ПРЫБЛІЗНЫ РАЗЬЛІК

Незабыўны Віктар Сьцяпанавіч Чарнамырдзін увайшоў у сусьветныя цытатнікі бліскучай фразай аб расейскім палітычным будаўніцтве — “какую партию ни строй, получается КПСС”. Але расейскі прэм'ер 90-х яшчэ ня ведаў іншага цывілізацыйнага закона постсавецкай прасторы — якую дзяржаву ні будуй, атрымліваецца пуцінская Расея.

Сябра Віктара Сьцяпанавіча Леанід Данілавіч Кучма ў свой час агаломшыў расейскую грамадзкасьць кнігай пад назовам з выклікам “Україна — не Расея”. Як жа гэта так — не Расея, зьдзіўляліся нават лібэральна настроеныя маскоўскія і піцерскія чытачы. Ну ня можа ж на самой справе так адрозьнівацца ад Расеі былая “другая рэспубліка”, якую ўжо прызвычаяліся ўспрымаць як сваю. І калі ад якога-небудзь львавяніна такое сьцьверджаньне ўспрынялі б спакойна — ну зразумела, яны там, бедныя, пакутвалі пад прыгнётам Аўстрыі і не пасьпелі ўспрыняць усёй шырыні расейскай ласкі, — то ад днепрапятроўца Кучмы такога не чакалі.

Але Кучма меў рацыю. Україна сапраўды не падобная на Расею. Менш імпэрскасьці. Больш анархіі. Менш даверу да ўлады. Больш цікаўнасьці да ўласнага дома. Менш веры ў адмысловае наканаваньне ўласнай дзяржавы. Больш увагі да думкі суседзяў. Менш нафты і газа. Больш неабходнасьці рабіць нешта самым.

І вось гэты набор “менш” і “больш” і нараджаў тую непаўторную ўкраінскую вольніцу, якая нават у найноўшай гісторыі краіны ўжо двойчы выводзіла людзей на Майдан і выклікала вострае непрыйманьне ў чалавека, які стаўся сапраўднай павітухай народнага пратэсту, — Віктара Януковіча. І калі Кучма проста канстатаваў, што Ўкраіне не Расея, то для Януковіча гэта ўжо быў не факт, а пакутлівае пытаньне: чаму не Расея? Чаму ён ня можа валадарыць, як Пуцін?

Учора адказ на гэтае пытаньне быў знойдзены — таму што законы не такія, не расейскія. Вось у Расеі законы слушныя — і ў выніку ні адзін прастэстуючы ня можа пачувацца бясьпечна, ні адзін журналіст ня можа беспакарана паклёпнічаць на ўладу, ніякі інтэрнэт не ратуе людзей ад адказнасьці і ніякая дапамога шкоднага Захаду не дапаможа яго агентам расхістаць наш човен. Вось чаму Ўкраіна не Расея — таму што яна недаробленая!

І Ўкраіну дарабілі. Дэпутаты-рэгіяналы літаральна за некалькі хвілін, без якога-кольвечы электроннага галасаваньня, літаральна як на партсходах праштампавалі законы, якія ўрэшце ператварылі Ўкраіну ў царства парадку і кіруемай дэмакратыі. Цяпер ужо ніхто не паедзе па дарогах краіны калёнай больш за пяць машын, ніхто ня зможа купіць сім-карту без пашпарта, ніхто не наважыцца беспакарана паклёпнічаць на лепшых людзей краіны, ніхто ня будзе “проста так” займацца экстрэмісцкай дзейнасьцю ў сацыяльных сетках. Усе пад кантролем і Крымінальным кодэксам.

Ну і, зразумела, цудоўная маскоўская ружычка на кіеўскі торцік — статус замежных агентаў для грамадзкіх арганізацый, якім аказваюць дапамогу з-за мяжы (трэба меркаваць, з-за заходняй мяжы, з-за якой жа яшчэ: на ўсходзе больш не замежжа, а суцэльная асалода). Гэтая ружычка — каб ніхто не сумняваўся, у якім менавіта горадзе пісалася новае ўкраінскае заканадаўства і з каго Віктар Фёдаравіч бярэ прыклад.

Такім чынам, цяпер ва Ўкраіне павінна атрымацца калі не адразу Ўкраіна, то ўжо хаця б Беларусь. І будуць спакой, парадак і сацыялістычная законнасьць у дзеяньні. Што да гэтага парадку давядзецца прарывацца праз барыкады Майдана — гэта ўладу, падобна, ня надта турбуе: яна свой выбар ужо зрабіла і наўрад ці будзе працягваць казаць пра эўрапейскую інтэграцыю і іншыя абяцаньні, якія яшчэ нядаўна здаваліся сутнасьцю зьнешняй палітыкі Ўкраіны. Таму што ўся гэтая эўрапейская інтэграцыя аказалася навязьлівай, рызыкоўнай і нявыгоднай.

Карацей кажучы, Україна Януковіча — гэта ўжо дакладна не Эўропа. І сказаць, што яна не Расея, сёньня ня зможа нават Леанід Данілавіч Кучма.

Віталь Портнікаў

Пераклаў з украінскай В. Буйвал.

Крыніца: http://grani.ru/opinion/portnikov/m.223480.html

Віталь Портнікаў — украінскі журналіст.