МАСКВА, УСТАВАЙ!

Месяц таму, 23 студзеня, на рэсурсе “Інтэрпаліт-Адраджэньне” (і на іншых старонках) мне прыходзілася пісаць ў звароце “Слава Ўкраіне!”, што ва ўкраінскай рэвалюцыі ёсьць толькі два варыянты разьвіцьця падзеяў: мірны пратэст на Майдане і (вынікаючы адсюль) разгром рэвалюцыі, альбо другі варыянт — наступ і барацьба, і вынікаючая адсюль агрэсія Расеі супраць Украіны.

Падзеі пайшлі па другім варыянце. Па варыянце акупацыі.

У час вострых грамадзка-сацыяльных канфліктаў, людзі, як правіла, на жаль, не заўсёды кіруюцца рацыё і не схільныя нешта пралічваць наперад. Асобы, якія разумеюць, павінны б у гэты час кіраваць працэсамі. Але кіруюць тыя, якія ёсьць, альбо тыя, якіх запатрабаваў час. На жаль, новае кіраўніцтва Украіны, як мне здаецца, крыху недаацэньвае пуцінскую пагрозу ліквідаваць дзяржаўнасьць Украіны (Пуцін раней пра тое казаў прэзыдэнту ЗША). Ім гэта, відаць, здаецца несур'ёзным. Хаця гэта якраз сур'ёзнае, а спадзяваньні на Эўропу (Эўразьвяз) — во гэта ўжо ёсьць несур'ёзна.

Пачалася расейская агрэсія на Украіну, пачалася клясычная расейская акупацыя, як у Прыбалтыцы ў 1939-40-х, як у Чэхаславаччыне, як у Аўганістане. Стандартная акупацыйная расейская тактыка. Але складваецца ўражаньне, што ва ўкраінскім кіраўніцтве яшчэ ня ўсе ўсьведамляюць, што пачалася вайна за Ўкраіну і трэба сур'ёзна і хутка рыхтавацца да барацьбы самым, а не спадзявацца на прадажную Эўропу і на міжнародную супольнасьць.

Стрыманасьць новага кіраўніцтва Украіны перад чужынскай агрэсіяй мае, праўда, сваю логіку і абгрунтаваньне. Абставіны наўкола склаліся некарысныя для Украіны. Эўразьвяз слабы і нікчэмны. У вайсковым пляне — гэта мізэр, які ніколі ня стане “паміраць за Гданьск” (гэта значыць за Крым). У Амэрыцы, на жаль, Абама. А ўкраінская армія ня тое, што слабая, яна нябоездольная, і грошай у дзяржаўнай скарбніцы няма. Але ёсьць самае галоўнае — моцны ўкраінскі народ, які здольны з голымі рукамі пайсьці на расейскія кулямёты. Таму ўрэшце рэшт перамога мусіць быць за Украінай.

Гледзячы на тое, што вытварае цяпер у дачыненьні да Ўкраіны ашалелая пуцінская хунта, якая наплявала на ўсе міжнародныя правілы, прынцыпы і пагадненьні, мне ўспамінаецца Рональд Рэйген зь ягоным дакладным вызначэньнем імпэрыялістычнай Расеі як “скопішча зла” і небясьпекі для ўсяго сьвету. Вось і цяпер, халодным бандыцкім розумам ацаніўшы часовую дзяржаўную і вайсковую слабасьць Украіны і нікчэмнасьць Эўропы, гэбоўская Расея ў сваім выпрацаваным акупацыйным стылі напала на Ўкраіну. Вось вам і ХХІ стагоддзе, і ўся дэмагогія. Вось вам і “брацкі” народ. Гуманістычна яны існуюць яшчэ ў сярэднявеччы.

У сваім звароце я пісаў, што пры варыянце вайны нам, беларусам, неабходна дапамагаць украінцам і падтрымліваць украінскі народ усімі спосабамі. Ваенныя дзеяньні могуць быць перанесены (і ўжо цалкам апраўдана) на тэрыторыю агрэсара, канкрэтна ў Маскву, дзе мільёны людзей патэнцыйна гатовыя выступіць супраць пуцінскай гэбісцкай хунты і ськінуць яе крывавы крамлёўскі трон.

Масква, уставай! Пакуль хунта злачынцаў не абпырскала крывёй народы. Падтрымаем крымскіх татар і іхняе права жыць на сваёй ўласнай спрадвечнай зямлі! Падтрымаем вольную Украіну! Прывітаем Расею бяз Пуціна!

Што датычыць сатрапа Крамля ў Беларусі, які пагражае ўвесь час беларусам, то сапраўды — Майдана тут ня будзе. Будзе Гаага. І там высьветліцца, хто ўзарваў Менскае мэтро і забіў людзей, хто ліквідаваў палітычных апанэнтаў, і нават хто распраўляўся з крымінальнікамі пазасудовымі мэтадамі. Нішто не забыта!

Жыве Беларусь!

Слава Украіне!

28.02.2014

Зянон ПАЗЬНЯК