“У ЗАХОДНЯЙ УКРАІНЕ ЛЮДЗІ БЛАКУЮЦЬ ВЫЕЗД ВОЙСКА Ў КІЕЎ. ЖАЎНЕРЫ ІМ УДЗЯЧНЫЯ”

22 студзеня польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

У Львове, Івана-Франкоўску, Луцку і Калушы працягваецца блакада казармаў частак, якія меліся паслаць жаўнераў і міліцыянтаў душыць пратэсты ў Кіеве. Самы жаўнеры папрасілі бацькоў эсэмэскамі, каб яны нешта зрабілі.

У Львове ўноч зь нядзелі на панядзелак на Фэйсбуку зьявілася інфармацыя, што жаўнеры ўнутраных войскаў і мясцовы Беркут рыхтуюцца да выезду. На працягу некалькіх хвілін усе ўваходы ў гэтыя часткі былі заблакаваныя дзесяткамі аўтамашын з уключанымі аварыйнымі фарамі, што было знакам тэхнічных праблем.

Тым часам пад брамы прыйшло некалькі сотняў чалавек з навакольных жылых дамоў, якія хутка дамовіліся па мабільніках. Калі грузавік з жаўнерамі паспрабаваў выехаць з тэрыторыі часткі, пратэстоўцы спачатку яго затрымалі, а потым прабілі шыны. Спробы прарвацца астатнім машынам таксама не ўдаліся.

З таго часу кожную частку пільнуюць па некалькі дзесяткаў асобаў, якія каардынуюць свае дзеяньні праз Фэйсбук і мабільнікі. З прычыны таго, што блакаваньне забаронена, афіцыйная вэрсія такая, што людзі там толькі шпацыруюць. Пры ўездах ва ўсе часткі паўсталі таксама барыкады з шын, драўляных прадметаў і хваінак.

Да жаўнераў прыходзяць бацькі. — Мы не дазволім зрабіць з нашых дзяцей гарматнае мяса для ўлады, — кажуць яны. Іншыя баяцца, што калі жаўнеры ня выканаюць загад, то ім пагражае суд.

Камандзёры канфіскавалі ў жаўнераў мабільнікі, то цяпер яны час ад часу кідаюць праз плот паведамленьні на паперках. Атмасфэра напружаная, бо якраз пачалі дзейнічаць “дыктатарскія законы”, якія забараняюць ня толькі пратэсты, але й прадугледжваюць пакараньне за “абразы” на адрас сярод інш. міліцыі, законаў і суддзяў.

Львоўская міліцыя ўжо распачала крымінальныя справы супраць асобаў, якія ўдзельнічаюць у блакаваньні частак. Пакуль што, аднак, ніякіх абвінавачваньняў нікому не было прад'яўлена. Некаторыя ўдзельнікі блакады атрымалі, аднак, ананімныя эсэмэскі з інфармацыяй, што яны павінны зьявіцца ў міліцэйскім участку з прычыны падазраваньня ва ўдзеле ў “масавых беспарадках”. Такога спосабу выкліку каго-кольвечы не прадугледжваюць нават “дыктатарскія законы”, і актывісты тлумачаць гэта як спробу застрашыць іх. Але львоўская міліцыя запярэчвае, што высылала такія эсэмэскі.

Самы жаўнеры дзякавалі блакіроўшчыкаў за тое, што яны выратавалі іх ад вывазу ў Кіеў. Прынесьлі ім дрэва для вогнішчаў — людзі перад брамамі частак грэюцца каля бочак з агнём (тэмпэратура ўначы апускаецца ніжэй за 10 градусаў Цэльсія, а пасьлязаўтра будзе нават мінус 16). Два жаўнеры таксама напісалі заявы на звальненьне з службы, бо ня хочуць ехаць у Кіеў. Камандёры частак запэўніваюць, што ня маюць такога загаду, але ніхто ім ня верыць. Такім чынам, людзі працягваюць “шпацыраваць”.

Такім жа чынам былі заблакаваныя часткі ў Луцку, Калушы і Івана-Франкоўску. Пад Роўнам людзі загарадзілі сваімі машынамі аўтастраду, па якой ехалі чатыры аўтобусы і шэсьць грузавікоў з унутранымі войскамі з Луцка. Усе машыны вярнуліся ў часткі пад канвоем пратэстоўцаў.

Перад будынкам львоўскай абласной адміністрацыі дэманстравалі журналісты, якія патрабавалі ад цэнтральных уладаў, каб тыя не спрабавалі ціснуць на СМІ на аснове “дыктатарскіх законаў”, перасталі біць і забіваць людзей, а таксама ня ўводзілі дыктатуры ва Ўкраіне. Яны трымалі транспаранты “Стоп цэнзуры”, “Стоп дыктатуры” і “Усіх не пасодзіце”.

Журналісты таксама пратэставалі перад будынкам пошты, бо яе новы начальнік, які прыехаў у Львоў з Данецка (гэта прыяцель прэзыдэнта Януковіча, які там вырас), адмаўляецца перавесьці некалькі мільёнаў грывен, якія пошта вінаватая газэтам паводле артыкулу падпіскі, аплочанай чытачамі. Галоўныя рэдактары расцэньваюць гэта як эканамічную цэнзуру незалежных СМІ.

Ігар Тымотс

Пераклаў з польскай В. Буйвал.

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,15321323.html