НАКІРУНАК НА АЛЬТЭРНАТЫВУ

(Выступ на студзеньскім (2014 г.) Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Скарочаны)

Настаў 20-ты год “цёмнага часу”. Відавочны яго крызіс. Але і відавочныя вынікі ўлады дваццацігадовай духоўнай цемры і нацыянальнага разбурэньня. Некалькі гадоў таму ў мяне ў Варшаве гасьціў мой даўні сябра Міхась Чарняўскі. Я пачаў гаворку пра яго пляменьніка Ігара Чарняўскага, якога ведаў з маленства. Гэта быў выдатны малады чалавек, у 1990-х прыхільны фронтавец і актыўны фронтаўскі дэпутат Менгарсавета, дзе паказаў сябе з пазытыўнага патрыятычнага боку. Пад рэжымам Лукашэнкі ён моцна перамяніўся, апынуўшыся ў рэжымных структурах. “Чаму так сталася?” — спытаў я. “Я не хачу пра яго гаварыць і ведаць”. — адсек жорстка лагодны і памяркоўны Міхась. Мяне гэта ўразіла, але гаворкі далей ужо быць не магло.

І вось нядаўна чытаю выказваньне Ігара Чарняўскага: “Помнік Леніну мае такое ж значэньне, як і твор Мікельанджэла”. І ўспомнілася мне тая даўняя гаворка зь яго дзядзькам Міхасём і маім прыяцелем, які ўжо не жыве. Украіна імкнецца разьвітацца з помнікамі акупацыі, з посахам сатанінскага варвара, улада якога арганізавала Галадамор, замарыла голадам 10 мільёнаў украінцаў, нішчыла ўкраінскую мову і культуру, рабавала людзей. На Беларусі ў гэты час загучэлі галасы абаронцаў акупацыі і яе ганебных для нацыі знакаў, пакінутых на нашай зямлі. Добра, што дзядзька Міхась ужо тое ня чуе. Хаця ня ведаю — можа ён перавярнуўся ў труне.

За няпоўныя яшчэ 20 гадоў антыбеларускай палітыкі ўнутранай акупацыі стала заўважным, як паступова зьяўляецца новае пакаленьне, вырашчанае ў антыбеларускім духоўным рабстве. Адчуваецца павелічэньне нянавісьці — вынік перайманьня мэнтальнасьці палітычнага кіраўніцтва. І што вельмі характэрна для крызісу грамадзкай сьвядомасьці — гэта пашырэньне эгацэнтрычнай нянавісьці да сваёй нацыі і да яе лепшых прадстаўнікоў, герояў, пакутнікаў, вялікіх людзей і ўвогуле да сьвятасьці, шанаванай народам і культурай. Зьневажаюць імя Купалы, Багушэвіча, Каліноўскага. Гэта тыповыя міязмы антынацыянальнага рэпрэсіўнага рэжыму. Людзі, якія ступілі на такі шлях, перш за ўсё адчуваюць сваю беспакаранасьць за інтэлектуальныя і маральныя злачынствы супраць народа. Яны разумеюць, што цяпер так ужо можна казаць, бо нацыя аслаблена, яе нішчаць і адпору ніхто ня дасьць ні словам, ні дзеяньнем. Праўда, наш шаноўны Пётра Вікенцьевіч Садоўскі нядаўна напісаў выдатны навуковы артыкул, дзе паказаў грамадзка-псіхалагічныя карэньні гэтай паталагічнай зьявы. Цемрашальская заганнасьць такой псіхічнай пазыцыі ў тым, што яна выяўляецца ў палітычным вымярэньні і кладзецца на дэфармаваныя ўяўленьні нашай моладзі, вывучанай у русіфікатарскай антынацыянальнай школе. Практычна, гэта ёсьць агрэсіўны варыянт сучаснага “заходнерусізму”, культывуецца пазыцыя нацыянальнага суіцыду.

Нельга сказаць, што гэтая зьява маргінальная, бо яна цалкам супадае, а ў пляне нэгатыўных антыбеларускіх фармулёвак — пераўзыходзіць вызначэньні, характэрныя для афіцыйнага рэжыму ўлады.

Другое, што заўважана за мінулы год, — гэта адчувальнае пажаўценьне сродкаў масавай інфармацыі ўсялякага дэмакратычнага кшталту. Тэндэнцыя гэта працягваецца і зьяўляецца вынікам адыходу ад нацыянальных пазыцыяў беларускага Адраджэньня.

2012 год засьведчыў узмацненьне пазыцыяў Крамля ў Беларусі, нарошчваньне маскоўскай ваеннай прысутнасьці на нашай тэрыторыі і замацаваньне жорсткай залежнасьці ўзурпатара ўлады ў Беларусі ад маскоўскай палітыкі.

Усё гэта адбываецца разам з пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў краіне і пашырэньнем схаванага незадавальненьня людзей. Але спадзявацца, што магчымыя грамадзкія пратэсты вынесуць краіну на добрую дарогу (пра што мы ня раз папярэджвалі), ня трэба. Гэтага ня будзе без падрыхтоўкі асяроддзя і кіраваньня працэсам.

У гэтай сувязі яшчэ дадам, што паводзіны рэжыму апошнім часам (падатак на аўтамашыны, зачыненьні музэяў, зачыненьні рэшты беларускіх школаў і бібліятэк, рэжымны кантроль над распаўсюджвальнікамі кніг у кнігагандлі, імкненьне абкласьці падаткам непрацуючых, пазбавіць мэдычнай дапамогі беларусаў, выпхнутых на працу за мяжу, узмацненьне фальсіфікацыйнай машыны выбарчай сістэмы і інш.) — усё гэта пацявярджае, якая паранойная мадэль паводзінаў узурпатара магчымая на выпадак грамадзкага абвастрэньня. З гэтых дапушчэньняў мы павінны зыходзіць, фармулюючы нашу палітыку.

Удзельнічаць у мясцовых псэўдавыбарах нельга, але неабходна скарыстаць агітацыйную магчымасьць дзеля пашырэньня альтэрнатывы. Праца на грамадзтва і на альтэрнатыву застаецца нашай агульнай задачай.

Аналізуючы мэтодыку рэжыму ў вынішчэньні культурных аспэктаў жыцьця нацыі, прыходзім да высновы, што асьветніцтва, захаваньне і адраджэньне беларускай мовы і беларускай сям'і застаюцца галоўнымі прыярытэтамі ў нашай нацыянальна-культурніцкай дзейнасьці і альтэрнатыўнай пазыцыі.

12 студзеня 2014 г.

Зянон Пазьняк