АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ ЗЯНОНА “ТЭРРА ДЭЙ” У НЬЮ-ЁРКУ

У нядзелю 2-га лютага ў беларускім саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася прэзэнтацыя новай кнігі ЗЯНОНА “Тэрра Дэй” (Зямля Бога). Аўтар, прадстаўляючы кнігу, засяродзіўся на яе галоўнай частцы, прачытаў цэлую лекцыю пра мастацтва кнігі, паэзію, фатаграфію і літаратуру з паказам ілюстрацыяў праз дыяпраектар на экран. Новая кніга ЗЯНОНА — гэта сінтэтычны твор з вершаў, фатаграфіяў, апавяданьняў, эсэ, успамінаў, паліталягічных артыкулаў і сэнтэнцыяў. Твор падзелены на тры творчыя тэмы: “Фатаграфіі і вершы”, “Апавяданьні” і “Народная філасофія”. Асноўная тэма, якая займае дзьве траціны аб'ёму кнігі — гэта “Фатаграфіі і вершы”. “Крэда гэтай тэмы, — сказаў аўтар, — сфармулявана як імкненьне адлюстраваць прысутнасьць Боскага Духу ва ўсіх зьявах, рэчах, карцінах і вобразах Зямлі і зямнога жыцьця.”

І сапраўды, ілюстрацыі некаторых разьдзелаў гэтай тэмы, якія паказаў аўтар, пакідаюць незабыўнае ўражаньне. Асабліва запомніліся “Сімфонія воблакаў” (“Боскае неба”), “Сьвятло Месяца”, “Птушкі”, “Акіян-мора”, “Партрэт”, “Віленшчына прыўкрасная” і інш. Нецікавых здымкаў у кнізе няма. Кожны зь іх зьдзіўляе майстэрствам здымкі і хараством. Асабліва ўражваюць кніжныя развароты, якія зроблены канцэптуальна і ілюструюць мастацкае майстэрства аўтара.

Той, хто пасьпеў ужо прачытаць гэтую кнігу, аднагалосна выказаліся і пра апавяданьні ЗЯНОНА (жанр, у якім раней аўтар не выступаў). Асабліва адзначаюць апавяданьні “Васількі”, “Палкоўніца”, “Геранім”, “Свае”, “Ліцьвінская кроў”, “Лявон” і інш.

Паліталагічныя артыкулы (якія былі напісаны аўтарам спэцыяльна для гэтай кнігі), асьвятляюць мноства праблемаў нашага грамадзтва і цывілізацыі — ад беларускага Адраджэньня да пытаньня аб абортах, люмпэнах (лахманах), і люстрацыях.

Пасьля лекцыі аўтара і адказу на пытаньні яшчэ былі размовы і абмен думкамі аб філасофска-эстэтычным значэньні хвалі як асновы фізічнага сьвету (верш ЗЯНОНА: “Хваля ёсьць форма і формула хараства”), аб катэгорыі пустаты (верш “Пустата”), аб вечнасьці быцьця, аб высокім і нізкім у мастацтве, аб “трацінах” ЗЯНОНА (трохрадкоўях на аснове хоку) і іншым.

Размаўлялі таксама аб транслітэрацыі назвы кнігі “ТЭРРА ДЭЙ” з лацінскага выразу “TERRA DEI” на кірылічнае напісаньне. Аўтар падрабязна распавёў: “Транслітэрацыя на беларускія літары тут ня мусіць быць капіяваньнем лацінскіх літар і павінна адбывацца па фанетычным прынцыпе (па рэальным гучаньні), бо галосная “э” знаходзіцца пад націскам. У гэтым выпадку наступная галосная “і” скарачаецца і гучыць як “й”. Каб чулася доўгае “і”, трэба “і” паставіць пад націскам: “Дэ-і” (як, напрыклад, у абрэвіятуры ДАІ — дарожная аўтаінспэкцыя). Такая ёсьць прырода нашай мовы і моўнага апарату. Зацягваньне ненаціскнога “й” будзе абазначаць нішто іншае, як дадаваньне доўгай фанэмы “і” — “Дэй-і”. Таму рэальна ў малітвах заўсёды гучыць “й” (напрыклад, “Матэр Дэй”, “Агнус Дэй”) і г. д. Гэтыя якасьці, аднак, не абавязкова захоўваюцца пры расьпевах (прасьпяваць можна любую галосную). Але сьпевы — гэта ўжо іншыя правілы. Фармальнае капіяваньне лацінскіх літар пры транслітэрацыі на кірыліцу прыводзіць да ўтварэньня такіх слоў, як Лейпцыг, Гейнэ, Міоры і т. п. (транслітэрацыя па гучаньні павінна быць: Ляйпцыг, Гайнэ, Мёры). Транслітэрацыя ў мовах з лацінскім напісаньнем, практычна, ня робіцца”.

А ўвогуле, паэт ЗЯНОН ці ня першы, які зрабіў такую транслітэрацыю лацінскага слова “Dei” у беларускім напісаньні яшчэ ў сваёй паэме “Вялікае Княства”.

Беларусы, якія прыехалі ў ЗША і маюць магчымасьць вярнуцца на Бацькаўшчыну, ўражаныя ўбачаным і пачутым, пыталіся, ці можна будзе набыць кнігу “Тэрра Дэй” у Беларусі. Але, на жаль, гэта малаверагодна. Антыбеларускі рэжым не прапускае кніг ЗЯНОНА ў Беларусь.

Вокладка

Разварот з цыклу “БОГ”

Сонца

Таму, хто чакае,
Што загляне сонца
У яго ваконца,
Сонца не загляне ніколі.
Сонца сьвеціць таму,
Хто да яго імкнецца.

Зімовы прыцемак у тумане

Прыбой

Срэбныя хвалі

Боскае неба.

Воблакі

Воблакі над вадой,
Як некалі.
І часам здаецца:
Вось яна, Айчына,
За небаспадам.

Белая чайка

Сакавік

Разварот з цыклу “Сьвятло Месяца”

Рама

Хмара сплыла
І выглянуў Месяц.
Адбітак ад рамы вакна
На стале
Павольна спаўзае на край.

Разварот з цыклу “Разважаньні”

Хваля

Хваля ёсьць форма
І формула хараства

Чыстасьць. Разварот з цыклу “Партрэт”

Замілаваньне на бруклінскай эвеню

Чалавек з сабакам.

Людзі

У нацыі няма лішніх людзей.
Ад бадзягі і жабрака
Да акадэміка і палкаводца —
Усе патрэбныя.

Сівы конік у Залесьсі

Засьнежаныя хаты

Сьвяты Вечар

Над засьнежанай хатай
Кружацца сьняжынкі,
І цішыня, і ні душы. Каляды.

Залом

Сярод лясоў
Засьнежаныя хаты.
Як гэта прыгожа!
— Сжечь! — сказаў партызан.
— Verbrennen! Alles verbrennen! —
Крыкнуў Шульц.*
— Адсяліць, — прашыпеў Чарнобыль.

Летняя акварэль.

* * *
Чалавек не адзінокі,
Бо ёсьць Бог.

Марыля Я-віч