“ПОП РЭШТЫ НЕ ДАЕ” (БЕЛАРУСКАЯ ПРЫМАЎКА)
Мы ўжо неяк і падзабыліся пра мадам Т. Процьку, некалі кіраўніцу Беларускага Гэльсінскага Камітэту. Але яна сама нагадала пра сябе. 6 лютага на Радыё Свабода зьявілася яе інтэрв'ю ў сувязі з публікацыяй яе “русскоязычнай” кнігі ў нямецкім выдавецтве. Кніга прысьвечана першаму прадстаяцелю Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы Мэльхісэдэку. Але Т. Процька праявіла сябе таксама як знаўца цяперашніх справаў РПЦ. РС распытала яе ня толькі пра кнігу, але й пра цяперашнія справы. Цытуем:
Процька: Вось пачалася бура ў шклянцы вады пасьля прызначэньня патрыяршага экзарха Беларусі, мітрапаліта Менскага і Слуцкага Паўла. Але такое ў нас ужо было, як кажуць: мы гэта ўжо праходзілі.
Радыё Свабода: Дарэчы, якое як вы гледзіце на ўсе гэтыя жарсьці вакол прызначэньня мітрапаліта Паўла?
Процька: Ніякіх жарсьцяў няма. Абураюцца людзі, якія ў бальшыні сваёй ніякай малітвы ня ведаюць — ня тое каб у царкву хадзілі. Прызначэньне Паўла — гэта не палітычная праблема, гэта ўнутраная праблема Беларускай праваслаўнай царквы. Але там ёсьць і больш значныя праблемы. Вы паглядзіце, якія нашыя эпіскапы...
Радыё Свабода: Гэта вы ў кантэксьце выкрываньняў протадыякана Андрэя Кураева?
Процька: І без Кураева хапае! Кураеў проста вельмі трапна агучыў інфармацыю, якую меў. Якога гэтыя эпіскапы паходжаньня? Якіх яны поглядаў? Які прыклад яны падаюць пастве? Усе яны — непублічныя асобы. Хоць на самой справе эпіскапы павінны быць самымі публічнымі. А на беднага мітрапаліта наляцелі, як каршуны. А мы ж ня ведаем, які ён. Я праслухала некалькі разоў ягонае інтэрвію з выказваньнем пра чарнобыльскі кранік. Вядома, ён паводзіў сябе не як публічны чалавек. Ён сказаў тое, што думаў. А чалавек такога ўзроўню не павінен казаць тое, што думае. А ён павінен казаць тое, што трэба казаць. Але гэта прыходзіць з досьведам. Я думаю, што на той пасадзе, якую Павал зараз атрымаў, такіх рэчаў болей ня будзе.
Пачнем з вызначэньня. Аказваецца, для “знаўцы царкоўнай гісторыі” Т. Процькі разанскі мітрапаліт у Менску — гэта “унутраная праблема Беларускай праваслаўнай царквы”. Ёсьць, выходзіць, такая “царква” у маскоўскай РПЦ. Дзікія выказваньні разанскага мітрапаліта пра “чарнобыльскі кранік” і “русскіх обіжать нельзя” ды наступную рэакцыю грамадства на гэта мадам называе “бурай у шклянцы вады”. Яна бароніць “беднага мітрапаліта” ад “каршуноў”. Тут ж, поза нібыта ваяўнічай гуманісткі.
І раптам, як па сьвістку, поза мяняецца. Перад намі паўстае гэтакая дама ў партупэі. Яна строга вучыць разанскага мітрапаліта і нас з вамі, што ня трэба казаць праўду, а трэба казаць тое, што трэба казаць. Мадам павучае арцыбацюшку як таварыш, старэйшы па службе і багацейшы па досьведу. Яна ўжо “гэта праходзіла”!
А мы, наіўныя беларусы, думалі, што рэлігійныя лідэры, навукоўцы-гісторыкі і ўсе людзі наагул павінны казаць народу праўду. Трэба канстатаваць, што мы, відаць, не дарасьлі (і, мабыць, ніколі не дарасьцем) да ўзроўня Процькі і разанскага мітрапаліта.
Сымон Рудзік