РАЗВАЛ ЭКАНОМІКІ РАСЕІ — ГЭТА СТАБІЛІЗАЦЫЯ ВА ЎСІМ СЬВЕЦЕ
Адразу пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча Расея магла разглядаць варыянт нават ня столькі поўнамаштабнай інвазіі, колькі вяртаньня любымі шляхамі той улады, якую яна зусім заканамерна лічыла сваёй, мяркуе журналіст Віталь Портнікаў. Пра гэта ён распавёў у камэнтары Gordonua.com.
Для Пуціна важны быў бліцкрыг. Менавіта таму экспансія ў Крыме прадугледжвала яшчэ й праверку рэакцыі міжнароднай супольнасьці. Калі б яна ў першыя гадзіны крымскага крызісу была больш жорсткай і рашучай, то і сам крымскі крызіс разьвіваўся б па некалькі іншай спіралі”, — зазначыў журналіст.
На думку Портнікава, Расея перайшла да тактыкі зацягваньня канфлікта пасьля таго, як стала відавочным, што далейшае разгортваньне крызісу выклікае крайне жорсткую рэакцыю ЗША і Эўразьвязу.
“Дзеяньні расейскага кіраўніцтва ў Крыме адначасова суправаджаюцца спробамі дэстабілізаваць сытуацыю ва ўсходніх і паўднёвых вобласьцях. Але гэта зрабіць ня так проста, як у Крыме, бо там у Расеі былі войскі і была магчымасьць бесперашкоднага нарошчваньня сваёй вайсковай групоўкі”, — заявіў Портнікаў.
Пуцін, як мяркуе журналіст, не разумее ўкраінскай мэнтальнасьці, дапусьціў глабальны пралік ў адносінах да Украіны.
“На ўсходзе і паўднёвым усходзе Расея можа дзейнічаць сіламі няўзброеных “турыстаў”. У расейскага кіраўніцтва і прадстаўнікоў пятай калёны на Украіне быў разьлік, што нават зьяўленьне гэтых нешматлікіх групаў пратэстоўцаў выклікае маштабнае паўстаньне. Але тут быў дапушчаны глабальны пралік, што гаворыць аб тым, што ў Маскве не разумеюць украінскай палітычнай мэнтальнасьці. Пры ўсіх рознагалосьсях, якія існуюць паміж захадам і ўсходам, і гэта карэнная розьніца ў разуменьні Украіны расейскім кіраўніцтвам, на ўсходзе ніякіх сумневаў у тым, што яны жывуць на Украіне не ўзьнікае”, — упэўнены Портнікаў.
У сувязі з тым, што Пуцін лічыць усю Украіну, па-за выключэньнем заходніх вобласьцяў, Расеяй, ні аб якім іншым мэтадзе, акрамя ваеннай акупацыі, ня можа йсьці гаворкі, мяркуе журналіст.
“Навязаць украінцам, што яны неўкраінцы, можна толькі пад дуламі танкаў. Менавіта таму зараз няма буйнамаштабнага паўстаньня. А адбываецца запалохваньне Украіны”, — зазначыў Портнікаў.
Журналіст мяркуе, што для перахода расейскіх войскаў праз мяжу ва ўсходніх вобласьцях патрэбная фармальная нагода, а яе пакуль няма.
“У Крыме знаходзіцца флёт Расеі, грамадзяне Расеі, там ёсьць Вярхоўны Савет Крыма, які няхай сабе й пад дуламі аўтаматаў, але прыняў дакумэнты, якія разьвязалі рукі агрэсару. Узброеныя ветлівыя людзі ня могуць увайсьці ва ўсходнія вобласьці проста так. Неабходная нагода апраўданьня перад сусьветнай супольнасьцю. Для гэтага патрэбна мець хаця б адну пастанову аблсавета, паўстаньне, сутычкі, дэстабілізацыю. На сёньняшні дзень такой нагоды няма”, — сьцьвярджае Портнікаў.
“Я прыпускаю, што спэцслужбы Расеі зараз працуюць над арганізацыяй такой нагоды. Удасца ім гэта храбіць або не, залежыць ад кіраўніцтва рэгіёнаў і СБУ. А калі Расея ўвойдзе на Украіну з чыстага аркуша, то гэта будзе дзікая і не матываваная нічым агрэсія. Расея тады можа быць уцягнутай у такое кола супрацьстаяньня, зь якога ня толькі яна ня выйдзе, але й іншыя ўдзельнікі падзеяў”, — падкрэсьліў экспэрт.
Портнікаў сьцьвярджае, што Расея будзе дэстабілізаваць сытуацыю на Украіне да тае пары, пакуль дзеяньні яе спэцслужбаў перастануць прыносіць які-кольвечы посьпех, а расейская эканоміка пачне валіцца.
“Тады на парадку дня паўстане пытаньне сацыяльных закалотаў, замарожваньне ільгот, заробкаў і пэнсій. Але патрэбныя жорсткія заходнія санкцыі, накіраваныя на развал расейскай эканомікі. Трэба разумець, што гэта выгадна ўсім, таму што развал эканомікі Расеі — гэта стабілізацыя ва ўсім сьвеце. Ад гэтага ўвесь цывілізаваны сьвет выйграе. Але калі гэтага ня будзе, то Расея будзе дэстабілізаваць сытуацыю паўсюль, дзе яна толькі зможа”, — заявіў Портнікаў.
Пераклад з расейскай.
Віталь Портнікаў — украінскі публіцыст.