбельс, які адбыўся. Ды й Лаўроў з кожным днём на вачах рыбэнтропее. Ня кажучы ўжо пра гестапаўскія кадры, якія проста рвуцца з павадка.
Ёсьць яшчэ адно важнае адрозьненьне. Пуцін валодае ядзернай кнопкай. Ён, трэба спадзявацца, яе не націсьне, ды й ня здолее гэта зрабіць без міністра абароны і начальніка Генэральнага штаба. Тры чалавекі наўрад ці адначасова зьедуць з глузду. Але пагуляцца ў ядзерны покэр, як Кім Чэн Ын, які нават з адным сваім цэбрам ядзерных памыяў прымушае таньчыць вакол сябе ўвесь “цывілізаваны сьвет”, наш Кім Чэн Ын абавязкава захоча.
Так ці інакш пуцінізм уваходзіць у завяршальную, саму ганебную і самую небясьпечную для Расеі і сьвету стадыю сваёй эвалюцыі, так і не вырашыўшы, а толькі крайне агаліўшы сваю фундамэнтальную супярэчнасьць:
Паталагічная нянавісьць да Захаду як татальная ідэалогія, што ўнушаецца грамадзтву, і ў той жа час абсалютная залежнасьць ад Захаду правадыроў і бэнэфіцыянтаў рэжыму, якія захоўваюць там свае крымінальныя абшчакі і ахоплены плябейскай зайздрасьцю апантанага спажываньня матэрыяльнага плёну ненавіснай ім заходняй цывілізацыі.
Андрэй Піанткоўскі
14.03.2014
Пераклад з расейскай.