ФАЛЬСІФІКАТАРЫ ЗНОЎ АКТЫВІЗУЮЦЦА
Для сваёй актывізацыі яны выбралі кур'ёзны “юбілей”. 25 гадоў таму Савет міністраў БССР прыняў пастанову аб усталяваньні ў Курапатах помніка ахвярам рэпрэсій. Вось гэта і вырашылі адзначыць сумна вядомыя падпалкоўнік-палітрук Кузняцоў і Г. Шапуцька. Яны сабралі “брыфінг” і выступалі на ім, а журналісты потым шырока паведамілі пра гэта ў “дэмСМІ РБ”.
Сапраўдныя абаронцы Курапацкай сьвятыні бясконца ўдзячныя лёсу, што дагэтуль ня зьдзейсьнілася хлусьлівая абяцанка савміна БССР. Можна сябе ўявіць, які пачварны “помнік” паставілі б у Курапатах тыя прадаўжальнікі сталіншчыны. Гэта была б якая-небудзь “Родіна-мать” з чырвонай зоркай або “памятнік чекісту-верному сыну”. Такога на нашай шматпакутнай зямлі халуі Масквы наставілі безьліч. Наперадзе — у вызваленай Беларусі — дэмантаж усіх гэтых акупацыйных метак. На шчасьце праз даволі кароткі час — у жніўні 1991 года — ня стала ні БССР, ні СССР, ні савміна. Але на працягу доўгіх гадоў ужо стаіць у Курапатах няўклюдная абяцанка (якую даўно было б сьлед выдаліць прэч), аб тым, што “тут будзе помнік”. Каля гэтай камянюкі рэгулярна круцяцца кузняцовы-шапуцькі, наладжвае рытуалы бацюшка Л. Акаловіч. Ім чамусьці вельмі важна, каб абяцанка ад неіснуючай БССР рэалізавалася. Крыжоў вакол сябе яны падкрэсьлена не заўважаюць.
І вось рэанімацыя саўмінаўскай манумэнтальнай абяцанкі ўступае ў сваю чарговую фазу. Падпалкоўнік Кузняцоў прыплёў да тэмы нават новага экзарха РПЦ ў РБ, якога нам нядаўна прыслалі з Разані і які ўжо пасьпеў шакіраваць мільёны людзей сваімі выказваньнямі пра “чарнобыльскі кранік” і падобнае. Падпалкоўнік радасна спадзяецца, што разанскі экзарх зьявіцца ў Курапатах. Беларусы пытаюцца: “А што яму там рабіць? Мы Курапаты бязь іх баранілі ад зьнішчэньня антыбеларускім рэжымам”. Дарэчы, падпалкоўнік радасна спадзяецца, што й антыбеларускі рэжым прыйдзе ў Курапаты і будзе наводзіць тут парадкі. Вось такая трактоўка мэмарыяльнай тэмы. Вось такая логіка падсадных.
Як вядома, летась-пазалетась, падпалкоўнік і ягоныя сябры пацярпелі фіаска са спробай абвясьціць Курапаты “польскім ваенным мэмарыялам” (у месцы, дзе няма парэштак ніякіх вайскоўцаў). Іхная правакацыя правалілася, і ў Польшчы зразумелі, з кім маюць справу. Мы спадзяваліся, што ў заначцы ў падпалкоўніка не засталося больш краплёных карт. Мы памыляліся. На “брыфінгу” ён заявіў, што далучае да курапацкай тэмы “историков, которые теперь живут в Израиле”. Цікава, якое дачыненьне да тэмы маюць гэтыя былыя савецкія людзі? Што новага задумаў з сваёй Масквой падпалкоўнік-палітрук пасьля таго, як ад яго пазбавіліся палякі? Мяркуем, што ў хуткім часе мы пра гэта даведаемся падрабязьней. Але ўжо цяпер трэба паведамляць ізраільскаму грамадзтву і навукоўцам, з кім яны маюць справу. Нагадаем, што ў лістападзе 2012 года абаронцы Курапатаў публічна абвясьцілі савецкага падпалкоўніка-палітрука Кузняцова “пэрсонай нон грата” на тэрыторыі мэмарыялаў, дзе ёсьць магілы беларускіх пакутнікаў.
Янка Базыль