АРЦЫБІСКУП ХАРКАЎСКІ І ПАЛТАЎСКІ ІГАР (ІСІЧЭНКА): “ЛЮБІЦЬ ВОРАГА — ЗУСІМ НЕ АЗНАЧАЕ ПАТУРАЦЬ ЯГОНЫМ ЗЛАЧЫННЫМ СХІЛЬНАСЬЦЯМ”
Пра таямніцу Раства, пра сілу любові і веры мы размаўляем з украінскім царкоўным і грамадзкім дзеячам, навукоўцам, пісьменьнікам Арцыбіскупам Харкаўскім і Палтаўскім Украінскай Аўтакэфальнай Праваслаўнай Царквы Ігарам (Ісічэнкам).
Журналіст: Уладыка, якое стаўленьне Царквы ды Вас асабіста да цяперашніх падзей ва Ўкраіне — асабліва да рэвалюцыйнага Майдана? Ці павінны людзі паўставаць супраць улады, якая не адпавядае іхным уяўленьням пра шчырасьць і справядлівасьць?
Арц. Ігар: Хрысьціянства — рэлігія бескампраміснага самаахвяраваньня. Узор самога Збаўцы, паўтораны тысячамі пакутнікаў за веру, вучыць нас ня йсьці ні на якія кампрамісы са злом. Любіць ворага — зусім не азначае патураць ягоным злачынным схільнасьцям. Наадварот! Любоў да ворага вымагае вызваліць яго ад паняволеньня грахом, адсунуць ад пасады, якая правакуе на падман, гвалт. Ніхто ж не паставіць хранічнага алкаголіка бармэнам. Пэдафіл не павінен працаваць выхавацелем, садысту ня месца ў сілавых структурах, а злачынцу павінен быць закрыты шлях да адміністрацыйных пасад. Адсунуць гэтых асоб ад крыніцаў небясьпекі для грамадзтва — акт хрысьціянскай міласэрнасьці ня толькі да патэнцыйных ахвяр, але й да самых асобаў з дэфармаванай псіхікай.
Кожная нацыя, ня толькі ўкраінская, праходзіць выпрабаваньні на сьпеласьць, калі яна вымушана напраўляць дэфармацыі ў сістэме дзяржаўнай улады і вызваляць яе ад непрыдатных па прафэсіі да адміністрацыйнай службы асобаў. Гэтыя працэсы адбываюцца ў посткаланіяльнай Афрыцы, у Камбоджы, у Тайландзе значна больш драматычна, чым у нас. Салідарны ўдзел у аздараўленьні сістэмы ўлады — гэта знак Божага даверу да нас як нацыі. І, канешне ж, выпрабаваньне: ці зможам мы ў хвіліну небясьпекі выявіць хрысьціянскую салідарнасьць, разам супрацьстаяць выклікам часу? Царква вітае тых, хто не ўцякае ад выпрабаваньняў, а годна адказвае на выклік.
Журналіст: Як мы павінны ставіцца да тых, хто сёньня аддае злачынныя загады — біць людзей, праліваць кроў? Ці павінны й мы самы змагацца зь імі, а можа — спадзявацца на волю Госпада?
Арц. Ігар: Спалягаючы на волю Госпада, мы павінны зьдзяйсьняць яе, зьмяняючы навакольны сьвет на лепшае адпаведна эвангельскай сістэмы каштоўнасьцяў. Апостал Якуб кажа: “Як цела без духа мёртвае, так і вера без справаў мёртвая!” (Як. 2:26). Хрысьціянская вера рэалізуецца ў справах міласэрнасьці: у абароне нявінна пакрыўджаных, у пазьбяганьні кравапраліцьця, супрацьстаяньні агрэсіі. “Я ня мір прынесьці прыйшоў, а меч” (Іц. 10:34), — папярэджвае Хрыстос і чакае ад нас не пасіўнага чаканьня цуда, а дзейснага сьцьвярджэньня справядлівасьці. Калі гэта неабходна — ужываньня сілы ў супрацьстаяньні гвалту.
Журналіст: Ці добра тое, што на вялікае сьвята — Раства Гасподняга — нямала ўкраінцаў будзе ў Кіеве на Майдане, а ня ў хаце ў сваіх паселішчах, як таго вымагаюць старадаўнія традыцыі?
Арц. Ігар: Мы ня знойдзем ніводнага царкоўнага правіла, якое б прапісвала ў надвячорак Раства Хрыстовага заставацца ў хаце. Царква сапраўды ўхваляе і падтрымвае традыцыю, што яднае ўсе народы эўраатлантычнай цывілізацыі, — выкарыстаць калядныя сьвяты для сямейнай сустрэчы. Але з адной умовай: гэтая сустрэча не павінна перашкаджаць удзелу членаў сям'і ў агульнацаркоўнай малітве, у сьвяточнай багаслужбе. Сьвята распачынаецца ў царкве, у царкоўнай грамадзе. Такім чынам сьвята заахвочвае адчуць сябе часткай вялікай хрысьціянскай супольнасьці, зьяднанай выкупляльнай ахвярай Ісуса Хрыста.
Кіеўскі Майдан рэалізуе наша адчуваньне супольнасьці, адказнасьць перад ёю. Ён дапамагае адкрыць у нацыі вялікую радзіму, заклікае пашырыць зацішную сямейную прастору да краю сьвету, дзе толькі жывуць украінцы. Можа ў гэтым ёсьць найбольшая сіла наканаваньня Майдана — у празе вярнуць згубленае адчуваньне адзінства праз адкрыцьцё цэнтра зьяднаньня. Немаўлятку Хрыста ў бэтлеемскім вярцепе. Гэта ёсьць місія, дзеля якой варта пакінуць хату.
Журналіст: Уладыка, Вы — адзін з першых сярод царкоўных дзеячаў, хто адкрыта падтрымаў скіданьне памятніка Леніну ў Кіеві. Ці лічыце Вы гэты помнік увасабленьнем зла? Ці лічыце, што нясьлед нават “сувэніра” з паваленага боўдзілы прыносіць да сябе ў хату?
Арц. Ігар: Ня варта ставіцца да помніка Леніну і сувэніраў зь яго з забабонным страхам. Але й ацэньваць як выключна мастацкі твор нельга. Антынавуковая па сваёй сутнасьці, камуністычная дактрына сфармавала да сярэдзіны ХХ ст. своеасаблівую квазірэлігію з уласнымі абрадамі (“зьвязьдзіны”, урачыстая рэгістрацыя шлюбу, прыняцьце ў піянэры, акцябраты), сакральнымі аб'ектамі (помнікі, партрэты, рэліквіі правадыроў, брацкія магілы, вечны агонь), жрацамі (парторгі), каляндаром сьвятаў. Памятнікі Леніну былі цэнтральнымі аб'ектамі гэтага укльту. Іхняе захоўваньне сымвалізуе дамінаваньне ва Ўкраіне савецкага стылю жыцьця з далучаным да яго культам — па сваёй прыродзе паганскім, варожым хрысьціянству.
Якую ўмову ставіў Бог перад вывядзеньнем народу з Эгіпта, абяцаючы яму вольную, самастойную, шчасьлівую будучыню ў Ханаане? “Панішчыце ўсе іхныя [паганскія] выявы, і ўсіх літых ідалаў іхных панішчыце, і ўсе іхныя вышыні зруйнуйце” (Ліч. 33:52). Вызваленьне ад забабонных вераваньняў, ад паганскіх вобразаў, помнікаў, сьвяшчэнных вышыняў — неадменная ўмова пачатку новага жыцьця. Старыя ідалы ня ёсьць культурнай спадчынай — гэта ёсьць спадчынная хвароба, выздараўленьне ад якой вымагае радыкальных дзеяньняў.
Журналіст: Нядаўна ў Харкаве Вы адпраўлялі паніхіду па Стэпану Бандэры. Кім для Вас асабіста ёсьць постаць Бандэры?
Арц. Ігар: Паніхіды па Стэпану Бандэры мы адпраўляем штогод — і ў Сьвята-Дзімітраўскім храме на Палтаўскім шляху, і каля памятнага знаку ваярам УПА на старых харкаўскіх могілках, ператвораных камуністамі ў “Маладзёвы парк”. Двойчы мне даводзілася правіць і ў царкве Старога Ўгрынава, дзе ў свой час служыў бацька Стэпана — грэка-каталіцкі сьвятар Андрій Бандэра. І я заўжды кажу ў казаньні, што фармаваньне правадыра ОУН (р) як цэльнай асобы, пасьлядоўнай у служэньні роднаму народу, было б немагчымым без вызначальнай ролі бацькі, а. Андрія, без традыцыйнага рэлігійнага выхаваньня.
Не скажу, што на паніхіду ўвечары 1 студзеня зьбіралася шмат людзей. Першы дзень новага года ня вельмі прыдатны для масавых багаслужбаў. Але гэта дапамагае адрозьніць дэмагогаў, схільных злоўжываць нацыяналістычнай рыторыкай, і тых, для каго постаць Стэпана Бандэры ўвасабляе шчырыя асабістыя перажываньні і заклікае рэалізаваць іх ва ўчынках, годных памяці нябожчыка.
Сустрэча з Бандэрай вымагае духоўнай сілы і інтэлектуальнага памкненьня, якія здольныя перамагчы старыя савецкія міфы, пашыраныя ў нашых краях рэгіянальнымі СМІ. Для мяне асабіста вялікай дапамогай у адкрыцьці сапраўднага Бандэры былі сустрэчы з удзельнікамі УПА, вэтэранамі ОУН, якіх можна было сустрэць ці ня ў кожнай нашай грамадзе на пачатку іхняга фармаваньня. Прыязджаеш ці ня ў самы “чырвоны” раён на Харкаўшчыне, Куп'янскі, і раптам даведваешся, што сьціплая бабуля з нашай тамашняй грамады — паплечніца Олэны Тэлігі па нацыяналістычнаму падпольлю. А пра аднаго з арганізатараў Пакроўскай грамады ў Цурупінску (гістарычных Алэшках) я толькі выпадкова даведаўся, што ў 1940-х гг ён быў блізкім памочнікам генэрал-харунжага Рамана Шухэвіча. У Львове я зазвычай спыняўся ў памяшканьні сужонства Касьцюкіў — колішняга партызана і сувязной УПА. Пані Слава Стэцько ніколі, будучы ў Харкаве, не абмінала нашага храма. Добрыя адносіны захаваліся і зь яе наступнікамі ў кіраўніцтве ОУН (р).
На жаль, большасьць маіх землякоў пазбаўлена такога асабістага досьведу. Ім цяжка пераадолець псіхалагічны бар'ер паміж сфармаванымі жыцьцёвымі стэрэатыпамі і духоўнай спадчынай кіраўніка ОУН. Тут патрэбная дапамога — удумлівая, кампэтэнтная і далікатная. Царква паклікана даваць такую дапамогу, яднаючы грамадзтва — пашыраць сярод людзей мір, пра які паведамлялі анёлы ў Бэтлееме. Прыгадайма, як яны сьпявалі: “Слава Богу ў вышыні, і на зямлі мір, у людзях добрая воля!” (Лк. 2:14). Шчырае ўслаўленьне Бога немагчымае без духа згоды і добрай волі. Таму вызваленьне вобраза Бандэры ад яго дэманізацыі — гэта важны складнік грамадзкай місіі Царквы ва Ўкраіне, накіраванай на выкараненьне ўзаемнай адасобнасьці і варажнечы.
Журналіст: Што Вы хацелі б, каб зьмянілася ў сьвяткаваньні Раства ўласна на Харкаўшчыне? Кажуць, што на Ўсходзе Ўкраіны Сьвяты Вечар з мясам і гарэлкай — даволі частая зьява. Ці праўда гэта?
Арц. Ігар: Што да паста на Раство, я б мог зазначыць, што на Ўсходзе Ўкраіны яго датрымліваюцца больш строга, чым на Захадзе. Хаця, бясспрэчна, таго багацьця традыцый, якое дэманструе карпацкае або валынскае сяло, слабажанскі горад, а тым больш данецкае паселішча ня могуць мець ня толькі з-за разбуральнай дзейнасьці бязбожнага рэжыму, але й з-за маладосьць нашага этнаграфічнага рэгіёна. Нямала традыцый, прынесеных перасяленцамі з Правабярэжнай Украіны ў 17-18 ст., тут рэдуцыраваліся, пачыналі жыць новым жыцьцём, відазьмяняліся. У нас калядуюць толькі ўвечары ў першы дзень Раства, але раніцай на Раство яшчэ ў маё маленства існаваў звычай “рождэствуваты” — хадзіць па хатах са сьпевам сьвяточнага трапара. Надвячоркам Новага года дзяўчаты шчадравалі, а раніцай 1 (14) студзеня хлопцы хадзілі пасяваць.
Але дзесяцігоддзі, праведзеныя без царквы, без рэлігійнага выхаваньня не мінулі дарэмна. Гарэлка, здольная зруйнаваць найпрыгажэйшую традыцыю, стала ўспрымацца як неадменны атрыбут сьвята, а даўні звычай “насіць вячэру” хросным бацькам на Сьвяты вечар ня раз перарастае ў буйнае застольле. Хаця ў кожнай грамадзе можна знайсьці людзей, якія дагэтуль нічога не ядуць да першай вечаровай зоркі, а на сьвяточны вечаровы стол ставяць толькі традыцыйныя посныя стравы: куцьцю, узвар, капусьняк і г.д.
Невырашальнай праблемай, што перайшла ў спадчыну з мінулага, ёсьць страта жывой сувязі сям'і з царквой. Рэгулярна ходзяць у храм ня больш за 3 адсоткі тых, хто лічыць сябе праваслаўнымі хрысьціянамі. Вельмі рэдка ходзяць у царкву сем'ямі. Для чалавека малодшага або й сярэдняга ўзросту наведваньне храма — гэта выключная падзея. А духоўны сьвет ня церпіць пустаты. Вось і запоўніваецца пустата эрзацамі, пакліканымі заглушыць імкненьне да Бога — прыродны інстынкт кожнага з нас, Адамавых нашчадкаў.
Журналіст: Што Вам найбольш баліць зараз, у пэрыяд сёлетнега Раства?
Арц. Ігар: Мабыць, мяне, як і многім іншым, баліць перш за ўсё тое, што мы дагэтуль вагаемся, баімся ісьці наперад. Зноў і зноў перапытваем сябе: ці скончыцца гэты пэрыяд? Ці нацыя здабудзе перамогу? І за гэтымі пытаньнямі мы хаваемся ад рашучых дзеяньняў.
Стары Запавет прапануе нам суровы папераджальны прыклад: Лотава жонка праз сваё ваганьне не змагла ўратавацца ад катастрофы і застыла саляным слупом. Сам жа Хрыстос папярэджваў: “Ніхто з тых, хто кладзе сваю руку на плуг ды назад азіраецца, не надаецца ў Царства Божае!” (Лк. 9:62)...
Нараджэньне Сына Божага выкрывае крыніцу нашай магутнасьці — з намі Бог! Дык калі нам хопіць імкненьня і мудрасьці садзейнічаць зь Ім, не збочваць з дарогі хрысьціянскага служэньня, прытрымлівацца запаветаў у штодзённым жыцьці і пасьлядоўна, няўхільна змагацца за справядлівасьць — эвангельскую справядлівасьць! — дзейнічаць зладжана, салідарна, то няма сілы, здольнай нас перамагчы! Бо — з намі Бог!
Размаўляў Сьвятаслаў Касьцюк
Часопіс УА “Свобода”
Пераклаў з украінскай В. Буйвал