АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (02–09.01.2014)

“Ай эм бандыт”

2 студзеня 2014 г. славацкая газэта “SME” напісала пра прыезд першага румынскага работніка ў Вялікую Брытанію. З пачаткам новага года румыны і баўгары маюць права свабодна працаваць ва ўсіх краінах Эўразьвяза. У лёнданскім аэрапорце 30-гадовага будаўніка Віктара Спрыеску сустракалі два дэпутаты брытанскага парляманта і шмат журналістаў. Яго запрасілі на каву і распытвалі. Спрыеску заявіў: “Я не прыехаў красьці”.

Наш камэнтар: За доўгі гістарычны час сапраўды склаліся стэрэатыпныя ўяўленьні пра шэраг народаў. Брытанцы вельмі баяцца гастарбайтэраў з бедных краін Эўразьвяза. Тыя ў сваю чаргу імкнуцца разьбіць стэрэатыпы.

У гэтай сувязі ўспамінаюцца беларусы ў замежжы. Многія зь іх ведаюць па-ангельску, модна апранутыя, “думают о красе ногтей”, як той казаў. Мясцовыя людзі ў іх пытаюцца: “А вы хто, адкуль?” Тыя кажуць: “Ай эм раша”. І маладыя беларусы зьдзіўляюцца, што мясцовыя людзі адплёўваюцца і ўцякаюць ад іх. У маладых пытаешся: “А чаму вы прадстаўляецеся рускімі, не кажаце, што вы беларусы?” Маладыя прастадушна кажуць: “А ніхто ня ведае такую Беларусь...”

Дык калі ты такі модны і сучасны, то патлумач людзям, зь якой ты краіны, дзе твая сталіца, якая твая мова, культура і гісторыя. Насі з сабой маленькую каляровую карту (так робяць сур'ёзныя людзі і паказваюць цікаўным, адкуль яны). Тады й будуць ведаць, што беларус — гэта не рускі алкаш і бандыт.

Юрка Марозаў


Папулярнасьць Папы

2 студзеня 2014 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла, што ад пачатку пантыфіката Папы Францішка на багаслужбы, аўдыенцыі і сустрэчы зь яго ўдзелам прышло больш за 6 мільёнаў людзей.

Наш камэнтар: Не выпадкова Масква баіцца Касьцёла, Папы Рымскага, жывога Слова пра Бога. Патрыярху Кірылу ня сьніліся такія багаслужбы і сустрэчы зь людзьмі. Прысылка ў Беларусь разанскага “бацюшкі Краніка” — апафэёз палітыкі РПЦ у Беларусі.

Юрка Марозаў


Байкот у Бангладэш

3 студзеня 2014 г. швэдская газэта “Svenska Dagbladet” напісала з Бангладэш. Паводле грамадзкага апытаньня, больш за тры чацьвёртых выбаршчыкаў у краіне ня будуць удзельнічаць у бліжэйшых выбарах, бо іх байкатуе галоўная апазыцыйная Нацыяналістычная партыя.

Наш камэнтар: Нават бэнгальскія рыбакі і рысаводы разумеюць простую ісьціну: калі выбараў няма, калі сапраўдная апазыцыя байкатуе шоў, то й ня трэба хадзіць туды.

Алесь Хадасевіч


Дзікія эксцэсы на Захадзе

3 студзеня славацкая газэта “SME” напісала, што пластычныя апэрацыі на твары і целе становяцца ўсё больш папулярнымі ў Нямеччыне. На гэта ідуць нават 12-гадовыя. Лічыцца, што зрабіць такую апэрацыю — гэта накшталт зьмены фрызуры.

Наш камэнтар: Лібэралізм і дэхрысьціянізацыя прыводзяць да масавых дзікіх эксцэсаў на Захадзе.

Алесь Хадасевіч


Трывожна на душы

8 студзеня 2014 г. іспанская газэта “El Pais” апублікавала інтэрв'ю зь міністрам замежных справаў Японіі Фуміа Кішыда, які знаходзіцца з візытам у Іспаніі. Галоўнай тэмай выказваньняў міністра была трывога Японіі ў сувязі з рэзкім ростам ваеннай магутнасьці Кітая, што абвастрае сытуацыю ў Азіі.

Наш камэнтар: Усё, што зьвязана з Кітаем, шчыра цікавіць беларусаў. Нават японцы апасаюцца кітайскай камуністычнай ваеншчыны. І вось гэты монстр атрымаў ад лукашызма і Масквы “адмашку” на кітаізацыю нашай Беларусі. Трывожна на душы, трэба бараніць Бацькаўшчыну ўжо цяпер.

Юрка Марозаў


Або п'яны, або Лукашэнка

9 студзеня 2014 г. дацкая газэта “Berlingske” напісала пра амэрыканскага баскэтбаліста Родмана, які прыехаў у Паўночную Карэю, абдымаўся з мясцовым дыктатарам і рабіў шэраг скандальных заяваў. Так, ён сказаў, што амэрыканец, якога засудзілі на 15 гадоў зьняволеньня ў паўночнакарэйскім канцлягеры, нешта зрабіў, што заслужыў такой кары. Калі ўзьнялася хваля абурэньня на радзіме спартоўца, ён апраўдваўся, што быў у той момант п'яны.

Наш камэнтар: Сапраўды, трэба быць п'яным або быць Лукашэнкам, каб дэманстрацыйна падтрымліваць жудасны чырвоны рэжым.

Алесь Хадасевіч