НАШАЯ ПАДТРЫМКА ЎКРАІНСКАМУ НАРОДУ БЕЗУМОЎНАЯ.
(Сакавіцкі Сойм 2014 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
9 сакавіка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Пратыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — Пагроза народам ад “імпэрыі зла”.
З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту, і сп. Сяргей Папкоў, намеснік старшыні Партыі і Фронту.
Выступоўцы падкрэсьлілі, што ваенная інвазія Расеі супраць Украіны распачалася не выпадкова. Нават у адкрытых публікацыях апошняга часу шэраг маскоўскіх аналітыкаў даказвалі: кіраўніцтва РФ ведае пра набліжэньне поўнага правалу ў эканоміцы краіны і мяркуе ратаваць сябе шляхам вайны. Гэта заўсёды быў правераны спосаб абгрунтаваньня мабілізацыі расейскага грамадзтва і здушэньня любых пратэстных выступаў. Масква лічыць, што вайна — гэта паратунак для імпэрыі. Перамога народнай рэвалюцыі на Украіне толькі прысьпешыла разгортваньне гэтых працэсаў. Заходнія дзеячы дарэмна называюць Пуціна і яго рэжым “шалёнымі”, “неадэкватнымі” і г.д. Такімі маскоўская імпэрыя, яе лідэры і яе палітыка былі заўсёды, толькі заходнікі з розных прычын ня бачылі гэтага або не хацелі бачыць. Нягледзячы на тое, што беларускія патрыёты і прадстаўнікі іншых краін тлумачылі ім гэта ўвесь час.
Нашая падтрымка змагарнаму, міралюбіваму ўкраінскаму народу ў цяжкі час безумоўная. У сувязі з гэтым мы павінны ведаць, што адбываецца на нашай тэрыторыі, якой кіруюць акупанцкія структуры Масквы і дзе знаходзяцца расейскія вайсковыя сілы. Беларусы павінны не дапусьціць, каб маскоўскі вораг уцягнуў нашу краіну і нашу армію ў вайну супраць Украіны. Трэба па ўсяе Беларусі тлумачыць людзям небясьпеку расейскай ваеншчыны і васальны характар мясцовай вярхушкі, гатовай выканаць любы маскоўскі загад. У рашаючы момант беларусы павінны проста не пусьціць сваіх сыноў на вайну.
Выступілі таксама сябры Сойму з іншых рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра актывізацыю рэжымных сетак дэзынфармацыі. Тысячы сексотаў, стукачоў і іншых “оказывающих содействие” спрабуюць пераканаць беларусаў, што “Россія права”, “на Украіне фашызм” і падобнае. На жаль, у многіх выпадках людзі дазваляюць дэзарыентаваць і падмануць сябе. У сувязі з гэтым кожны беларускі патрыёт павінен усімі сродкамі даводзіць праўдзівую, аб'ектыўную інфармацыю пра падзеі на Украіне да нашага грамадзтва.
Сойм прыняў Заяву “Рукі прэч ад вольнай Украіны!”, а таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
9 сакавіка 2014 г.