“БЛІЦ-АНАЛІЗ” ДЗІМІТРЫЕВА ІСКАРЫЁТА

Радыё Свабода 11 лютага ў чарговы раз наладзіла нам сустрэчу зь вядомым гандляром жывым таварам А. Дзімітрыевым. Нагадаем, што гэтая асоба даўно ўжо раскрылася як тыповая “падсадная качка” ці як там яшчэ гэта ў іхнай канторы называецца. Першым з усіх “выдаюшчіхся оппозіціонеров” гэты Дзімітрыеў увечары 19 сьнежня 2010 г. публічна — па БТ — прадаў сваіх калег (у тым ліку цяжка параненага Ул. Някляева). І нічога, пачуваецца добра ў сваёй “Говправду”, нават белрэдакцыя РС у чарговы раз робіць яму рэкламу пад рубрыкай “Бліц-аналіз”.

“Аналіз” ад гэтага местачковага Ю. Іскарыёта называецца эсхаталагічна-манумэнтальна — “Грамадзтва паступова апускаецца ў дэпрэсію”. Патлумачым, у чым тут “эсхаталогія”. Дзімітрыеў і шэраг іншых “говпраўдзістаў” пасунуліся зьбіраць подпісы і заклікаць беларусаў на “мясцовыя выбары”. У лепшым выпадку людзі ад іх адмахваліся, як ад навязьлівых мух. У некаторых выпадках даволі імпэтна гналі ад сябе і выказвалі ўсё, што пра іх думаюць. З гэтага Дзімітрыеў зрабіў наступныя высновы. Цытуем:

Я думаю, відавочным зьяўляецца татальная дыскрэдытацыя мясцовых саветаў як органаў улады. Людзі не ўспрымаюць іх уладай, і таму нэгатыўна і без усялякага інтарэсу адчыняюць дзьверы, калі ім кажаш пра мясцовыя выбары. Таму мы ладзім кампанію “Народны рэфэрэндум”, якая проста выкарыстоўвае нагоду мясцовых выбараў — але пры гэтым мы можам роазмаўляць зь людзьмі пра перамены. (...)

Сёньня ў многіх ёсьць дэпрэсіўны стан, і адзіны шлях з гэтай дэпрэсіі — размовы зь людзьмі, калі мы ім кажам, як павінна быць, і што тут мусіць быць рэфэрэндум. Так, гэта зойме час, гэта няпроста — выцягваць людзей з дэпрэсіі. Але мы змагаемся не за месцы ў саветах, мы змагаемся за людзей, за іх разуменьне будучыні і бачаньне альтэрнатывы. (Канец цытаваньня).

(Крыніца: http://www.svaboda.org/content/transcript/25260742.html)

У сувязі з насычанай праграмай псэўдаапазыцыйнага “бліц-крыгу”, мы нагадваем нашаму грамадзтву наступнае. Жыць сапраўды цяжка і дэпрэсіўна. Але ад гэтага ёсьць іншыя сродкі і іншыя спосабы вырашэньня праблемы. Вельмі важна не дапусьціць наіўных учынкаў (што здаралася раней). Нельга давярацца прафэсійным дэмагогам, мярзотным здраднікам нацыянальнай справы, кіруемым асобам, гандлярам сумленьнем, падсадным, якія раскрыты прылюдна і даўно. Няхай зь імі разам забаўляюцца мясцовыя “дэмСМІ”. Няхай яны жывуць сваім паралельным існаваньнем. Беларусам зь імі не па дарозе.

Сымон Рудзік