УКРАІНСКІ АДКАЗ НА ПАГРОЗУ МАСКВЫ

6 лютага ўкраінская інтэрнэт-газэта Gordonua.com апублікавала артыкул пад тытулам “Агрызка: Разыгрываньне грузінскага сцэнару ва Ўкраіне будзе трагічным у першую чаргу для Расеі”. Вось гэты артыкул:

Экс-кіраўнік МЗС Украіны Уладзімір Агрызка пракамэнтаваў заяву Сяргея Глазьева аб магчымасьці ўмяшальніцтва Расеі ва ўкраінскі канфлікт. Ён адзначыў, што той у хуткім часе будзе іграць ролю адыёзнага кіраўніка ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага.

У эксклюзіўным камэнтары Gordonua.com экс-кіраўнік Міністэрства замежных справаў Украіны выказаў меркаваньне, што Глазьеў можа агучваць думкі Прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

“Цалкам можа быць, што тое, што ў Пуціна ў думках, у Глазьева на языку. Але нельга параўноўваць Украіну з іншымі постсавецкімі дзяржавамі. Хаця б таму, што тут 45 мільёнаў людзей. І разыгрываньне грузінскага сцэнара стала б трагічным у першую чаргу для Расеі, таму што ніколі не капай іншаму магілу”, — мяркуе палітык.

“Камэнтары тут лішнія, бо гэта або параноя, або іншае псіхічнае захворваньне. Тое, што ён кажа, нельга патлумачыць чалавеку, які цьвяроза думае”, — дадаў экс-міністар.

На яго думку, Расея ня мае права ўмешвацца ва ўнутраныя справы Ўкраіны.

“Нахабна парушаючы свае абавязкі што да Ўкраіны, у прыватнасьці, аб адмове ад эканамічнага ціску, Расея хоча некага пераканаць, што мае права на ўмяшальніцтва”, — падкрэсьліў Агрызка.

Радыкальныя заявы Глазьева палітык лічыць “крызісам жанру”.

“Я думаю, што ў іх зараз крызіс жанру, і цяпер Глазьева высоўваюць на месца Жырыноўскага, бо той ужо відавочна пайшоў у наклад. Таму й шукаюць новую адыёзную асобу. І на гэтую ролю прызначылі гэтага спадара”, — зазначыў экс-кіраўнік зьнешнепалітычныага ведамства Ўкраіны.

Сяргей Глазьеў, дарадца прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, упэўнены, што ўкраінская ўлада ня мае іншага варыянту дзеяньняў, акрамя прымяненьня сілы.

На думку палітыка, Расея абавязана ўмяшацца ў канфлікт ва Ўкраіне, бо ў адпаведнасьці з Будапэшцкім мэмарандумам яна і ЗША зьяўляюцца гарантамі сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/politics/Ogryzko-Razygryvanie-gruzinskogo-scenariya-budet-tragichnym-v-pervuyu-ochered-dlya-Rossii-8583.html