“РАСЕЙСКАЯ САКРЭТНАЯ СЛУЖБА ХОЧА ТАТАЛЬНА КАНТРАЛЯВАЦЬ ГРАМАДЗЯН”
15 студзеня славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:
Пасьля тэрактаў расейскія дэпутаты падрыхтавалі новыя ўпаўнаважаньні для сакрэтных службаў.
Масква, Прага. Інтэрнэт можа цалкам апынуцца ў руках расейскіх сакрэтных службаў. Паліцыя будзе мець магчымасьць праверыць любую аўтамашыну, якую спыніць, і зрабіць асабісты ператрус тых, хто ёй не спадабаецца.
Гэта выплывае з праекта законаў па барацьбе з тэрарызмам, які ў сераду афіцыйна прадставіла група расейскіх дэпутатаў калегам у думе.
А сапраўдныя тэрарысты, якія нядаўна ўзарвалі чыгуначны вакзал і тралейбус у Валгаградзе, відавочна дапамаглі ФСБ правесьці новыя захады, якія амаль напэўна закрануць і вобласьць грамадзянскіх правоў і свабод.
Настроі пасьля тэрактаў
Грамадзкая думка пасьля шока ад двух самагубчых тэрактаў у Валгаградзе, дзе загінулі 34 чалавекі, і з набліжэньнем алімпіяды ў Сочах ёсьць больш уступлівая.
У распрацоўцы праекта бралі ўдзел сапраўдныя экспэрты ў спэцыфіцы сакрэтных службаў. Напрыклад, дэпутат ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Андрэй Лугавой, былы супрацоўнік КГБ.
У Вялікай Брытаніі ён зьяўляецца галоўным падазраваным у забойстве свайго калегі Аляксандра Літвіненкі. Альбо былы член аддзелаў спэцыяльнага прызначэньня ОМОН камуніст Леанід Левін.
Дэпутаты хочуць зьменаў у трох вобласьцях: пашырэньня паўнамоцтваў ФСБ, якія ўжо ёсьць дастаткова шырокія, увесьці спэцыяльны кантроль над электроннымі банкаўскімі справамі і ўрэшце таксама й татальны дагляд за ўсім інтэрнэтам.
Паводле закону, ужо ня будзе магчыма вывозіць ананімныя грошы ў замежжа. Больш строгім будзе кантроль над непрыбытковымі арганізацыямі і іх фінансаваньнем з замежжа.
Ужо цяпер яны павінны афіцыйна рэгістравацца як “замежныя агенты”, калі іх спансаруюць з замежжа. Пасьля прыняцьця новага закона іхняя дзейнасьць можа быць цалкам забаронена.
Дадзеныя для ФСБ
Гостынгавая фірма павінна аўтаматычна перадаваць ФСБ дадзеныя пра сваіх кліентаў, такія як тэлефон, адрас, адрас ІР і э-мэйл.
Будзе падвышаны таксама ўзровень пакараньня за тэрарызм. За ўдзел у падрыхтоўцы тэракта дэпутаты хочуць даваць выканаўцу 20 гадоў турмы, за фінансаваньне тэрарызма яны прапануюць пажыцьцёвае зьняволеньне.
Лугавой ужо ў мінулым праводзіў законы, якія дапамагаюць сакрэтным службам кантраляваць грамадзян. Напрыклад, такі, які дазваляе ўладам самастойна, без судовага рашэньня заблакаваць любую вэб-старонку.
Пэтра Прахазкава
Пераклаў з славацкай В. Буйвал.