ПРА ШТО ПІСАЛІ ГАЗЭТЫ

Татары

15 сакавіка 2014 г. чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” напісала пра крымскіх татараў. У 1944 г. на загад Сталіна ўвесь народ выселілі з роднай зямлі. Вяртацца яны пачалі ў Крым толькі ў 1988 годзе, падчас перабудовы. Гэмяджы Мэхмэт Бэкіравіч распавёў чэшскай журналістцы пра свой лёс. Як везьлі ва Узбэкістан ў быдлячых вагонах, як забівалі і зьдзекваліся. Як яго сям'я вярнулася ў Крым у 1988 г., а ў іхных дамах жылі чужыя людзі — расейцы. Яны нават не пусьцілі татараў у дом, зачынілі дзьверы. Бэкіравіч і ўвесь крымскататарскі народ адмовіўся ўдзельнічаць у фальшывым рэфэрэндуме, абвешчаным Масквой.

Наш камэнтар: Гэты народ пераможа ворага і пагоніць яго з роднай зямлі. Балазе, расейскі бераг зусім недалёка.

Юрка Марозаў


Тэлегэбельсаўшчына

15 сакавіка 2014 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала з Кіева. Рэпарцёр Цырыл Шцігэр паведаміў чытачам: “Карціна Украіны ў расейскай прапагандзе цалкам скажоная. Зьмена ўлады ў Кіеве — гэты быў ня путч фашыстаў. Абвал выклікала народнае паўстаньне”.

Наш камэнтар: Нават заходнія журналісты пачалі здагадвацца, што на самой справе адбываецца на Украіне. На вялікі жаль, надта многа людзей у Беларусі вераць маскоўскай тэлегэбельсаўшчыне.

Алесь Хадасевіч


Будуць судзіць

15 сакавіка 2014 г. славацкая газэта “SME” напісала, што летувіская паліцыя арыштавала на мяжы з Калінінградзкай вобласьцю былога савецкага афіцэра Юрыя Мела. Яго падазраюць ва ўдзеле ў масавым забойстве дэманстрантаў падчас штурма тэлевежы ў Вільні ў студзені 1991 г. Цяпер яго будуць судзіць.

Наш камэнтар: У вызваленай ад акупантаў Беларусі таксама будуць лавіць і судзіць злачынцаў эпохі лукашызма. Нават праз дзесяцігоддзі. Злачынцы не адкруцяцца.

Юрка Марозаў


Аншлюс

16 сакавіка 2014 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” апублікавала артыкул пад выразным тытулам — “Рэфэрэндум у Крыме: імправізаваны Аншлюс”.

Наш камэнтар: Аўстрыйцы ведаюць, што пішуць і як гэта называецца. Яны ўжо перажылі былі ў 1938 годзе гітлерскі Аншлюс сваёй краіны. Гэта мела для Аўстрыі катастрафічныя наступствы.

Алесь Хадасевіч


Хворае, цяжка хворае грамадзтва...

17 сакавіка 2014 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейцы: Мы — звышдзяржава”. Прыводзяцца вынікі сацапытаньня Цэнтру Лявады. Паводле іх, большасьць расейцаў лічыць, што іхная краіна ёсьць звышдзяржавай і важным гульцом на міжнароднай арэне.

Наш камэнтар: Мы ведаем, што такое гэты “Лявада” і як там умеюць “кляпаць” статыстыку. Але гэтым разам яны не схлусілі. Дастаткова зазірнуць у сацсеткі, каб пераканацца, што расейскія масы ў розных рэгіёнах ахапіла імпэрская эйфарыя пасьля захопу Крыму. У некаторых выпадках беларусы асабіста ведаюць гэтых расейцаў — простых грамадзян, якія жывуць вельмі цяжка. І вось гэтых няшчасных ажно разрывае “от гордості за нашего Путіна”. Хворае, цяжка хворае грамадзтва...

Юрка Марозаў