УКРАІНСКІЯ СЬВЯТАРЫ — ЗА НАРОД, ЗА ДЗЯРЖАВУ

13 студзеня польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Януковіч запалохвае грэка-каталікоў за падтрымку Майдана. Папа Францішак стаў на абарону сьвятароў”. Вось гэты артыкул:

Урад Украіны пагражае зрабіць незаконным грэка-каталіцкі Касьцёл. Папа Францішак стаў на яго абарону і папярэджвае ўрад Януковіча.

“Парушэньне адпаведных палажэньняў можа стаць прычынай для перадачы ў суд заявы на забарону дзейнасьці такіх рэлігійных супольнасьцяў” — гэта ключавы фрагмэнт дакумэнта, які ўчора ўкраінскае міністэрства культуры накіравала арцыбіскупу Сьвятаславу Шаўчуку, прадстаяцелю ўкраінскага грэка-каталіцкага Касьцёла.

Міністэрства, якое ад імя дзяржавы, займаецца справамі Касьцёлаў і рэгігійных супольнасьцяў, прыгразіла зрабіць незаконным грэка-каталіцкую Царкву за ўдзел яе герархаў і ксяндзоў у дэманстрацыях на кіеўскім Майдане падчас пратэстаў, якія працягвпюцца там з канца лістапада мінулага года. А таксама за пабудову там капліцы, штодзённае правядзеньне малітваў, а на сьвяты правядзеньне імшы. Міністэрства сьцьвердзіла, што гэта ёсьць “парушэньнем закона аб свабодзе вераспавяданьня”, таму што на такую дзейнасьць павінна быць атрымана згода адпаведніх уладаў. А такой згоды ніхто не даваў.

“Грамадзяне, якія вераць у Бога, адчуваюць патрэбу больш інтэнсіўных малітваў за мір”

“Людзі, што сабраліся на Майдане, зьвярнуліся да ўкраінскага грэка-каталіцкага Касьцёла і іншых Касьцёлаў з просьбай, каб яны былі зь імі і разам маліліся — напісаў ў сваім адказе арцыбіскул Сьвятаслаў. — У час, калі не стае дыялога паміж уладай і грамадзтвам, грамадзяне, што вераць у Бога, адчуваюць патрэбу больш інтэнсіўных малітваў за мір і згоду ў нашай дзяржаве, за спыненьне гвалту і здушэньня годнасьці і канстытуцыйных правоў грамадзянаў Украіны”.

Гэрарх нагадаў учора на прэс-канфэрэнцыі, што пагроза зрабіць незаконным грэка-каталіцкі Касьцёл ёсьць першым такім выпадкам ў найноўшай гісторыі Ўкраіны. І што ягоны Касьцёл ў СССР дзейнічаў у падпольлі з 1946 г., калі яго абвясьціў незаконным Сталін. Здавалася — дадаў ён — што “прамінулі часы, калі руйнавалі сьвятыні, а ксяндзоў, якія несьлі духоўную абслугу вернікам, арыштоўвалі і нават забівалі”.

Наступ на грэка-каталіцкі Касьцёл ёсьць чарговай праявай стратэгіі канфрантацыі, якую ў дачыненьні да пратэстуючых вядзе групоўка Януковіча пасьля заключэньня пагадненьняў з Уладзімірам Пуціным ў сярэдзіне сьнежня мінулага года. Уладу трымаючыя двойчы спрабавалі разагнаць Майдан гвалтам (30 лістапада і 11 сьнежня), а калі гэта ім ня ўдалося, яны пачалі выкарыстоўваць выбарачныя рэпрэсіі і біць дэманстрантаў, як журналістку Тацяну Чарнавол, дэпутата Андрія Іллэнку, а апошнім разам Юрыя Луцэнку — аднаго з кіраўнікоў пратэста.

Пагрозы пад адрасам Касьцёлаў служаць для запалохваньня пратэстуючых.

Яны павінны таксама паказаць, што ўлада настроена рашуча навесьці парадак усімі мэтадамі.

Касьцёлы адыгрываюць ўсё большую ролю ў грамадзкім жыцьці Ўкраіны, з даверам да іх ставіцца пераважная большасьць грамадзтва (каля 70%). Усе хрысьціянскія Касьцёлы (у тым ліку рымска-каталіцкі), габрэі і мусульмане падтрымалі падпісаньне дамовы аб супрацоўніцтве Ўкраіны з Эўразьвязам. Яны таксама асудзілі ўжываньне гвалту супраць Майдана. Касьцёлы адыгралі таксама асноўную ролю ў захаваньні мірнага характару пратэстаў.

Улады імкнуцца разьбіць салідарнасьць Касьцёлаў

У штонядзельных мітынгах на Майдане ўжо ня ўдзельнічаюць сьвятары ўкраінскай праваслаўнай Царквы, падпарадкаванай маскоўскаму патрыярхату, хаця яны былі там у першыя тыдні пратэстаў. У звароце з нагоды Божага Нараджэньня патрыярх Кірыла папярэдзіў з Масквы ўкраінцаў перад вынікамі рэвалюцыі, якія прывядуць да “кровапраліцьця і ўсталяваньня дыктатуры”.

Падзеі ва Ўкраіне інакш ацэньвае папа Францішак. Чатыры дні таму апостальскі нунцый у Кіеве ў адмысловым лісьце паінфармаваў арцыбіскупа Сьвятаслава, што папа “моліцца за мір і згоду для любаснага ўкраінскага народу”. Гэты ліст у Кіеве ўспрымаецца як моцны голас у абарону грэка-католікаў і папярэджаньне ўладам. Хаця ліст быў накіраваны да афіцыйнага агучваньня пагрозаў міністэрства ў адрас грэка-каталіцкага Касьцёла, але безумоўна ён зьяўляецца рэакцыяй на пагрозы, паведамленьне пра якія ўжо раней распаўсюджваліся ў добра інфармаваным асяроддзі.

Варта дадаць, што цяперашні папа і прадстаяцель украінскіх грэка-католікаў добра знаёмыя з часоў, калі біскуп Сьвятаслаў Шаўчук на працягу двух гадоў знаходзіўся ў Аргентыне як біскуп тамашніх грэка-каталікоў. Тады ён быў падпарадкаваны кардыналу Хорхэ Бэргольё.

Апостальская сталіца таксама падтрымала ініцыятыву прадстаяцеля грэка-каталікоў у справе падпісаньня ў чэрвені мінулага года каталіцкімі Касьцёламі з Польшчы і Ўкраіны гістарычнай дэкларацыі ў 70-ю гадавіну валынскай трагедыі.

Міраслаў Чэх

Пераклаў з польскай В. Буйвал.

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,15266355,Janukowycz_straszy_grekokatolikow_za_popieranie_Majdanu_.html