МАСКВА РАТУЕ АНТЫНАРОДНЫ РЭЖЫМ АСАДА
17 студзеня славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Расея ўзмацніла пастаўкі зброі сірыйскаму рэжыму, піша Reuters”. Вось гэты артыкул:
Башар аль Асад меўся атрымаць ад расейцаў кіруемыя ракеты і бранемашыны. Яму нібыта дапамагаюць таксама й расейскія дроны.
Лёндан. Расея ў апошнія тыдні інтэнсіфікавала пастаўкі ваеннага абсталяваньня рэжыму сірыйскага прэзыдэнта Башара Асада.
Агентуры Reuters паведамілі пра гэта паінфармаваныя крыніцы, якія хацелі захаваць ананімнасьць.
Расея зброю дастаўляе альбо непасрэдна, альбо праз іншыя краіны як Баўгарыя ці Ўкраіна, якія яшчэ маюць запасы расейскага арсэнала з савецкай эры.
Расея зьяўляецца блізкім хаўрусьнікам Асада ад пачатку канфлікта і яна пастаўляла яму ваеннае абсталяваньне, уключна з бранемашынамі, беспілотнымі самалётамі і кіруемымі ракетамі.
Узмацненьне паставак адбываецца ў час, калі паўстанцкая армія аслаблена, бо павінна ваяваць таксама й супраць радыкальных ісламістаў ва ўласных шэрагах.
“Дзясяткі транспартных самалётаў “Антонаў” прывезьлі бранемашыны, радары, апаратуру сачэньня, запасныя часткі, а таксама зброю, уключна з кіруемымі ракетамі”, паведаміла блізкаўсходняя крыніца. А таксама аб тым, што расейскія экспэрты дапамагаюць сірыйскай уладзе з дапамогай беспілотных самалётаў вызначаць пазыцыі паўстанцаў і рыхтаваць накіраваныя ўдары па іх.
Прадстаўнік расейскай збройнай кампаніі “Рособоронэкспорт” Вячаслаў Давідзенка адмовіўся камэнтаваць гэтую інфармацыю, але Расея раней не адмаўляла, што пастаўляе сірыйскаму рэжыму ваеннае абсталяваньне.
Petit Press
Пераклаў з славацкай В. Буйвал.