ВОСЬ МЫ Й ДАЧАКАЛІСЯ: ЛЕНІНА ПАЧАЛІ ПРЫРОЎНІВАЦЬ ДА МІКЕЛАНДЖЭЛА
Калі асоба жыве на дзяржаўнай службе ды яшчэ й да таго ж робіць пасьпяховую кар'еру, то тут уключаюцца мэханізмы самазахаваньня, якія проста так не пераскочыш. Ды й навошта пераскокваць нешта, калі ўсё йдзе так добра, нягледзячы нават на антынацыянальны, антыкультурны, антыдэмакратычны рэжым? У такім выпадку чакаць, калі прагучыць голас душы, бессэнсоўна. Чыноўнік становіцца звышасьцярожным, хавае сваё “я” і функцыянуе выключна як рупар таго, што падказвае яму агучваць вышэйшае над ім начальства.
Памятаю, увесну 1991 года фронтаўцы прывезьлі на адпачынак у Італію групу дзяцей з Гомельшчыны. Ехалі туды праз Югаславію, дзе ўжо адчувалася набліжэньне драматычных падзей. Некалькі разоў у кляштар пад Рымам, дзе жылі беларусы, завітаў амбасадар СССР у Ватыкане тав. Карлаў. У маленечкай дзяржаве яму не было асабліва чым займацца, то ён з жонкай вітаў нашых дзяцей (“савецкіх дзяцей” тады было зусім мала на Захадзе). Убачыўшы Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі ён нават зрабіў выгляд, што ня ведае, як выглядае сапраўдны сьцяг БССР і ня выказаў прэтэнзій. Мы зьвярнуліся да яго як да “спэцыяліста”, што павінен ведаць усё пра палітычныя тэндэнцыі ў паўднёвай Эўропе. Спыталіся, ці будзе распад Югаславіі, вайна, ці пасьпеем мы праехаць на цягніку праз неспакойную краіну. Пачуўшы наша пытаньне, “спэцыяліст” адразу напружыўся ў афіцыйную позу, з твару зьляцела ўсьмешка. Ён адназначна адказаў нам: “Всё идёт хорошо. Ничего там не будет”. Сапраўды, на цягніку мы праехаць пасьпелі, але ўжо праз пару тыдняў Югаславіі ня стала, пачаліся бамбардоўкі і паўнамаштабная вайна. А праз няпоўных чатыры месяцы павалілася саўдэпія... Вось жа цікава, мы зь дзецьмі бачылі і адчувалі ўсё, а дыпламат з вышэйшых палітсфэраў і са стажам “нічога ня бачыў”. Мы яму паспачувалі.
Даўно тое было, ужо і ленінізм разьвянчаны як антычалавечая фальшывая, эклектычная тэорыя і жудасная практыка, і саўдэпіі няма, і беларускія дзеці ня ведаюць, хто такі “дедушка Ленін”. А помнікі ленінізма стаяць па ўсяе Беларусі. Натрэніраваныя лукашызмам мінакі скажуць вам: “Ведь это же наша історія!..” Ленінскія боўдзілы павалілі ўжо нават манголы, яны засталіся толькі ў Расеі і ў нас. А ў рэвалюцыйнай Украіне іх цяпер актыўна ліквідуе мясцовае насельніцтва (у заходніх вобласьцях іх ліквідавалі яшчэ ў 1991 годзе).
Чаму боўдзілы застаюцца толькі ў нас і ў Маскоўшчыне? Гэта наш лёс такі? Усё больш людзей задаюцца гэтым пытаньнем.
На пытаньне, якое вісіць у паветры, загучалі галасы з “дэмСМІ РБ”. Сп. Дракахруст з уласьцівым яму майстэрствам дэмагагічнай схаластыкі публічна засумаваў па помніку Леніну, які разьбілі нядаўна ў Кіеве рэвалюцыянэры Майдана. Да плача далучылася таксама рэпарцёрка РС, акрэдытаваная ў Кіеве, сп. Дынько. У іх знайшліся і адпаведныя інтанацыі і аргумэнтацыя. “І што ім Гэкуба? А яны плачуць...”, як кажуць. Народ ліквідуе ленінскія ідалы ня ў нашай краіне, а па-за яе межамі. Гэта не беларуская спадчына, дык што лемантаваць? Мяркуем, што галасы рупараў начальства загучалі раптам таму, што гэтае начальства напалохалася, што ліквідацыя бойдзілаў можа спадабацца беларусам. Што працэс ачышчэньня ад мэмарыяльнага ленінізма можа паўтарыцца ў нашай краіне. І тады (о, жах!) зь ленінымі застануцца толькі “дорогіе россіяне”. Як кажуць, “позаді Москва, а отступать некуда...”
Падключыўся нават рупар з мінкультуры антыбеларускага рэжыму РБ. На Радыё Свабода выступіў сп. І. Чарняўскі, начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі гэтага міністэрства. Ён выразна намякаў нам, што Ленін зьяўляецца гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі і павінен ахоўвацца. І вельмі пацешыў усіх, прыраўняўшы манумэнт Леніну аўтарства савецкага скульптара П. Манізэра з творамі генія Адраджэньня Мікеланджэла. Тут, нам здаецца, ён выразна “даў лішку”.
Успамінаюцца далёкія 70-я гады, факультэт тэорыі і гісторыі мастацтва Інстытута Рэпіна Акадэміі мастацтваў у Пецярбурзе, захапляльныя лекцыі па асновах мастацтвазнаўства Ёсіфа Бродскага. Шанаваны прафэсар вучыў нас, што параўнаньні павінны быць адэкватнымі, каб параўнальшчык не выглядаў сьмешна. У якасьці ілюстрацыі ён (некалькі разоў!) згадваў менскі помнік Леніну ад Манізэра: “Ну посмотрите, Ленин стоит на стуле, со стула выступает...” Мы сьмяяліся, але трэба нагадаць, што часы тады былі ня сьмешныя ў рамках ленінскай тэмы. За такія жарты некаторыя грамадзяне атрымалі былі чатыры гады брэжняўскіх лягяроў. А ў 1972 г. на ўручэньні студэнцкіх білетаў перад намі выступаў скульптар Міхаіл Керзін, яркі, бадзёры, амаль 100-гадовы чалавек. Пазьней я даведаўся, што ён падчас нямецкай акупацыі жыў у Менску. Керзін кіраваў скульптурнай майстэрняй, якая выпускала з канвэера бюсты Гітлера, а ў той жа час была адным з цэнтраў антыфашыстоўскага падпольля. Гэтыя бюсты — вось сапраўдная наша гісторыя, вось спадчына! Тут увесь гераізм і ўся драма антыгітлерскага змаганьня. Ды пра іх забыліся, не захавалі і нават зьнішчылі як знакі чужынскай акупацыі.
З абаронцамі ленінаў спрачацца бессэнсоўна. Ня трэба гэтага рабіць, час марнаваць. Усім зразумела, што яны ленінаў ня любяць. Проста яны на працы і ім начальства такую каманду аддало. Яны самы цудоўна разумеюць, што выглядаюць мякка кажучы архаічна і сьмешна з сваім надзьмутым эстэтствам на посным масьле. І ня будзе грахом раскрыць самае “сокровенное” у іхных зацягнутых павуціньнем адміністрацыйнай падпарадкаванасьці душах: яны ведаюць, што блізкі ўжо час, калі беларускі народ пачне ачышчаць сваю зямлю ад леніных-калініных-свярдловых і іншай бальшавіцка-маскоўскай нечысьці. Яны здагадваюцца, што пластычныя сымвалы маскоўскай акупацыі і маскальскага ачмурэньня застануцца ў нас толькі ў музэйных экспазыцыях — побач з адрэстаўраванымі бюсьцікамі Гітлера. Яны ведаюць, але праўду ня скажуць...
Валеры Буйвал