ГОРА-АНАЛІТЫКІ ПРА “ГУЛЬЦОЎ” І ЎКРАІНУ

Гэтыя сумоўцы вартыя адзін аднаго. А. Пачобута ў Польшчы лічаць журналістам і, падобна на тое, што на аснове ягоных тэкстаў для польскай прэсы робяць нават нейкія высновы пра сытуацыю ў Беларусі. А. Класкоўскага трымаюць у агенцыі Белапан у амплуа “палітолага”, адкуль ён рэгулярна выдае сваю “паліталогію”.

Вядома, што А. Пачобут журфакаў не канчаў, ён — выпускнік Горадзенскага юрфака (кузьні рэжымных “слуг государевых” і крыніцы рознага пашыбу чыноў і агентуры). Але ў суседняй краіне яго называюць ня толькі журналістам, але і героем, ахвярай “бесчалавечных рэпрэсій”. Часам бывае цікава пачытаць, што піша гэтая “ахвяра”. Напрыклад у дыялогу з А. Класкоўскім, апублікаваным 3 студзеня ў польскай газэце “Gazeta Wyborcza”. Тэкст азаглаўлены з выклікам — “Беларусі не пагражае каляровая рэвалюцыя”. Чытаць і пераказваць гэтую банальнасьць нудна. Але вось канцоўка тут цікавая, у ёй раскрываюцца абодва пэрсанажы. Цытуем:

“А. Класкоўскі — Аднак ні на якія палітычныя рэформы Лукашэнка ня пойдзе. Ён разумее, што гэта азначала б дэмантаж сістэмы, якую ён стварыў, і ўрэшце нават прывяло б да страты ім улады”.

Цытата выразна паказвае, паводле якога прынцыпа трымаюць у мясцовых СМІ РБ у амплуа “палітолагаў”. Кажы, пішы і выдавай што хочаш, крый Лукашэнку і абзывай па чым зра ягоны рэжым дыктатарскім і недэмакратычным. Але ёсьць адно “але”. “Палітолаг” абавязаны рэгулярна падкрэсьліваць, што рэжым Лукашэнкі “створаны ім самым”, што Масква тут ні пры чым.

А вось А. Пачобут пытаецца:

“Чаму Майдан магчымы ва Ўкраіне, а не ў Беларусі?”

“А. Класкоўскі — Бо Ўкраіна — зусім іншая краіна. Палітычная сістэма там значна больш разьвітая — ёсьць шмат гульцоў, некалькі цэнтраў сілы, незалежныя СМІ. Усё гэта прыводзіць да таго, што прэзыдэнт Віктар Януковіч мае зьвязаныя рукі і ня можа выбраць сілавога варыянта (а Лукашэнка ня раз хваліўся, што ў 2010 г. спэцназ на працягу сямі хвілін ачысьціў цэнтар Менска ад пратэстуючых). Усе гэтыя намаганьні і палітычная барацьба вядуць да таго, што ўрэшце Ўкраіна пойдзе эўрапейскім шляхам. А вось што тычыцца Беларусі, то нам можа нават пагражаць страта незалежнасьці”.

(Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,15216641,Bialorusi_nie_grozi_kolorowa_rewolucja.html)

Паводле “палітолага”, народны патрыятычны ўздым ва Ўкраіне адбыўся таму, што там “шмат гульцоў”, ведаеце, “гульня такая”. Не вынік вольнага разьвіцьця нацыянальнай культуры і мовы, не нацыянальная салідарнасьць мільёнаў украінцаў, а “гульцы”, “некалькі цэнтраў сілы” і ўсё такое. І яшчэ аказваецца, што “Януковіч мае зьвязаныя рук і ня можа выбраць сілавога варыянта”... Гора-палітолаг неяк забыўся, што ўноч на 30 лістапада Януковіч паслаў на Майдан зьвяруг са спэцназа і тыя зрабілі сваю “зачыстку” на працягу вельмі кароткага часу. Толькі вось на наступны дзень на Майдан прышлі паўмільёна ўкраінцаў і заявілі, што ня раюць прэзыдэнту біць мірных дэманстрантаў. Януковіч адразу замахаў рукамі і спіхнуў адказнасьць на некалькіх начальнікаў.

Узровень аргумэнтацыі і ацэнак гэтымі кадрамі проста ўражвае. Але самае галоўнае — гэта навязьлівыя тытулы прадукцыі і высновы ад такіх пэрсанажаў: “Беларусь іншая краіна”, “Беларусі не пагражае рэвалюцыя”, “Лукашэнка пахваліўся...” Бачна, што камусьці падабаецца гэты балалаечны звон. Камусьці хацелася б, каб гэта й была “музыка беларускай душы”. Ды толькі памятаем мы, як настырна ёрнічалі з украінскага народа: “ім бы толькі сала ды галушкі”, “нацыянальная ідэя аджыла сваё”... А потым давялося пасылаць ганцоў на Эўрамайдан.

Павел Гулевіч