МАСКОЎСКАЯ ПЯТАЯ КАЛЁНА Ў КРЫМЕ

22 студзеня 2014 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Крым камэнтуе сітуацыю ва Ўкраіне”. Вось гэты артыкул:

У адмысловым паведамленьні крымскі парлямант сьцьвердзіў: Жыхары Крыму ніколі ня будуць жыць у “бандэраўскай Украіне”.

У Севастопалі адбылося надзвычайнае паседжаньне крымскага парляманту, які выдаў заяву “Аб палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне”. — Жыхары Крыму ніколі ня будуць жыць у “бандэраўскай Украіне” — кажуць у заяве крымскія парлямантары. — Крым ня будзе ўдзельнічаць ні ў якіх датэрміновых выбарах і ніколі не прызнае іх вынікаў — папярэджваюць крымскія прадстаўнікі.

Парлямант Аўтаномнай Рэспублікі Крым, дзе ў большасьці засядаюць прадстаўнікі кіруючай партыі рэгіёнаў, нядаўна зьвярнуўся да прэзыдэнта Віктара Януковіча з просьбай “аб сілавым вырашэньні сытуацыі на кіеўскім Майдане”.

— Мы падтрымалі Вас на прэзыдэнцкіх выбарах і ўзамен чакаем рашучых дзеяньняў, каб не дайшло да дзяржаўнага перавароту, да якога імкнуцца звар'яцелыя экстрэмісты — пераконваюць крымскія дэпутаты.

Парлямант Крыму таксама падтрымаў прынятыя падчас паседжаньня парляманту зьмены ў заканадаўстве, якія прадугледжваюць шмат забаронаў, якія скіраваныя супраць апазыцыі і недзяржаўных арганізацый. Акрамя таго, крымскія абраньнікі дамагаюцца поўнай забароны дзейнасьці апазыцыйнай партыі “Свобода”, якая аб'ядноўвае правыя групоўкі на Заходняй Украіне.

Больш за 60% жыхароў Крыма дэкларуюць расейскую нацыянальнасьць. Мабілізацыя прарасейскіх асяродкаў распачалася яшчэ перад самітам Усходняга Партнёрства ў Вільні. На пачатку лістапада ў Севастопалі адбылася маніфэстацыя пад лёзунгамі “Ня хочам быць з эўрапейцамі-підэрамі, а толькі з братамі-славянамі”. Тады замаскаваныя маніфэстанты спалілі і растапталі сьцяг Эўразьвяза.

На працягу гадоў у Крыме ходзяць чуткі, што мясцовым выдаюцца расейскія пашпарты. Прадстаўнікі расейскай супольнасьці ў Севастопалі сьцьвярджаюць, што ва ўсім горадзе іх атрымала ўжо нават да 50 тыс. грамадзян.

Руслан Шошын

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1081163-Krym-komentuje-sytuacje-na-Ukrainie.html