“НЯ ВЕДАЮ, КІМ Я ЁСЬЦЬ...”

На праваслаўныя Каляды Радыё Свабода “ашчасьлівіла” нас інтэрнэт-паштоўкай. Першым па чарзе ад праваслаўных грамадзянаў РБ выказваўся на актуальную тэму вядомы А. Мілінкевіч. (Што праўда, яго ўжо не падаюць у амплуа “адзінага лідэра дэмапазыцыі ў Беларусі”). Былы-дэмлідэр прызнаўся, што “адзначае і каталіцкае Раство, і праваслаўнае таксама, бо сам праваслаўны”. Мы радыя за яго. Аднак фірмовая ўсьмешачка гэтага пэрсанажа на фота і ягоныя сёньняшнія (пад рэлігійнае сьвята) разважанкі пра ягонае “Вялікае маральнае набліжэньне да ісьціны. Таму бываю ў царкве даволі часта” прымусілі нас прыгадаць яшчэ адзін эпізод з завочным удзелам гэтага “шукальніка ісьціны”.

Тры гады таму давялося нам сустрэць у Курапатах трох польскіх студэнтаў. Яны самы адшукалі дарогу да Народнага Мэмарыялу, каб пакланіцца крыжам. Мы разгаварыліся. Яны ўспомнілі, што пабылі на сустрэчы з “вашым лідэрам Мілінкевічам, які выступаў на імпрэзе ў нашым горадзе”. Яны ўспомнілі, як ён усіх скарыў сваёй усьмешачкай. Выступаў імпэтна і па-польску. А потым сказаў сярод іншага: “Прошэ паньство, а я ня ведаю, кім я ёсьць. Ці то беларусам, ці то палякам...” Заля выбухнула воплескамі і крыкамі захапленьня.

Мы пагадзіліся, што палякам гэта павінна было спадабацца. Але й маладыя пагадзіліся з намі, што калі б такое дзе-небудзь заявіў, напрыклад, Лех Валенса, то ўвечары таго ж дня ён перастаў бы быць польскім палітыкам.

З гэтай фігуры нехта спрабуе яшчэ ляпіць аўтарытэт і сапраўдную палітыку. Але ўсім зразумела, што фігура даўно ўжо самараскрылася. Яе “ісьціна” аказалася надта амбівалентнай. А ў беларусаў так не прынята. Наш народ цэніць у людзях адназначнасьць і пасьлядоўнасьць. А ў сур'ёзных справах наш народ раздражняюць паяцы.

Ян Булыга