АБ ДАРМОВАЙ АДМОВЕ АД ЯДЗЕРНАЙ ЗБРОІ
Вялікай памылкай пачатку 90-ых я лічу вывад з Беларусі ядзернай зброі па мадэлі, якую Захад навязаў Шушкевічу, а Шушкевіч — Вярхоўнаму Савету. Так, зброю трэба было выводзіць (і радок пра без'ядзернасьць у Дэкларацыі аб сувэрэнітэце — мой), але — на выгодных для Беларусі ўмовах (сярод якіх, ня выключана — і бязвізавы, альбо аблегчаны ўезд).
Але ў канцы сьнежня 1991 у Алма-Аце Шушкевіч, не параіўшыся з членамі беларускай дэлегацыі, без усялякіх умоў пагадзіўся прызнаць Расею правапераемніцай СССР у ААН (на месца ў Радзе Бясьпекі прэтэндавала Японія) і — ўласьніцай ядзернай зброі. “ Мы испытали настоящий шок. Выходило, что Шушкевич нас просто сдал! Сдал национальные интерсы Беларуси, которая одним махом лишилась главного козыря на переговорах с Россией... Конечно, он не имел права принимать такие решения, не посоветовавшись со всем составом делегации...Помню, я набросился на спикера, пытаясь объяснить ему, что он натворил, но Шушкевич в ответ только мямлил что-то невнятное... Вторым человеком, который полностью осознал всю драматичность происходящего, был мой давний оппонент Зенон Пазьняк. Он хмуро наблюдал за нашей перепалкой и, сокрушённо вздохнув, обронил такую фразу: “Шушкевіч не клапоціцца аб дзяржаўных інтарэсах Бацькашчыны!” — прыгадвае тагачасны міністар замежных спраў П. Краўчанка (“Беларусь на распутье”, стар. 185-186).
(Ад сябе дадам што Шушкевіч узору 1991-1994 — палітык непрабіваемы і цалкам “некамунікатыўны”, ён ніколі не успрымаў ніякіх парадаў. На жаль, мы вымушаныя былі яго падтрымліваць, разумеючы, што пры тым раскладзе на зьмену яму прыйдзе горшы (што і адбылося).
У выніку Беларусь АДДАЛА Расеі 72 ракеты СС-25, зь іх (і зь іншых ракет) узялі ўран, які, як піша Краўчанка, Масква прадала ЗША за ДЗЕСЯЦЬ МІЛЬЯРДАЎ ДАЛЯРАЎ. Плюс — Расея атрымала ад Захаду дапамогі на ДЗЯСЯТКІ МІЛЬЯРДАЎ ДАЛЯРАЎ. У 1990-ых для бюджэтаў былых рэспублік СССР гэта былі зусім іншыя грошы, чым сёньня, можна сьмела памнажаць на дзесяць).
Што атрымала Беларусь у выніку бяздарнага шушкевічавага пагадненьня? Некалькі мільёнаў на вываз тых самых ракет і экалягічную апрацоўку зямлі.
Цікава, што ўжо пры Лукашэнку, у 1996-ым, Менск выцягнуў у Масквы адзін мільярд даляраў кампэнсацыі за ўран (у якасьці ўзаемазаліку за газ) — які фактычна, пайшоў на падтрымку лукашысцкага рэжыму, калі гэты рэжым як ніколі быў блізкі да краху, а Лукашэнка — да імпічманту. Пры тым, што атрымай той самы мільярд Беларусь у 1992-1993 годзе (а памер крыдэтаў Захаду мог быць яшчэ большы) — эканамічная сытуацыя была б значна лепшай, не было б той “мутнай вады”, зь якой вылез у прэзыдэнты Лукашэнка.
Ну і нарэшце (пра што ўжо пісаў неаднойчы), цьвёрдая, з улікам нацыянальных інтарэсаў пазыцыя на перамовах з Захадам па вываду з Беларусі ядзернай зброі (падкрэсьлю: зброю трэба было выводзіць) вымусіла б Захад канцэнтраваца ня толькі на дапамозе Расеі (не сакрэт, што ў 1992-1993 Ельцына выратавалі амэрыканскія крэдыты), але - і Беларусі. Такога тыпа, як Лукашэнка, да ўлады проста б не дапусьцілі.
Сяргей Навумчык