АНДРЭЙ ПІАНТКОЎСКІ: “РУСКІ ПАЦЫЕНТ”
Самы ўплывовы палітык сьвету — усяго толькі самая выдатная пасрэднасьць расейскага палітычнага класа. І ў гэтай сваёй якасьці ён падзяляе ўсе яго непаўнавартасныя калектыўныя комплексы. Аргуманты Рускага Пацыента (у любой яго іпастасі: пуцінскай, кісялёўскай, пушкоўскай), які кляйміць дамову аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам, прымітыўна хлусьлівыя. Але як і ўсе нэўротыкі, што церпяць, хлусіць Рускі Пацыент натхнёна, апантана і шчыра. Надта значныя для яго тыя рэальныя матывы, якія даводзіцца сарамліва хаваць.
Ён хлусіць, калі ў духу “сусьветнай спачувальнасьці рускага чалавека” заламвае рукі ў фальшывым украінацярпеньні: падманваюць падступныя лаціняне малодшага браточка-няўмеку, даўна, няздольнага прачытаць 900 старонак пагадненьня.
Сапраўдныя адносіны пацыента да браточка (або да сястрычкі) вырвалася толькі ў цудоўным шчыраваньні нашага прыўкраснага левага інтэлектуала, філолага, журналіста, палітыка, бізнэсоўца, акцёра, музыканта, пісьменьніка Зямлі Рускай Захара Прылепіна: “Як было б прыемна, калі б Україна вярнулася праз год або там праз тры, сырая, босая, агаломшаная, з засьцюжанымі прыдаткамі, ашалелая ад таго, што зь ёю здарылася”.
Памры, Захар, лепш ня скажаш. Хто яшчэ прад'явіць urbi et orbi такі забойчы мэдычны аналіз душэўных фэкалій сусьветна спачувальнага Рускага Пацыента!
Хлусіць, як Пуцін у Трыесьце, сумуючы, што танныя эўрапейскія тавары, пракаціўшыся вогненым валам па скоранай Украіне, абрынуцца на прасторы безабароннай Расеі. Нібыта няма ў ягоных руках такога стандартнага мытнага мэханізма як кантроль за рухам адчувальных для расейскага рынку тавараў шляхам вызначэньня краіны паходжаньня і ўвядзеньня пошлін на іх на ўзроўні СГА.
І асабліва нахабна і цынічна хлусіць РП (Рускі Пацыент), калі прадказвае крах арыентаванага на экспарт у Расею мэталургічнай і пракатнай вытворчасьці Ўсходняй Украіны ў выніку асацыяцыі з Эўразьвязам. Дамова ніяк не закранае інтарэсы гэтых галінаў. Эўразьвяз не зьяўляецца для іх канкурэнтам. Але крах іхны сапраўды настане ў выпадку адмовы Расеі купляць іхную прадукцыю. Менавіта гэтым пахан Зямной Кулі шантажуе Кіеў, пагражаючы Ўкраіне адкрытай эканамічнай вайной за невыкананьне ягоных палітычных патрабаваньняў.
І ня толькі пагражаючы, але ўжо сёньня дэманстрацыйна зачыняючы мытныя пункты і разрываючы заключаныя кантракты. Дзейнічаючы пры гэтым эканамічна на шкоду і самой Расеі, таму што мы купляем украінскія тавары не з-за дабрачыннасьці, а таму што любы нармальны гандль ўзаемавыгадны. Дабрачыннасьць немец у Крамлі праяўляе толькі ў адносінах да Нямеччыны, якой ён прадае газ па коштах у два разы ніжэй чымсьці Ўкраіне.
А цяпер пра глыбінныя матывы паводзінаў Рускага Пацыента. Калі ёсьць сёньня нейкая адна звышідэя, што аб'ядноўвае ўсіх тых людзей, якія так любяць называць сябе расейскай палітычнай “элітай”, то гэта імкненьне “дамінаваньня на постсавецкай прасторы”, утварэньня “зоны прывілегіяваных інтарэсаў”, “пераадольваньня буйнейшай гэапалітычнай катастрофы 20 стагоддзя”, аднаўленьня ў той або іншай якасьці расейска-савецкай імпэрыі.
Постімпэрскія мэсіянскія комплексы заўсёды былі характэрныя для расейскага палітычнага класу. Але калі ў першыя постсавецкія дзесяцігоддзя нашая дыпламатыя з надзвычайнай помпай вяла свае фантомныя бітвы “супраць пашырэньня НАТО”, за “традыцыйныя расейскія інтарэсы на Балканах” і г.д., то цяпер яе апэратыўная прастора звужаецца да постсавецкай, дзе яна і зьбіраецца даць свой “апошні і рашучы бой”. Але пры захаваньні сваіх установак ёй наканавана яшчэ адна параза, прычым значна больш сур'ёзная. Гэтым разам будзе йсьціся не аб фантомах велічы — не пусьціць Эстонію або Славенію ў НАТО, — а аб рэчах сапраўды вельмі важных — адносінах да нас нашых бліжэйшых суседзяў.
Расея ня будзе “дамінаваць” на постсавецкай прасторы і не адновіць там ніякай “імпэрыі”, як гэта сьніць нашая палітычная “эліта”. І не таму, што на гэтай прасторы зьяўляюцца новыя гульцы, што валодаюць большымі эканамічнымі або інфармацыйнымі рэсурсамі. У стварэньні імпэрый рэсурсы — ня самае галоўнае.
Расейская імпэрыя распадалася двойчы. Першы раз у 1917 годзе. Перазахаваны колькі гадоў таму з гонарам на Радзіме Антон Іванавіч Дзянікін і разам зь ім бальшыня рускіх адукаваных людзей таго часу перажывалі гэты распад як нацыянальную катастрофу. Яны зусім шчыра лічылі Ўкраіну часткай Вялікай Расеі. І ня толькі Ўкраіну, але і Каўказ, і Прыбалтыку, а магчыма, і Фінляндыю з Польшчай. Невыпадкова, што цэнтральным лёзунгам белага руху быў “За адзіную і непадзельную Расею”. Гонар і вернасьць гэтай ідэі не дазвалялі белым нават дзеля перамогі над бальшавікамі ісьці на кампрамісы з нацыяналістычнымі рухамі на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі, якія не падзялялі гэтую ідэю.
Гэтая пазыцыя заслугоўвае разуменьня і шанаваньня. Яна мела толькі адзін недахоп. Яна не падтрымлівалася ні ўкраінцамі, ні каўказцамі, ні прыбалтамі — нікім зь нярускіх народаў Расеі. У лепшым выпадку нехта мог зь ёю пагадзіцца. Але захапіць, тым больш прымусіць за сябе змагацца і паміраць, ідэя Вялікай Расеі нікога зь іх проста не магла. Гэта элемэнтарная ісьціна, але на яе асэнсаваньне ў “тытульных” нацый былых імпэрый патрэбныя зазвычай дзесяцігоддзі.
Неразуменьне яе было адной з прычын паразы белага руху. Перамаглі чырвоныя, якія паабяцалі ўсім усё і ўступалі ў любыя тактычныя хаўрусы. Пасьля перамогі над Дзянікіным і іншымі белымі генэраламі бальшавікі даволі хутка рэалізавалі ягоную праграму “адзінай і непадзельнай”, аднавіўшы амаль цалкам Расейскую імпэрыю. Як жа адбыўся гэты цуд і чаму ён не адбудзецца сёньня?
Ды таму, што Ленін і ягоныя таварышы нікому з народаў былой Расейскай імпэрыі не спрабавалі навязваць абсалютна чужую і пустую для іх ідэю Вялікай Расеі. Чырвоная армія несла ім на сваіх штыках, а яе камісары — у сваёй прапагандзе натхняльную камуністычную ідэю сацыяльнай справядлівасьці і вызваленьня прыгнечаных працоўных. Няважна, што ідэя аказалася ілжывай, а яе рэалізацыя злачыннай. Гэта высьветлілася пазьней. А тады яна захапляла мільёны людзей незалежна ад іх нацыянальнасьці і ня проста была квазірэлігійнай, а іграла ролю самай сапраўднай новай рэлігіі.
Рацыю меў геніяльны Андрэй Амальрык, які яшчэ на прыканцы 1960-х прадказаў распад Савецкага Саюза, калі сьцьвярджаў: “Як прыняцьце хрысьціянства працягнула на 300 гадоў існаваньне Рымскай імпэрыі, так і прыняцьце камунізма працягнула на некалькі дзесяцігоддзяў існаваньне Расейскай імпэрыі”.
СССР мог распасьціся крыху раней, крыху пазьней, паводле таго або іншага сцэнару (напрыклад, югаслаўскага), але калі камуністычная рэлігія памерла ў душах спачатку сваіх жрацоў, а потым і паствы, савецкай тэакратычнай імпэрыі быў наканаваны канец.
А што сёньняшняя расейская “эліта”, якая церпіць на фантомныя болі, можа запрапанаваць былым будаўнікам платонаўскага Катлавана? Нічога, акрэм пампезных размоваў аб сваёй велічы, пра сваю гістарычную місію, пра мэсіянскае імпэрскае прызначэньне рускага этнасу. Але гэта нікому акрэм нас нецікава. Максімум, на што некаторыя суседзі гатовыя — паблажліва выслухоўваць гэтыя фантазмы за буйныя фінансавыя субсідыі.
Вось у падобным няшчырым, фальшывым і прыніжаючым для Расеі гандлі і заключалася ўся нашая палітыка на постсавецкай прасторы на працягу двух зь лішкам дзесяцігоддзяў:
— Мы вам крыху нафты і газу, а вы, калі ласка, пагаварыце крыху пра нашую веліч;
— А Вам, Аляксандр Рыгоравіч, вельмі шмат нафты і газу, а Вы, калі ласка, яшчэ колькі гадоў павадзіце нас за нос казачкай пра ваша гістарычнае аб'яднаньне з намі. Нам так прыемна адчуваць, што мы ўстаем з каленаў і адраджаем Вялікую Дзяржаву;
— А Вам, Нурсултан Абішавіч, выгадны падзел Касьпія і канчатковая дамова аб мяжы, а Вы, напрамілы бог, працягвайце кожныя паўгады высоўваць якую-небудзь вялікую эўразійскую ініцыятыву.
Лідэры постсавецкіх дзяржаваў цудоўна разумелі ўсе комплексы Рускага Пацыента і, як вопытныя псіхааналітыкі, цудоўна іх эксплуатавалі. Асабліва пасьпяхова гэта рабіў Вялікі Славянін Аляксандр Лукашэнка. Як бальшыня дыктатараў ХХ стагоддзя, гэты малаадукаваны чалавек праявіў сябе прыроджаным псіхолагам. На працягу многіх гадоў ён рэгулярна прыязджаў у Маскву, падпісваў чарговую паперку аб канчатковым і ўсеабдымным аб'яднаньні з Расеяй, разьбіваў у Гранавітай палаце шклянку з гарэлкай і ад'язджаў з чарговымі фінансавымі прэфэрэнцыямі на некалькі мільярдаў даляраў, якія дазвалялі ўтрымаць на плаву ягоную неэфэктыўную эканоміку. Але ніколі ні на сэкунду ён ня думаў сур'ёзна аб тым, каб прамяняць сваё становішча дыктатара сярэдняй па памерах эўрапейскай дзяржавы на пасаду менскага сакратара абкама або губэрнатара.
Ягоныя калегі па постсавецкай прасторы былі не такія віртуозныя ў сваіх адносінах з Расеяй, але кожны зь іх атрымаў нямала для сябе карыснага, умела падтрымліваючы да часу ілюзіі Масквы наконт аднаўленьня “лібэральнай” або ня надта лібэральнай імпэрыі.
Зладзейская і бяздарная, фанабэрыстая і баязьлівая расейская палітычная “эліта”, што мітусіцца паміж Куршавэлем і Лефортавым, ніяк ня можа зразумець, што нікому яна на хрэн не патрэбная на постсавецкай прасторы ў якасьці настаўніка жыцьця і цэнтра прыцягненьня. Пуцінская Дзюдохэрыя ні для каго ня можа быць прывабнай — ні для мільёнаў украінцаў, якія прагнуць выбавіцца ад уласных бандытаў ва ўладзе, ні для данецкіх крымінальнікаў, якім не патрэбны альфа-пахан над імі ў Крамлі. Украінскае Так — Эўропе на 90% азначае Не — постсавецкай мадэлі крымінальнага капіталізма, Не — Мытнаму саюзу чатырох паханоў.
Ну, можа быць, знайшліся б на постсавецкай прасторы якія-небудзь сацыяльна блізкія браты па розуму, калі б расейская эліта, што хрыпіць ад нянавісьці да Захаду, запрапанавала б ім пасьлядоўны Вялікі Антызаходні Ідэлагічны Праект. Але ўсім вядома, дзе гэтая эліта захоўвае свае багацьці і ў якой сталіцы жабруюць і займаюцца дробным крадзяжом выдатныя дыпламаты і разьведчыкі вялікай дзяржавы, што ўстае з каленаў.
Кожнага новага кіраўніка ў краінах СНД мы рана ці позна абвяшчаем празаходнім або “яшчэ больш празаходнім”, не заўважаючы, што тым самым выносім прысуд сваёй уласнай палітыцы. Дзе ж тыя “прарасейскія”, чакаючы якіх мы будуем пясочныя замкі сваёй новай імпэрыі? А можа ўсё-ткі нешта ня так з намі і з нашай палітыкай, а прэзыдэнты проста праўкраінскія, прагрузінскія, прабеларускія? Масква ніколі не дачакаецца праяваў на прасторах СНД “прарасейскіх” сілаў у сваім разуменьні гэтага слова.
Няздольнасьць нарцысуючай у сваіх мэгаламанічных фантазіях “эліты” не фармальна на паперы, а ўнутрана псіхалагічна ўспрымаць сур'ёзна незалежнасьць краінаў СНД, яе дзіўная глухата да магчымай рэакцыі нашых суседзяў, духоўная лянота, што не дазваляе зірнуць на сябе іхнымі вачыма, — усё гэта нараджае цыкл адчужэньня і варожасьці, які самаразгортваецца на ўсёй постсавецкай прасторы.
Яшчэ ў 97-м годзе ўсе гэтыя фантомныя дзяржаўныя комплексы былі артыкуляваныя ў сумна вядомым дакумэнце “СНД: пачатак і канец гісторыі”. З тае пары рэкамэндацыі даклада чырвонай ніткай праходзяць праз бясконцыя шматгадовыя публікацыі “экспэртаў” па бліжняму замежжу і ўвасабляюцца ў рэальную палітыку Крамля на постсавецкай прасторы.
Україна: “Прымушэньне Ўкраіны да дружбы, у адваротным выпадку паступовае ўсталяваньне эканамічнай блакады Ўкраіны паводле ўзору блакады Кубы ЗША”.
Закаўказьзе: “Толькі пагроза сур'ёзнай дэстабілізацыі Грузіі і Азэрбайджана, падмацаваная дэманстрацыяй рашучасьці Расеі ісьці да канца гэтым шляхам, можа запабегчы канчатковаму выштурхоўваньню Расеі з Закаўказьзя”.
І ўрэшце: “Мы зыходзім зь неабходнасьці і натуральнасьці дамінантнай ролі Расеі ў нацыянальных ворганах СНД. Інакш навошта Расеі настойваць на іх стварэньні?”
“Мы хочам бачыць Расею моцнай”, — запэўніваюць нас аўтары даклада.
Не, вы ня хочаце бачыць Расею моцнай. Вы хочаце загнаць Расею ў гета варожасьці яе бліжэйшых суседзяў. “Прымушэньне да дружбы”, гэты выдатны оруэлаўскі аксюмарон, — бязьлітасны самадыягназ псіхічнага стану расейскага палітычнага класу. Прымушэньне да каханьня ва ўсіх прававых сістэмах разглядаецца як выключна цяжкое дзеяньне, што цягне за сабой сур'ёзную адказнасьць. У звычайных чалавечых адносінах прымушэньне да дружбы гарантавана называецца запрашэньнем да нянавісьці. Чаму ж такое відавочнае глупства выдаецца за ўзор дзяржаўнай мудрасьці, калі гаворка йдзе не аб адносінах паміж людзьмі, а аб адносінах паміж народамі? У сёньняшнім канфлікце з Украінай прымушальнікам да дружбы пуціным і прылепіным гістарычна наканавана мізэрная роля гвалтаўнікоў-імпатэнтаў.
Іншыя цэнтры прыцягненьня аказваюцца сёньня значна больш прывабнымі для нашых былых суседзяў па камунальнай кватэры. Україна, Малдова, Грузія бачаць сваю будучыню ў эўрапейскай эканамічнай і палітычнай прасторы. Кінуўся б туды і цынічны харызматычны бацька, але добра разумее, што яму асабіста ва ўсёй Вялікай Эўропе сьвеціць толькі адна Гаага.
Ханствы Сярэдняй Азіі паступова становяцца блізкім замежжам Кітая, які набірае эканамічную магутнасьць. Мы сваімі рукамі стварылі цудоўную арганізацыю (ШОС) па іх паглынаньню Паднябеснай.
Сёньня расейскі палітычны клас перажывае вельмі жорсткую гэапсіхалагічную ломку, значна больш вострую, чым у 1991 годзе. Тады Гэта здавалася яшчэ часовым. Сёньня стала відавочным, што Гэта назаўжды. Словы “бліжняе замежжа” згубілі свой амбівалентны сэнс, што даваў надзею.
“Бліжняе замежжа Кітая” — вось новае словазлучэньне, якое пакуль што яшчэ асьцярожна каштуе на смак, прымяраючы яго да сябе, расейская палітычная “эліта”, аб'яднаная няўрымсьлівай нянавісьцю да Захада. Імпэтнае жаданьне належаць да чагосьці Вялікага і Эўразійскага можа знайсьці сваё нечаканае, але лагічнае завяршэньне.
Андрэй Піанткоўскі
Пераклад расейскай.
Андрэй Піанткоўскі (нар. 1940) — расейскі палітолаг, журналіст, палітычны дзеяч.