МАСКОЎСКАЯ ПЯТАЯ КАЛЁНА БУДЗЕ ЗЬВЯРТАЦЦА Ў МАСКВУ
4 лютага расейская інтэрнэт-газэта Лента.ру апублікавала артыкул пад тытулам “Крымскія дэпутаты зьвернуцца па абарону да Расеі”. Вось фрагмэнт гэтага артыкула:
Крымскі парлямант зьбіраецца зьвярнуцца да Расеі па дапамогу і абарону ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Ўкраіне. З такой ініцыятывай, як паведамляе сайт “Крым. Комментарии”, выступіў дэпутат Сяргей Цэкаў (партыя “Русское едінство”).
“Мы проста абавязаныя зьвярнуцца да Расейскай Фэдэрацыі з улікам таго, што Крым — гэта руская аўтаномія, руская па нацыянальнасьці, па культуры і мове. Зразумела, што гэта шматнацыянальная тэрыторыя, на якой пражываюць прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў у міры і згодзе, але, тым ня менш, нашым абаронцам можа быць толькі Расейская Фэдэрацыя”, — заявіў ён.
Аналагічную прапанову выказаў дэпутат ад Партыі рэгіёнаў Уладзімір Клычнікаў. Ён падкрэсьліў, што зварот павінен быць адрэсаваны прэзыдэнту і заканадаўчаму сходу РФ, якіх кіраўніцтва Крыму папросіць “выступіць гарантам непарушнасьці статуса аўтаноміі, а таксама непарушнасьці правоў і свабодаў нашых грамадзян”. Акрамя таго, Клычнікаў запрапанаваў арганізаваць агульнакрымскае апытаньне грамадзкай думкі аб статусе аўтаноміі і ўнесьці зьмены ў канстытуцыю АРК. Аб сутнасьці паправак ён не згадаў, адзначыўшы, аднак, што “сёньняшнее становішча асноўнага закона Крыма груба папіраецца заканадаўствам Украіны”.
Спікэр крымскага парламанту Уладзімір Канстанцінаў даў даручэньне юрыстам прапрацаваць дадзеныя пытаньні, а сакратарыяту — падрыхтаваць зварот да РФ. Як чакаецца, яго разгледзяць на паседжаньні парляманта 19 лютага.
Раней першы прэзыдэнт Крыма Юрый Мяшкоў выступіў за ператварэньне рэгіёна ў незалежную дзяржаву. (...)
Пераклад з расейскай.
У сваіх выступах дэпутаты кажуць пра “мір і згоду ў Крыме”, а потым зьвяртаюцца ў Маскву па абарону. Гэта ёсьць фальшывая балбатня агентуры чужой дзяржавы. Лексіка тых, хто ненавідзіць Украінскую дзяржаву і служыць інтарэсам расейскай імпэрыі.
Трэба нагадаць, што ўсё тое “русское”, пра што паўтараюць гэтыя дзеячы, — яно жыве на зямлі, апрацаванай і ўпрыгожанай крымска-татарскім народам, гаспадаром гэтай зямлі. Яно жыве ў чужых дамах, яно — гэта асадніцтва, насланае на Крым з усяе Расеі пасьля таго, як увесь крымска-татарскі народ на загад Масквы быў гвалтоўна вывезены з сваёй радзімы. Крымскія татары памятаюць пра гэта. Другі раз яны ўжо не дазволяць нікому пазбавіць іх радзімы.
Бачна, што Масква працягвае разыгрываць краплёную “крымска-расейскую” карту у сваім праекце развалу Ўкраінскай дзяржавы. Дагуляецца Масква, можа сама разваліцца. Цікава, куды будуць уцякаць згаданыя ў тэксьце прамаскоўскія правакатары — у Масковію або ў Аўстрыю, дзе ўжо сядзіць адстаўны януковіцкі візір Азараў?
Сяргей Камароўскі