ГЛЯДЗІМ НАПЕРАД
(Выступ на лютаўскім Сойме 2014 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
Падзеі апошняга часу ў Беларусі і ў сьвеце дазваляюць нам зьверыць нашыя партыйныя пазыцыі і пацьвердзіць іх абгрунтаванасьць. Цяпер ужо, практычна, няма патрэбы шмат тлумачыць пра неабходнасьць ігнараваньня псэўдавыбараў рэжыму. Людзі ў большасьці разумеюць, што выбараў няма і хадзіць на галасаваньне ды галасаваць — ня трэба, бо гэта поўны абсурд, калі нават галасоў ня лічаць. Тым ня менш мы зноў назіраем дзіўныя на першы погляд паводзіны штатных нібыта апазыцыйных структур. Не разумець цяпер, што ўдзел у псэўдавыбарах ёсьць падтрымка рэжыму — ужо немагчыма. Тым ня менш яны ўдзельнічаюць. Пры гэтым міліцыя (ціхуны, гэб'ё і інш.) перашкаджаюць ім праводзіць законную выбарчую агітацыю, хапаюць спадароў Лябедзек ды іншых тыпу “хрысьціянскіх дэмакратаў”, адвозяць у міліцыю, у суд, прысуджаюць штрафы і г.д. У пэўным сэнсе такая роля псэўдаапазыцыі, якая згадзілася быць “задніцай для біцьця”, якраз і адлюстроўвае сутнасьць рэжымных нібыта выбараў. Але па факту — гэта ёсьць ашуканства людзей, зацягваньне выбаршчыкаў у нячыстую справу ў якасьці статыстаў.
На сёньняшні дзень, калі справа з непадтрымкай выбараў рэжыму праясьнілася ўжо для бальшыні актыўных людзей, псэўдаапазыцыйныя структуры выконваюць ролю тыповых штрэйкбрэхераў. Хачу паўтарыць сваё ранейшае сцьвярджэньне, што як толькі пачнецца ў Беларусі новае народнае рушэньне, то гэтых штрэйкбрэхераў абавязкова трэба будзе зьмятаць у першую чаргу і ня даць ім прыліпнуць да народнага руху, бо яны здольныя толькі шкодзіць, калябараваць ды здраджваць. Украінскі вопыт таксама паказвае на неабходнасьць такога падыходу.
Зьнешне выглядае, што падзеі на Украіне не адбіліся на беларускім грамадзтве. Адбываецца працэс асэнсаваньня. Затое нэрвознасьць антыбеларускага рэжыму выяўляецца ў імкненьні запабегчы ўсялякай грамадзкай актыўнасьці ў Беларусі. Глыбока схаваная агентура актывізавалася, пачала публікаваць нібыта рацыянальныя аналітычныя артыкулы пра ўкраінскую рэвалюцыю. Яны пішуць, што народ там паўстаў супраць карупцыі і дрэнных умоваў жыцьця і г.д. “Аналітыка” выканана ў вядомым гэбісцкім стылі: маўляў, гэта ёсьць сацыяльная рэвалюцыя. Галоўнае для іх — адцягнуць думкі беларусаў ад нацыянальнай сутнасьці ўкраінскага змаганьня, ад агрэсіўнай палітыкі Масквы супраць Украіны.
Нэрвовасьць рэжымнай агентуры ў сувязі з рэвалюцыяй на Украіне добра відаць для тых, хто аналізуе агентурныя “пісаньні”, выступы і камэнтары. Даходзіць часам да поўных кур'ёзаў. Адну асобу панесла так, што яна на ўвесь сьвет абазвала беларусаў брыдкімі словамі, хамамі, прымітывамі, беларускую мову дрэннай, беднай, няразьвітай, непатрэбнай і прызналася ў нянавісьці ў стылі Алексіевіч. Словам, адыёзных тыпажоў большае. Нават спадарыню Процьку выцягнулі абараняць разанскага бацюшку, які пагражае нам атамнай вайной. Прытым у апошні час такія “самаспаленьні” йдуць адно за адным. Гэта добры знак. А беларусам трэба спакойна назапашваць сілы.
Украінскі вопыт паказвае, наколькі важна, каб у акупаваным грамадзтве альтэрнатывай рэжыму былі правыя патрыятычныя структуры і сілы. Яны заўсёды бяруць на сябе асноўны цяжар барацьбы.
Але перамагчы антынацыянальны рэжым можа толькі шырокі народны рух, арганізаваны ў масавае наступальнае супраціўленьне. Тым часам палітычныя партыі пры антынародным рэжыме могуць стацца часам перашкодай для адзінства народнага руху (што таксама часткова ілюструе становішча на Украіне).
Самы ж галоўны вопыт, які можна асэнсаваць з украінскай барацьбы — гэта класічны вопыт рэвалюцыі. Пра гэта ўжо пісалася. Рэвалюцыя мусіць хутка дзейнічаць (чыньнік часу) і наступаць. Абарона — сьмерць рэвалюцыі. Нельга стаяць на месцы.
Як і трэба было чакаць, на нашых вачах адбываецца здача Украіны Эўропай, якая імкнецца ўсяляк дамовіцца з Расеяй. Нядаўна эўракамісар Фюле агучыў у Эўрапарляманце тыповую для Эўропы філісьцерскую прапанову ўкраінцам. Маўляў, Эўрамайдан і “апазыцыйныя лідэры” павінны адмежавацца ад радыкальных элемэнтаў. Зважаючы на нікчэмную назіральніцкую пазыцыю Эўразьвязу ў дачыненьні да Украіны, такія сэнтэнцыі, што ўкраінцы яшчэ і “павінны”, выклікаюць толькі ўсьмешку. Але выказваньне вельмі вымоўнае, бо той, хто цікавіцца падзеямі ў Кіеве, ведае: Эўрамайдан трымаецца дзякуючы “Праваму сэктару” (“радыкальным элемэнтам” згодна лаянкі Фюле), а “лідэры апазыцыі” там нічога не вырашаюць. У гэтым сэнсе прапанова Фюле даволі непрыхільная і накіравана на раскол украінскага змаганьня. Мы бачым, як фразы эўрабюракратыі суадносяцца з антыўкраінскай прапагандай з боку Масквы.
Беларускае Адраджэньне ўжо даўно перажыло гэты этап эўрапейскага прагматызму і здрады, зь якой спатыкаецца і яшчэ ня раз сутыкнецца Украіна. Ніколі ня трэба забывацца, што ў 1980 — пачатку 90-х гадоў Заходняя Эўропа была супраць незалежнасьці Беларусі і Украіны. Наша незалежнасьць (і Беларусі, і Украіны) — гэта справа выключна нашай барацьбы, нашай палітыкі і нашых рук. Так павінна быць і далей. І так будзе.
Гістарычныя падзеі, якія адбываюцца на нашых абшарах, у каторы раз вяртаюць нас да сутнаснай ідэі нашага існаваньня ў гэтай частцы сьвету. Балта-Чарнаморская асацыяцыя краінаў ад мора да мора — гэта ёсьць вяртаньне да натуральнага парадку рэчаў, які забясьпечыць краінам Усходняй Эўропы найбольш аптымальнае культурнае, эканамічнае і дэмаграфічнае разьвіцьцё. Мы мусім разумець, што цяпер украінскае змаганьне — гэта і наша змаганьне. Украінская перамога стане нашай перамогай. Беларусам трэба рыхтавацца да барацьбы. Рэжымы тут падобныя, палітыка тут акупацыйная. І за адным і за другім сатрапам стаіць Масква.
Пачынаючы з 2004 года Украіна мела магчымасьць разьвіцьця сваёй нацыянальнай культуры, сьцьвярджэньня ўкраінскай мовы, самаўсьведамленьня нацыі. І хаця ўмовы не былі ідэальнымі, вынікі былі станоўчымі, узмацнела нацыянальная кансалідацыя і культурная ідэнтычнасьць. Украінцы сталі здольнымі салідарна змагацца разам за агульныя народныя ідэалы.
У Беларусі сытуацыя горшая з прычыны асаблівай антынацыянальнай палітыкі акупацыйнага рэжыму. Без нацыянальнай падрыхтоўкі грамадзтва і без падрыхтоўкі нацыянальнай альтэрнатывы выніковага змаганьня з рэжымам ня будзе. Наша Партыя і надалей павінна займацца такой падрыхтоўкай.
Мы разумеем, што існуе толькі адна нацыянальна-адраджэнская Партыя, якая праводзіць нацыянальную палітыку змаганьня з чужым рэжымам — гэта наша Партыя КХП-БНФ. Ва ўмовах антыдэмакратычнага аўтарытарнага кіраваньня, аднак, палітычныя партыі ня маюць вырашальнага значэньня, бо дзейнасьць іх абмежаваная. Галоўны ўпор трэба рабіць на стварэньне грунту для народнага руху супраць антынароднай дыктатуры. Мэтады могуць быць розныя ад палітычных да культурніцкіх, але ўсё павінна быць накіравана на адраджэньне скансалідаванай нацыі і на супраціўленьне антыбеларускай чужынскай палітыцы акупацыйнага рэжыму.
Жыве Беларусь! Жыве з Богам! Слава героям!
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
9 лютага 2014 г.