МАСКОЎСКІМ МУЖЧЫНАМ НЕ ПАТРЭБНЫЯ “ДАРЫ ВАЛХВОЎ”

Як вядома, ў Маскву з Грэцыі прывезьлі праваслаўную хрысьціянскую сьвятыню — “Дары валхвоў”. РПЦ і СМІ паведамляюць, што вялікія натоўпы людзей стаяць на марозе па 12 гадзін, каб патрапіць у сабор Хрыста Збаўцы і пакланіцца рэліквіі. Больш пільныя назіральнікі заўважылі, што да рэліквіі ёсьць два ўваходы: “для ВІП-пэрсонаў” і для ўсіх астатніх. Зразумела, што ў першы ўваход заводзяць без чаргі. Але мы зьвярнулі ўвагу на іншы аспэкт гэтай грамадзкай зьявы.

Зірніце на фотаздымкі “чаргі да дароў” (http://grani.ru/Events/m.223321.html#media-223238). Удзел у людской масе жанчын блізкі да статыстычных 100%. Дзе ж мільёны “москвитян”?! Дзе маскоўскія мужчыны, юнакі, “былинные старцы” і падобнае? Была такая славутая ў міфалогіі грэцкая выспа Лесбас, дзе жыхарства зусім не талеравала мужчын. Але вядома, што з антычных часоў там усё ж завяліся мужчыны. Цікава, што статыстычна ў будынках РПЦ па ўсёй адміністрацыйнай тэрыторыі РПЦ назіраецца адна карціна (дакладней дзьве): гэтыя будынкі або пустуюць, або прымаюць збольшага жаночую частку грамадзтва на нейкія мерапрыемствы. Такая чалавечая зьява, як сям'я, у РПЦ не назіраецца. Высновы прапануем зрабіць самастойна.

Ёсьць яшчэ адзін аспэкт сацыяльнага і рэлігійнага жыцьця ў горадзе, які на поўным сур'ёзе ўжо параўноўваюць з Стамбулам, Карачы, Куала-Лумпурам і Тэгэранам. У Маскве нават афіцыйна прызнана, што ў расейскай сталіцы жывуць больш за 2,5 мільёна мусульманаў. Яны да “дароў” ня пойдуць. А вось на мусульманскія сьвяты на вуліцах Масквы назіраюцца наступныя масавыя сцэны (глядзіце фота) — сотні тысячаў мужчын моляцца разам, аб'яднаныя духоўнай традыцыяй і верай. Паводле іхнай традыцыі, жанчыны застаюцца ў сям'і, займаюцца дзецьмі, рыхтуюць сьвята.

Вось такія “дзьве Масквы”. І няцяжка здагадацца, якой зь дзьвюх належыць будучыня.

Ян Булыга