МАСКВА ХОЧА ВАЙНЫ

6 лютага ўкраінская інтэрнэт-газэта Gordonua.com апублікавала артыкул пад тытулам “Глазьеў: У Януковіча няма іншага варыянта, акрамя як ужыць сілу”. Вось гэты артыкул:

Расея абавязана ўмяшацца ў канфлікт ва Ўкраіне — у адпаведнасьці з Будапэшцкім мэмарандумам яна і ЗША зьяўляюцца гарантамі сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і абавязаны ўмешвацца, калі ўзьнікаюць канфліктныя сітуацыі такога роду, сьцьвярджае дарадца прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна Сяргей Глазьеў.

Сяргей Глазьеў, дарадца прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, упэўнены, што ўкраінская ўлада ня мае іншага варыянта дзеяньняў, акрамя як ужыць сілу. Аб гэтым паведамляе “КоммерсантЪ — Україна”.

Дарадца Пуціна назваў пратэсты, якія ўжо больш за два месяцы працягваюцца ва Ўкраіне пасьля адмовы прэзыдэнта Януковіча падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, “шызафрэніяй” і “спробай дзяржаўнага пераварота”.

“Украінская ўлада сёньня не ўжывае сілу, а толькі абараняецца, калі ідуць напады на прадстаўнікоў улады, на будынкі. Што ж да пачатку ўжываньня сілы, то ў сітуацыі, калі ўлада сутыкаецца са спробай дзяржаўнага пераварота, у яе проста няма іншага варыянта дзеяньняў”, — зазначыў Глазьеў.

Расейскі экспэрт па пытаньнях Украіны таксама сьцьвярджае, што Расея абавязана ўмяшацца ў канфлікт ва Ўкраіне. Глазьеў пры гэтым спасылаецца на Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Украіны да дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі ад 1994 года.

“Паводле гэтага дакумэнта, Расея і ЗША зьяўляюцца гарантамі сувэрэнітэта і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і абавязаны ўмешвацца, калі паўстаюць канфліктныя сітуацыі такога роду”, — падкрэсьліў Глазьеў.

Па-свойму дарадца прэзыдэнта Расеі трактуе фэдэралізацыю Ўкраіны і называе яе “відавочнай неабходнасьцю”. Гэты працэс ён прадстаўляе як “магчымасьць даць рэгіёнам дастатковыя правы, магчымасьць самастойна фармаваць свае бюджэты і нават магчымасьць частковага зьнешнепалітычнага самавызначэньня”.

Аб фэдэралізацыі як шляху да вырашэньня крызісу ва Ўкраіне ўжо заяўлялі Віктар Мэдвэдчук, Вадзім Калесьнічэнка і некаторыя іншыя рэгіяналы, а таксама Камуністычная партыя.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/politics/Glazev-U-YAnukovicha-net-drugogo-varianta-krome-primeneniya-sily-8527.html

І хто б сумняваўся, хто б думаў інакш?! Украінскі народ масава адвярнуўся ад Масквы, не захацеў улазіць у хаўрус з Расеяй, рэзка адкінуў ідэю аднаўленьня саўдэпіі. Зразумела, што паводле Масквы гэта ёсьць “шызафрэнія”, “как оні посмелі!” Крамлёўскія дарадцы карыстаюцца жульніцкай логікай, спасылаюцца на міжнародныя мэмарандумы і міжнароднае права. А як наконт міжнароднага права, калі яны патрабуюць “зьнешнепалітычнага самавызначэньня” для рэгіёнаў чужой дзяржавы? Так прамаўлялі розныя молатавы-рыбэнтропы, гітлеры-сталіны, рыхтуючыся да захопу і вайны.

Крэмль бачыць, што васальная хунта ў Кіеве не дае рады, губляе пазыцыі пад націскам народа, губляе міжнародны аўтарытэт. Таму відавочна, што Імпэрыя Зла імкнецца ўмяшацца ва ўкраінскія справы. Няхай паспрабуе палезьці ва Ўкраіну. То пазнаёміцца бліжэй з украінскім народам і ўкраінскай арміяй.

Сяргей Камароўскі