СТАРШЫНЯ МЭДЖЛІСА РЭФАТ ЧУБАРАЎ: НІХТО НЯ СПЫНІЦЬ УКРАІНСКУЮ НАЦЫЮ, А РАЗАМ ЗЬ ЁЮ Й КРЫМСКАТАТАРСКІ НАРОД У ІХ ПАМКНЕНЬНІ ДА СВАБОДЫ!

22 студзеня 2014 года ў Акмэсджыдзе/Сімфэропалі, у парку імя Тараса Шаўчэнкі прайшоў мітынг, прысьвечаны Дню Саборнасьці Ўкраіны.

У мітынгу ўзялі ўдзел Старшыня Мэджліса Рэфат Чубараў і члены Мэджліса, дэлегаты Курултая крымскататарскага народа, прадстаўнікі ўкраінскіх нацыянальна-дэмакратычных і крымскататарскіх грамадзкіх арганізацый, актывісты крымскага Эўрамайдана і прадстаўнікі крымскай грамадзкасьці.

“Ніхто ня спыніць украінскую нацыю, а разам зь ёю й крымскататарскі народ у іх памкненьні да свабоды... Таму — са сьвятам і на змаганьне! Ужо сёньня ўсім зразумела, што няма ніякіх перашкодаў, каб спыніць людзей, — перакананы кіраўнік Мэджліса. — Тыя, хто сёньня забіваюць людзей і думаюць, што ім удасца загнаць у тупік цэлы народ, яны проста пагаршаюць сваё становішча. Будзе суд і яны панясуць пакараньне. Абавязкава панясуць!”

Кіраўнік Мэджліса Рэфат Чубараў упэўнены, што сёньня трэба ісьці разам да свабоды. І менавіта памяць аб тых людзях, якія абвяшчалі Ўкраінскую Народную Рэспубліку і прынялі рашэньне аб аб'яднаньні Ўкраіны, аб'ядноўвае сёньня ўсіх грамадзян Украіны.

Дзень Саборнасьці — сьвята Ўкраіны, які адзначаецца штогод 22 студзеня ў дзень абвяшчэньн Акта ўзьяднаньня Ўкраінскай Народнай Рэспублікі і Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі, якое адбылося ў 1919 годзе.

Афіцыйны сайт Мэджліса крымскататарскага народа.

22 студзеня 2014 г.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://qtmm.org/новости/3987-глава-меджлиса-рефат-чубаров-никто-не-остановит-украинскую-нацию-а-вместе-с-ней-и-крымскотатарский-народ-в-их-стремлении-к-свободе