МАСКАЛЬ: БЕЗ ТАТАРАЎ У КРЫМЕ МЫ ДАЎНО Б МЕЛІ СВАЁ ПРЫДНЯСТРОЎЕ АБО КАРАБАХ

Крымскія татары ўтрымліваюць паўвыспу ў складзе Ўкраіны, а ўсе заявы прарасейскіх палітыкаў аб яго аддзяленьні накіраваныя на запалохваньне, лічыць нардэп ад “Батьківшчыны” Генадзь Маскаль.

Апошнія ініцыятывы дэпутатаў крымскага парляманту аб пашырэньні правоў і паўнамоцтваў аўтаноміі, а таксама аб падрыхтоўцы звароту да Расеі з просьбай аб абароне зьяўляюцца крымінальным злачынствам і павінны быць правераны. Такую думку ў эксклюзіўным камэнтары Gordonua.com выказаў былы намесьнік кіраўніка МУС, экс-начальнік міліцыі Крыму, прадстаўнік прэзыдэнта ў Крыме (2006-2007) народны дэпутат ад “Батьківшчіны” Генадзь Маскаль.

“Крым зьяўляецца складовай часткай Украіны, таму аб якой абароне (з боку Расеі — Gordonua.com) можа йсьці гаворка? Дзе нашае СБУ (спэцслужбы Ўкраіны)? Чаму ня ўзбуджаная справа па 110-му артыкулу Крымінальнага кодэксу — пасягальніцтва на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны?”, — абурыўся дэпутат.

Па яго словах, Вярхоўная Рада Крыма не зьяўляецца самастойнай, як можа падасца на першы погляд, і цалкам кіруецца Адміністрацыяй Прэзыдэнта.

“Яна кіруемая і складаецца цалкам з Партыі рэгіёнаў, а прэм'ер-міністар Крыма Анатоль Магілеў — стаўленік данецкіх. Таму ўсе гэтыя заявы зроблены “ланцуговымі сабакамі” Партыі рэгіёнаў і зрэжысіраваныя ў Адміністрацыі Прэзыдэнта з мэтай напалохаць”, — Маскаль.

Ён упэўнены, што Крым ужо даўно ня быў бы ўкраінскім, калі б не крымскія татары.

“Мы ўжо мелі б там сваё Прыднястроўе, Асэцію або Карабах. Татары — гэта стрымліваючы фактар ў Крыме. А ўсе прарасейскія партыі там — канапнага тыпу. Таму іхных пагрозаў я сур'ёзна не ўспрымаю. Ніхто нічога ня зробіць, іхнае месца — у палаце №6”, — зазначыў ён.

На бліжэйшай сэсіі крымскага парляманту, 19 лютага, дэпутаты зьбіраюцца разгледзець пытаньне аб правядзеньні рэфэрэндума аб статусе Крыма і прыняць зварот да Расеі аб дапамозе і абароне. (...)

5 лютага 2014 г.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/politics/Moskal-Esli-by-ne-tatary-my-by-davno-imeli-v-Krymu-svoe-Pridnestrove-ili-Nagornyy-Karabah-8427.html