БЛАКАДА: І “АБЖЫРАЛІСЯ ПІРОЖНЫМІ”

31 студзеня міністар у эфіры радыёстанцыі “Эхо Москвы” расейскі Міністар культуры Уладзімір Мядзінскі назваў “маной” апублікаваныя Даніілам Граніным дадзеныя аб тым, што ў блакадным Ленінградзе для партыйнага кіраўніцтва, у прыватнасьці для Андрэя Жданава, пяклі пірожныя — ромавыя бабы.

Пасьля выйсьця праграмы дэпутат пецярбургскага заксходу Барыс Вішнеўскі зьвярнуўся да Мядзінскага з афіцыйным лістом. Ён запатрабаваў ад кіраўніка Мінкульта альбо прывесьці для доказу сваіх словаў аўтарытэтныя гістарычныя дасьледваньні, альбо публічна папрасіць прабачэньня перад Граніным у эфіры “Эха Москвы”. На думку дэпутата, выказваньне Мядзінскага зьяўляецца абразьлівым для франтавіка і знакамітага пісьменьніка.

“Такія заявы міністра адбываюцца з прычыны невуцтва. Нам заўсёды ня шэнціла зь міністрамі культуры. Культурай наогул нельга кіраваць. Культуру трэба разумець, трэба несьці ў сябе”, — пракамэнтаваў у сераду “Новой газете” сам Гранін словы Мядзінскага.

Гранін у сваёй новай кнізе “Чалавек не адсюль” апублікаваў фотаграфію кандзіцерскага цэху 1941 года, у якім кухары пякуць ромавыя бабы. Пісьменьнік знайшоў у архівах газэт 1942 года фотаграфіі гэтага ж цэху. “Доказ: фотаграфія гэтага ж цэху, тых жа пекараў, апублікаваная ў газэце 1942 года, толькі там быў надпіс, што на процьвінях хлеб. Таму фотаграфіі патрапілі ў друк. А гэтыя ромавыя не патрапілі і не маглі патрапіць, таму што фатографы здымаць такую вытворчасьць ня мелі права, гэта ўсяроўна, што выдаваць ваенную таямніцу”, — пісаў Гранін.

12.02.2014

Пераклад з расейскай

Крыніца: http://grani.ru/Culture/Literature/m.224449.html

Здавалася б, і што міністар культуры РФ так раз'юшыўся на прадмет пірожных 70-гадовай даўніны? Якая, здавалася б, драбніца! Але людзі, здольныя на думаньне, добра разумеюць прычыну эмацыйнай рэакцыі вышэйшага прадстаўніка крамлёўскага міністэрскага істэблішмэнту. Афіцыёзная мана (гэбельсаўская, дзікая, бессаромная) на тэму “велікой отечественной войны” трымаецца ўжо з апошняга. Адкрыцьці праўды зьмянілі вобраз той вайны за апошнія 25 гадоў, з моманту, калі ў СССР захістаўся таталітарызм. У пэўным сэнсе паасобны ўчастак абароны афіцыёзнай мадэлі трымаўся на блакадных ромавых бабах, наяўнасьць якіх у вазах на стале ленінградзкага парткіраўніцтва так доўга адмаўлялі афіцыйныя прадстаўнікі. І вось цяпер развалены і гэты ўчастак абароны. Даказана, што сталінскія бонзы “абжыраліся пірожнымі”, калі сотні тысячаў ленінградцаў, дзеці Блакады паміралі ад галоднай сьмерці і станавіліся ахвярамі канібалізма.

Здадзена яшчэ адна пазыцыя няпраўды. Але крамлёўская сістэма сутаргава трымаецца за парэшткі маны, круціцца, упадае ў гістэрыку, выдае кучы фальшывай макулатуры пра “ВОВ”. Прычына адна — крыць больш няма чым. Ужо даказана, што Ленін і Сталін (разам з калегамі па партыі) былі монстрамі, кастрычніцкая рэвалюцыя была нелегальным путчам, калектывізацыя-індустрыялізацыя — каласальным злачынствам, СССР — турмой народаў, Хрушчоў з Брэжнявым — арганізатарамі адставаньня савецкай імпэрыі ад цывілізаванага сьвету і г.д. Застаецца толькі ВОВ (“Велікая Победа”), дзе ўсё размалявана пад сусальнае золата. Усё астатняе — правал і злачынства. Вось яны й трымаюцца, бароняць сваю ману. Пускаюць наперад міністраў затыкаць пальцамі пралом у тандэтным бастыёне. Але пасыпецца і гэтая хімера, яны застануцца без аргумантаў для свайго існаваньня, сам на сам з тымі жахамі, якія тварылі і працягваюць тварыць.

Шкада, аднак, што абапіраючыся на “Блакадную кнігу”, расейцы “забыліся” пра суаўтара — нашага знакамітага Алеся Адамовіча.

Валеры Буйвал