ПАХОВІНЫ Ў ВАЛГАГРАДЗЕ — МАСКВА “ПИТИ И ПЛЯСАТИ”
У іх усё было, як заўсёды. Як у 37-ым годзе. Толькі тады зьвяругі НКВД забіралі на сьмерць і забівалі людзей па начах. А ўдзень па ўсёй саўдэпіі “от Бреста до Куріл” рэпрадуктары надрываліся бадзёрымі бальшавіцкімі маршамі пра “пламенный мотор” і “вставай, любімая”.
На працягу няпоўных сутак, перад самымі навагоднімі сьвятамі ў вялікім расейскім горадзе здарылася бяда. У выніку сэрыі тэрактаў загінулі і былі цяжка паранены дзясяткі людзей, уключна з малымі дзецьмі. Горад Валгаград ахапіла паніка. Запанікавала і ўлада, маскоўская і мясцовая — паслала ў горад вялікія колькасьці войска. Замест навагодніх сьвятаў валгаградцы рыхтуюцца да пахаваньняў і ідуць у шпіталі. У любой іншай эўрапейскай краіне была б абвешчана агульнадзяржаўная жалоба і згорнуты ўсе забаўляльныя мерапрыемствы. У горад, дзе пацярпелі людзі, тэрмінова прыбыла б кіраўніцтва краіны і рабіла б усё магчымае, каб падтрымаць суграмадзянаў і арганізаваць антытэрарыстычныя дзеяньні. Кіраўніцтва, як вядома, засталося ў сваёй Маскве, а замест сябе наслала на людзей войскі. Бачна, што Пуцін з сваёй групоўкай баіцца людзей, баіцца набліжацца да людзей.
Па ўсёй РФ ноч, якая павінна была б быць жалобнай, прайшла пад гістарычным дэвізам “Руси есть веселие пити и плясати”. Тэлеканалы надрываліся папсовымі музычкай і сьпевамі, запускаліся салюты, галкіны і кіркоравы станавіліся на вушы, каб пазабаўляць шматмільённую публіку. І так па ўсёй імпэрыі: пілі, скакалі, сьмяяліся...
Масы “дорогіх россіян” — гэта масы. Які спыт можа быць з масы? Але ж з савецкіх школьных падручнікаў мы ведаем, што ў Расеі заўсёды былі “элиты, у которых были искания...” Папулярныя асобы песеннага і забаўляльнага жанру ў пэўнай ступені ёсьць такой элітай расейскага грамадзтва. І яны станавіліся на вушы. Можна запярэчыць, што, маўляў, відэазапісы забаўляльных праграм рабіліся задоўга да сьвятаў і валгаградзкай трагедыі. Яно так. У гэтым выпадку “эліты” мелі час і магчымасьць зрабіць калектыўны зварот да ўладаў з заклікам адмовіцца ад дэманстрацыі падрыхтаваных праграм, а да грамадзтва з заклікам устрымацца ад “піті і скакаті”. Некалі так было. Калі ў 1905-07 гадах царскія ўлады стралялі ў мірныя дэманстрацыі рабочых і студэнтаў, пецярбургскія і маскоўскія артысты адмаўляліся даваць спэктаклі. А што ж прамаўчалі сьвятошы з РПЦ?
У наяўнасьці глыбокае маральнае падзеньне Масквы, Расеі ў цэлым, яе “масы” і “элітаў”. Гэта ёсьць невылечна хворае грамадзтва. Ад яго і ягонай імпэрыі трэба трымацца як мага далей. У іх няма будучыні.
Сяргей Камароўскі