“СОЧЫНСКІЯ ЗІМОВЫЯ ГУЛЬНІ БУДУЦЬ КАШТАВАЦЬ БОЛЬШ, ЧЫМ УСЕ ПАПЯРЭДНІЯ ГУЛЬНІ РАЗАМ УЗЯТЫЯ”

6 студзеня латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад гэтым тытулам. Вось гэты артыкул:

Папярэднія прагнозы сьведчаць, што Сочынскія зімовыя алімпійскія гульні 2014 года, якія пачынаюцца ўжо 7 лютага, будуць каштаваць каля 50 мільярдаў даляраў ЗША (прыкладна 36,7 мільярдаў эўра), паведаміла Латвійскае радыё.

Паводле шэрагу падлікаў, гэта больш, чым кштавалі ўсе раней арганізаваныя зімовыя гульні разам узятыя. Трэба зазначыць, што ў пададзенай у 2007 годзе заяўцы на правядзеньне алімпійскіх гульняў у Сочах фігуравалі выдаткі на прыкладна 12 мільярдаў даляраў, заявіў адзін з лідэраў расейскай апазыцыі Барыс Нямцоў. Для параўнаньня — зімовыя гульні ў Ванкувэры чатыры гады таму каштавалі 8,4 даляраў.

Нямцоў сьцьвярджае, што прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін і блізкія да яго людзі з выдаткаў на арганізацыю Сочынскай Алімпіяды ўхітрыліся прысабечыць 25-30 мільярдаў даляраў. “Гэта проста катастрофа — гэта нявыплачаныя заробкі і пэнсіі, непабудаваныя дарогі, разваленая камунальная гаспадарка. Гэта проста пагібель. Калі Расея будзе і надалей існаваць як дзяржава, нам усім трэба будзе дамагацца, каб было праведзена рассьледваньне гэтай справы”, — заявіў Нямцоў.

Таксама вялікая ўвага ў Сочах будзе зьвернута на пытаньні бясьпекі, тым больш, што павялічылася пагроза для спартоўцаў і гледачоў у сувязі зь нядаўнімі атакамі тэрарыстаў-самагубцаў у Валгаградзе, аддаленым на 650 км. Расейскія СМІ ужо баяцца, што падчас Алімпіяды Сочы стануць падобнымі на канцэнтрацыйны лягер, куды немагчыма будзе патрапіць нават мясцовым жыхарам. (...)

Diena.lv

Пераклаў з латышскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.diena.lv/sports/citi/socu-ziemas-speles-varetu-izmaksat-vairak-neka-visas-ieprieksejas-kopa-nemtas-14038796

Алімпійскае шыла настолькі вылезла з крамлёўскага мяшка, што істэблішмэнт нават мабілізаваў Б. Нямцова. Ён і распавёў уласна тое, пра што ведаюць усе і назваў лічбы, якія даўно апублікаваны. Сьмелы таварыш! Нават Пуціна згадаў. Вось толькі “забыўся” астатніх, хто скраў сочынскія мільярды, назваць. І “рассьледаваць справу” паабяцаў, як мы зразумелі, намаганьнямі гісторыкаў і архівістаў гадоў праз 150-200. Нешта ў стылі цяперашніх рассьледваньняў таго, колькі скраў у Пятра І менскі шляхціч А. Меньшыкаў. У чарговы раз становіцца зразумелым усё і з маскоўскай уладай і зь яе “апазыцыяй”. Яны ў сваім рэпэртуары.

Відавочна таксама, што яшчэ пару такіх маштабных авантур, і РФ паўторыць посталімпійскі калапс СССР. Туды ім і дарога.

Сяргей Камароўскі