ПАМЯЦІ ГЕНАДЗЯ ГРУШАВОГА

Дрэнная вестка прыйшла зь Менску. Памёр яшчэ адзін Дэпутат Незалежнасьці, фронтавец і змагар з Чарнобылем Генадзь Грушавы, сябра Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Гэтак жа як і ўсіх папярэдніх памерлых дэпутатаў-незалежнікаў (І. Пырха, І. Гермянчука, Г. Сямдзянаву), яго зьнішчыў Чарнобыль. Мы змагаліся з атамным Левіафанам усімі сіламі, каб уратаваць нацыю, чуючы сьмяртэльны сьвіст яго касы і разумеючы наканаванасьць. Генадзь Грушавы быў на пярэдняй лініі таго змаганьня.

Генадзь прышоў у Фронт у пачатку 1989 года, калі ўжо быў створаны фронтаўскі Камітэт “Дзеці Чарнобыля”. У траўні таго ж года ён узначаліў гэты Камітэт і неўзабаве ператварыў яго ў магутную ўсебеларускую арганізацыю па ўратаваньні здароўя дзяцей ад чарнобыльскай радыяцыі. Тут ён выявіў незвычайны арганізацыйны талент і дзейнасьць, спраектаваную на ўвесь цывілізаваны сьвет. Тысячы беларускіх дзяцей атрымалі магчымасьць аздараўленьня па ўсёй Эўропе, паўночнай Амэрыцы і ў некаторых краінах Азіі. Шмат каму такая падтрымка захавала здароўе і прадоўжыла жыцьцё. Генадзь жыў гэтай справай аддана і апантана і яна дала плён.

З усталяваньнем антыбеларускага рэжыму, нелегітымная ўлада паставіла ўсемагчымыя шлагбаўмы чарнобыльскаму ратаваньню людзей, яна прастала дарогу чарнобыльскаму генацыду, выкарыстала яго разбуральны зьмест у сваёй антынароднай палітыцы. Генадзь Грушавы змагаўся з такой чужой палітыкай увесь час. Незадоўга да сьмерці ён паведаміў нам, што хацеў бы стаць сябрам КХП — БНФ і гэта было зразумелае жаданьне чалавека, які па перакананьнях заставаўся фронтаўцам і разумеў сваё гістарычнае месца ў адраджэньні вольнай Беларусі.

Я цаніў Генадзя Ўладзімеравіча за яго сьветлую галаву, уменьне цьвяроза аналізаваць і, галоўнае, генерыраваць ідэі — якасьць надзвычай каштоўная ў палітыцы. Вельмі шкода, што Чарнобыль без пары скасіў такога чалавека. У новай вольнай сьветлай Беларусі (якая, спадзяюся, ужо не за гарамі) Генадзь Грушавы яшчэ мог бы шмат зрабіць дзеля здароўя, дабра і лепшага жыцьця нашага народа.

Цяпер ён ў Нябеснай Беларусі, дзе (так думаю) аддзелена сьветлае ад цёмнага, добрае ад злога, разумнае ад дурнога. Бывай Генадзь Уладзімеравіч. Вечная памяць.

Жыцьцё тваё пражыта было не дарэмна і дзеля таго, што зроблена, варта было жыць.

28 студзеня 2014 г.

Зянон Пазьняк