РУКІ ПРЭЧ АД ВОЛЬНАЙ УКРАІНЫ!

(Заява)

Шматгадовая мілітарная падрыхтоўка Расеі да вайны завяршылася ўварваньнем пуцінскага войска ў вольную Украіну. Не было ніякіх нават фармальных прычынаў для вайны. І тым ня менш пуцінскі рэжым напаў на Украіну, якая толькі што скінула ярмо антынароднай скарумпаванай бандыцкай улады.

З боку Расеі парушаныя ўсе нормы міжнароднага права, дамоўленасьці і пагадненьні, увесь выбудаваны парадак, па якім жыве цывілізаваны сьвет у 21-м стагоддзі. Дзеяньні Пуцінскага рэжыму супраць Украіны — гэта стыль сярэднявечча.

Руская шавіністычная дзяржава, якая фальшыва вяшчала аб славянскім адзінстве, напала на суседні славянскі народ з мэтай зьнішчыць ягоную краіну, расчляніць на кавалкі і ўключыць у сваю імпэрыю. Цяпер барацьба йдзе за адарваньне ад Украіны Крыма і суседніх, багатых на рэсурсы вобласьцяў.

Усе краіны, уся міжнародная супольнасьць асудзілі агрэсіўныя дзеяньні пуцінскай ваеншчыны. Асабліва падкрэсьлена небывалая актыўнасьць і лжывасьць пуцінскай прапаганды па апрацоўцы расейскага насельніцтва на карысьць авантурнай вайны супраць Украіны.

Мы адзначаем, што пуцінскі гэбісцкі рэжым у Расеі сфармаваўся як клясычны шавіністычны рэжым фашысцкай агрэсіі, як пагроза ўсім краінам Усходняй Эўропы. Гэты рэжым вуснамі сваіх палітыкаў і герархаў сваёй залежнай ад спэцслужбаў рускай праваслаўнай царквы прад'яўляе тэрытарыяльныя прэтэнзіі на краіны Усходняй Эўропы, пагражае ўжываньнем ядзернай зброі.

Мы зьвяртаемся да беларускага грамадзтва з заклікам быць гатовымі да абароны волі і незалежнасьці Беларусі і падтрымліваць вольную незалежную Украіну. Масква, рукі прэч ад вольнай Украіны!

Мы зьвяртаемся да ўсіх нярускіх народаў імпэрыялістычнай шматковай Расеі з заклікам падтрымаць вольную і незалежную Украіну і акілзаць агрэсію пуцінскага рэжыму.

Мы зьвяртаемся да міжнароднай супольнасьці з прапановай самымі сур'ёзнымі і рашучымі дзеяньнямі адказаць на ваенную агрэсію Крамля супраць вольнага народу Украіны.

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

9 сакавіка 2014 г.

г. Менск.