НЯЗЛОМНЫЯ ХРЫСЬЦІЯНЕ ЭГІПТА

7 студзеня аўстрыйская газэта “Die Presse” апублікавала артыкул пад тытулам “Калядная ноч у страху для коптаў Эгіпта”. Вось гэты артыкул:

Найвялікшая хрысьціянская абшчына Эгіпта сьвяткуе сёньня Каляднае сьвята. Пасьля падзеньня прэзыдэнта Мурсі многія ісламісты бачаць у іх ахвярнага казла.

Каір. Вочы дзяцей блішчаць каля маленечкай плястыкавай каляднай ялінкі, адзінай сьвяточнай дэкарацыі, якую магла сябе дазволіць копцкая сям'я Мілада ў бедным квартале Імбаба ў Каіры. Дрэўца няпэўна стаіць на сафе ў пакоі, рэзка зіхаціць ўсімі фарбамі і можа ўпасьці ў любы момант. Копты Эгіпта, якія складаюць дзесяць адсоткаў насельніцтва краіны на Ніле, сьвяткуюць сваё праваслаўнае каляднае сьвята 7 студзеня.

На іншым канцы пакоя стаіць вялізная газавая печ, якую якраз разагрэлі, каб пекчы калядныя булачкі. Афаф, жонка Мілада, замешвае цеста ў пластыкавым начыньні, перш чым пакласьці яго ў маленькіх порцыях на процьвень. Чацьвёра дзяцей ужо зараз просяць даць ім крыху цеста. Але сьвяточны настрой падманлівы. “Я забараніў сям'і ісьці на калядную імшу, бо баюся, што могуць быць тэракты”, — распавядае Мілад, які працуе кіроўцам. “Мы можам памаліца й у хаце”. Ён баіцца, што ў ахопленай супярэчнасьцямі краіне ісламісты могуць скіраваць на хрысьціян сваё раздражненьне.

Пратэсты мусульманскіх братоў

Перад ягоным домам штопятніцу мусульманскія браты дэманструюць супраць ваеннага перавароту, у выніку якога быў пазбаўлены ўлады прэзыдэнт Мухамэд Мурсі. “Іх усіх трэба пасадзіць”, — мяркуе Мілад. Але й ён ведае, што гэта недасягальна, хаця ён падтрымлівае эгіпецкага камандуючага арміі Абдэль Фатаха аль-Сісі ў спадзяваньні, што ўсё неяк будзе лепш. Якім чынам? Мілад ківае галавой. Ён толькі ведае, што папярэднія Каляды былі самымі горшымі, як ён кажа. Тым часам дзеці сабраліся ў глыбіні пакоя каля печы. Булачкі спякліся.

Далёка не адно каляднае сьвята за апошнія гады прайшло ў Эгіпце ў напружанай сітуацыі. У Сільвэстравую ноч з 2010 на 2011 год у выніку бомбавага тэракта ў царкве Аль-Кадзісін у Александрыі загінулі 20 чалавек, за некалькі дзён да калядных сьвятаў і за некалькі тыдняў да падзеньня доўгагадовага валадара Хосні Мубарака. Ёсьць паказчыкі, што за тэрактам стаяла дзяржбясьпека. Дзяржава пад Мубаракам заўсёды гулялася з копцкім пытаньнем, каб забясьпечыць сваю ўласную гэгэмонію.

Праз год пасьля гэтага копты паспрабавалі на Каляды пераадолець бойню, якую за некалькі тыдняў да гэтага наладзілі эгіпецкія вайсковыя каля Маспэра, перад будынкам дзяржаўнага тэлебачаньня ў Каіры. Падчас збольшага копцкай дэманстрацыі загінулі 27 чалавек, калі вайсковыя кінулі на дэманстрантаў бранетэхніку.

Але гэта ўсё забылася, калі іхны палітычны кашмар матэрыялізаваўся, і мусульманскія браты ды салафісты выйгралі выбары. Наступнае каляднае сьвята было пад уладай прэзыдэнта мусульманскіх братоў Мухамада Мурсі. Коптамі авалодаў страх перад далейшай ісламізацыяй дзяржавы, які падагрэла цкаваньне супраць хрысьціян з боку часткі ісламістаў і канстытуцыя, у якой зноў не былі гарантаваныя грамадзянскія правы коптаў.

Бальшыня коптаў была за путч

Але становішча коптаў канчаткова пагоршылася, калі вайсковыя адхілілі ад улады прэзыдэнта Мурсі, а апарат дзяржбясьпекі паўгода таму крывава ліквідаваў шэраг пратэстных лягероў мусульманскіх братоў. Паводле эгіпецкіх праваабарончых арганізацый з тае пары загінула больш за 2600 чалавек, больш, чым падчас паўстаньня супраць Мубарака і галоўным чынам прыхільнікі скінутага прэзыдэнта Мурсі. Яны паказваюць пальцам на хрысьціян, якія збольшага паставіліся за путч. Толькі на працягу аднаго тыдня ў жніўні натоўп напаў на больш чым 100 хрысьціянскіх аб'ектаў перш за ўсё ў паўднёвым Верхнім Эгіпце. Эгіпецкія хрысьціяне пасьля брутальных дзеяньняў улады супраць ісламістаў сталіся “ахвярнымі казламі”, напісала Amnesty International.

“Але копты й надалей гатовыя плаціць гэтыя кошты, спадзяючыся, што ў будучым іхнае становішча палепшыцца, — тлумачыць Ісхак Ібрагім, які дасьледуе парушэньні правоў коптаў для адной эгіпецкай арганізацыі па правах чалавека. “Многія хрысьціяне падтрымліваюць ваенны путч і брутальныя дзеяньньні апарата бясьпекі супраць мусульманскіх братоў”, — кажа ён.

Таму яны праз крыху больш чым тыдзень будуць масава галасаваць за новы праект Канстытуцыі, зь якога будуць выдалены некаторыя пункты жорсткай інтэрпрытацыі шарыята прынятага пры Мурсі праекта. Хаця параграф, паводле якога прынцыпы шарыята зьяўляюцца асновай эгіпецкага заканадаўства, ёсьць і ў новым праекце.

“Няма альтэрнатывы” для хрысьціян

“Хрысьціяне падтрымліваюць камандаваньне арміі перш за ўсё таму, што няма ніякай іншай разумнай альтэрнатывы. Усе цывільныя альтэрнатывы, якія б гарантавалі іхныя правы, праваліліся”, — тлумачыць Ібрагім. Але ў яго няма ніякіх ілюзій. “Ні пры Мубараку, ні пры мусульманскіх братах, ні пры вайсковых”, — кажа ён, — “дагэтуль не былі сапраўды гарантаваныя грамадзянскія правы хрысьціян”.

Карым Эль-Гаўхары

Пераклаў зь нямецкай В. Буйвал.

Крыніца: http://diepresse.com/home/politik/aussenpolitik/1513227/Ein-Weihnachten-in-Angst-fur-Aegyptens-Kopten?_vl_backlink=/home/politik/aussenpolitik/index.do