ЭЎРОПА ХВАЛЮЕЦЦА ЗА “РУССКОЯЗЫЧНЫХ” У ЛАТВІІ

13 студзеня славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Рада Эўропы заклікала Латвію лепш ахоўваць правы нацыянальных меншасьцяў”. Вось гэты артыкул:

Рада Эўропы сёньня заклікала Латвію працягваць разьвіваць правы нацыянальных меншасьцяў, асабліва што тычыцца адукацыі, удзела ў грамадзкім жыцьці, прыёма на працу і роўнага доступа да сацыяльных служб. У справаздачы, абнародаванай дарадчым камітэтам Рады Эўропы пры Рамачнай дамове аб ахове нацыянальных меншасьцяў, стразбургская інстытуцыя падкрэсьліла, што Латвія павінна больш строга падтрымліваць культурныя мерапрыемствы абшчын меншасьцяў і лепшым дзяржаўным фінансаваньнем забясьпечыць моўную адукацыю меншасьцяў, уключна з дашкольнай адукацыяй.

Справаздача Рады Эўропы канстатавала, што моўныя веды тых, хто належыць да меншасьцяў Латвіі, выразна палепшыліся ад першага дасьледваньня Рады Эўропы, праведзенага ў 2008 годзе. З другога боку, аднак, у справаздачы вызначаецца, што колькасьць “неграмадзянаў” застаецца высокім, і ўлады павінны праяўляць больш выразнае намаганьне дзеля аблягчэньня працэсу натуралізацыі асобаў, якія дагэтуль не атрымалі латвійскае грамадзянства.

Дакумэнт “Захады па інтэграцыі” ад кастрычніка 2011 года сьцьвярджаў паняцьце “карэннага народа” са згадкай пра латышоў і ліваў. У нядаўніх зьменах у грамадзянскім кодэксе таксама былі адлюстраваныя гэтыя паняцьці, якія, паводле Рады Эўропы, адрозьніваюць групы грамадзянаў на аснове іх этнічнага паходжаньня. Такая пазыцыя разумеецца як этнацэнтрычная і дымкрымінацыйная ў адносінах да абшчын меншасьцяў.

Дзейсны моўны закон, паводле Рады Эўропы, і надалей абмяжоўвае выкарыстаньне моваў меншасьцяў, а вось выкарыстаньне латышскай мовы ёсьць абавязкавым ва ўсіх адміністрацыйных адносінах, прычым абавязкавы ўзровень прафэсійнай здольнасьці ў колькасна ўсё большых працоўных пазыцыях таксама й у прыватным сэктары строга прасочвае Дзяржаўны моўны цэнтар.

tasr

Пераклаў з славацкай В. Буйвал

Крыніца: http://hn.hnonline.sk/svet-120/rada-europy-vyzvala-lotyssko-na-lepsiu-ochranu-prav-narodnostnych-mensin-601298

Нешта мы ня памятаем, каб камітэт Рады Эўропы прыняў якую-небудзь заяву пра зьнішчэньне ўсяго беларускага палітыкай русіфікацыі ў акупаванай Беларусі. Ня памятаем нават, каб яны ў Стразбурзе нават калі пацікавіліся гэтымі злачынствамі супраць нашага народа.

А вось латышы, аказваецца, якія нехарошыя — яны за дзяржаўнасьць сваёй мовы. Яны хочуць, каб у іхнай краіне гучала родная мова. Гэта, паводле, эўрапейскага начальства ёсьць злачынствам “этнацэнтрызма” і дыскрымінацыі. Гэта заяўляюць эўрадзеячы, якія зрабілі з хрысьціянскай Эўропы стракаты балаган для мільёнаў экзотаў, якія ня хочуць і ня будуць эўраінтэгравацца і кажуць, што ім ненавісна ўсё эўрапейскае і хрысьціянскае.

Вядома, што ёсьць адна меншасьць у Латвіі, якая ўсё ня можа засвоіць дзяржаўную мову і пасылае пратэсты ў Стразбург і Маскву. Гэта такзваныя “русскоязычные”. Усе астатнія (уключна зь беларусамі) даўно знайшлі сваё месца ў Латвіі. Дык на гэта ёсьць практычны сродак. Зусім побач з маленькай Латвіяй — вялікая Расея, усе кліматычныя паясы, безьліч гарадоў і вёсак, бясконцыя пустыя прасторы, зямля, лясы, уся табліца Мендзялеева, “Путин, которого мы любим”, “всё по-русски”... І што ж так мучаюцца, бедалагі?! І чаму ня хочуць ехаць у сваю Расею?

Сяргей Камароўскі