А ШТО ПОТЫМ?

10 лютага польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейцы ўжо думаюць, што будзе пасьля гульняў. “Вернецца ўзровень сярэдняй паршывасьці і прэтарыяне Пуціна”. Вось гэты артыкул:

Расейцы, а зь імі і сьвет задумваюцца над тым, што будзе ў будучыні з тым усім, што ў Сочах за 50, а напэўна і значна за больш мільярдаў даляраў пабудавана для гульняў.

У Маскве апасаюцца, што выйдзе так, як у анэкдоце пра салют. Распавядаюць яго ў далёка не цэнзурных словах, але я паспрабую перакласьці яго на больш культурныя словы.

Дык вось, калгасьніка, які вярнуўся з Масквы, пытаюцца, што ён там пабачыў. А ён адказвае, што салют. — А што ж гэта такое? — пытаюцца ў шчасьліўчыка. Ён падымае ў захапленьні вочы ў неба, рысуе жэстам рук шырокі круг і гукае, скажам: — Мамачка! — А што потым? — узбуджаюцца правінцыялы. — Ну й ні х... скажам — ні халеры.

Ёсьць у Расеі апасеньні, што пасьля паказальнага залпа гульняў сапраўды не застанецца “ні халеры”. Цудоўныя арэны з каткамі ў Адлеры акажуцца нікому не патрэбнымі, лыжныя курорты вакол Краснай Паляны не дачакаюцца лыжнікаў.

Бо зімовы сэзон ў гарах, што знаходзяцца на поўдні, кароткі, кошты высокія. Сэрвіс, сёньня падчас гульняў някепскі, бо перад гасьцямі танчаць добра вышкаленыя, імпартаваныя з іншых рэгіёнаў пэрсанал і валанцёры, пасьля ўсяго вернецца на ўзровень, як тут вызначаюць, “сярэдняй паршывасьці”.

На замежных гасьцей пакуль цяжка разьлічваць

Ну, мясцовых афіцыянтаў або рэцэпцыяністаў можна неяк падвучыць.

Але зрабіць цывілізаваныя кошты ня ўдасца. Трэба было б зрабіць з Сочаў безкарупцыйную зону, бо менавіта непазьбежнасьць хабару прыводзіць да таго, што ў Расеі амаль усё значна даражэй, чым хаця б у Польшчы. А карупцыю нельга стрымаць, бо — як кажуць вучоныя нібыта паўжартам, але вельмі сур'ёзна — яна зьяўляецца фундамэнтам ладу пуцінскай дзяржавы. А хто падыме руку на лад, як заяўляў незабыўны Юзэф Цыранкевіч, таму гэтую канечнасьць адсякуць.

Такім чынам, Сочы зь яго каткамі, гатэлямі, ліфтамі і трасамі прайграе любімай расейцамі “лазурцы” (так тут называюць Лазурнае Ўзьбярэжжа), любімай “вышыні 1850” (вяршыня 1850, г. зн. Куршавэль) і іншымі Давосамі, і нават Закапаным. Бо там камфортна, прыемней і таньней.

На замежных гасьцей таксама пакуль цяжка разьлічваць. Калі пасьля гульняў адсюль з'едуць дывізіі, легіёны тайных агентаў і спэцагенты, якія ахоўваюць алімпіяду, за пераваламі па-над Краснай Палянай застанецца неспакойны Каўказ зь яго бунтаўшчыкамі. І няшмат самых апантаных аматараў спорту з Эўропы захочуць паўдзельнічаць у стралковых спаборніцтвах у якасьці рухомай мішэні.

Дык што? Алімпійскія мястэчкі ператворацца пасьля гульняў у мястэчкі-прывіды?

Хутчэй не, бо іх заселяць “невыяздныя”.

Сочы падтрымаюць прэтарыяне Пуціна

У Расеі ёсьць шматлікая катэгорыя грамадзян, цяжка пакрыўджаных дзяржавай, пра якіх ня згадвае ніякая Эмнісьці Інтэрнэйшнл або іншы Грынпіс. Не для іх “лазурка”, не для іх Давос або Монтэ-Карла з прыгожымі суайчыньніцамі, што танцуюць на сталах казіно.

Бо яны якраз “невыяздныя”. Яны ня маюць права на замежныя пашпарты, бо ім дадзенае права доступу да таямніц сваёй дзяржавы і яго цёмных дзялішак. Дзяржава баіцца, што яны могуць вывезьці гэтыя сакрэты, і вязьніць іх у межах Расейскай Фэдэрацыі. Клетка вялікая, бо больш за 17 млн кілёмэтраў квадратных, але так хацелася б забурыцца на расейскія Каляды ў Куршавэль, палётаць на лыжах у Альпах, улетку паляжаць на цёплым пляжы, як гэта робяць нармальныя людзі.

А сапраўдных лыжных курортаў такіх, як у Альпах, Расея да гэтага часу ня мела. Цяпер мае. І нават “невыяздныя” дзякуючы алімпіядзе маюць, куды паехаць. А ўлетку — пацешыцца сонцам ня горшым за тое, што сьвеціць над вясёлай Францыяй.

Іх у Расеі цэлая цемра. Толькі афіцэраў арміі — больш за 300 тысячаў, паліцыянтаў — мільён, функцыянэраў службаў — невядома колькі, але каля 500 тысячаў набярэцца. А яшчэ работнікі ваеннай прамысловасьці, спэцыялісты па космасу... Словам, з сем'ямі — добрых пару мільёнаў.

Усё гэта гатовыя кліенты пасьляалімпійскіх Сочаў. Прытым заможныя, бо Расея тым, каго не выпускае за свае межы, плаціць шчодра.

Сочы пасьля гульняў не прападуць. Яго падтрымаюць прэтарыяне Пуціна. І напэўна з думкай пра іх дзяржава ўпампавала сюды неверагодна вялікія грошы.

Вацлаў Радзівіновіч

Пераклаў з польскай В. Буйвал.

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,15429422,Rosjanie_juz_mysla__co_bedzie_po_igrzyskach___Wroci.html