ЛІЛІПУТЫ Ў ВАЙНЕ З БАНДЭРАЙ
Нішто ня мае такой моцы, як ідэя, час якой настаў.
Віктор Гюго
Адкуль такая моц у нябожчыка Бандэры так матывавана палярызаваць украінскае грамадзтва: ня проста аддзяляць зерне ад мякіны, але і дэманстраваць сярэдняе зьвяно панікі і страху перад ім? Сапраўды, паводле Бібліі, увесь сьвет увасоблены ў два слова “так” і “не” — уся рэшта ад лукавага. Слабамоцныя, слабавольныя падалі голас вакол шэсьця з паходнямі з нагоды народзінаў Правадыра. Жагнайцеся, няшчасныя. Гэтыя паходні — сымвал нашага нацыяналістычнага паўстаньня, якое мы пасьпяхова пашыраем па ўсяе краіне разам з лёзунгамі на майданах “Слава Ўкраіне! — “Героям Слава”, “Слава нацыі” — “Сьмерць ворагам”, “Україна — па-над усім” і разам з чырвона-чорным сьцягам — сымвалам бандэраўскіх змаганьняў. І ня вам указваць, зь якімі сьцягамі і лёзунгамі і паходнямі куды і як выходзіць. Вы даўно засьведчылі сваё палітычнае лузэрства, дык цяпер узяліся атручваць так званы грамадзкі сэктар. Вольнае грамадзтва мае надзейныя газавыя маскі на вас.
Паўтару сваю думку, ня раз выказаную ў артыкулах: “Малыя ніколі не разумелі вялікіх. Слабыя — моцных. Маладушныя — апантаных”. Таму самыя сьмешныя на гэтым фоне цяперашнія нерэалізаваныя ў палітыцы і нідзе нібыта інтэлектуалы, што высунуліся з усіх шчалін, каб пабрахаць на марш Бандэры. Сабака брэша, а сонца сьвеціць. Брашыце гучней, каб усе вольныя людзі маглі даць ацэнку вашай бездапаможнасьці. Мы ўпарта будзем несьці паходні нашага паўстаньня, насуперак вашым хворым асацыяцыям з фашызмам. Гора тым палітыкам і “непалітычным партызанам” (Лэся Ўкраінка), якія ня здатныя дасягнуць велічы Бандэры.
А цяпер пра асноўны пасыл Бандэры зь яго знакамітай працы “Пэрспэктывы ўкраінскай рэвалюцыі”: пагроза Масквы.
Першае. Укараненьне бальшавізма на маскоўскіх тэрыторыях паходзіць з імпэрскай мэнтальнасьці расейцаў захопліваць, прыніжаць, выкарыстоўваць. Улічваючы гэта, “Расея ёсьць толькі адна — імпэрыялістычная, і так будзе да тае пары, пакуль расейскі імпэрыялізм ня будзе дашчэнту раструшчаны, а расейскі народ ня вылечыцца ад імпэрыялізма праз спазнаньне, што ягоны імпэрыялізм прыносіць яму самому найбольш зла — ахвяраў, пакутаў і падзеньня. Да гэтага яшчэ далёка...” (с. 226).
Другое. Зьмена ўлады ў Расеі — гэта ня зьмена імпэрскай ідэалогіі ў адносінах да Ўкраіны: “Калі заўтра на зьмену бальшавізму прыйдзе іншая форма расейскага імпэрыялізма, то ён таксама перш за ўсё накіруецца ўсімі сваімі сіламі супраць сувэрэннасьці Ўкраіны, на яе паняволеньне. Расейскі народ, як і дагэтуль, будзе несьці той імпэрыялізм, будзе рабіць усё, каб трымаць Украіну ў паняволеньні. На гэта выразна паказвае стан палітычнай думкі і настрой расейскай масы, усіх расейскіх палітычных асяродкаў, як камунітсычных, так і антыбальшавіцкіх. Ва ўсіх іх жыве скрайняя варожасьць супраць ідэі дзяржаўнай самастойнасьці, сувэрэннасьці Ўкраіны” (с. 166).
Трэцяе. Нацыстоўска-расістоўскі гітлерызм і камуна-маскоўскі бальшавізм паходзяць з той самай крыніцы — імпэрскай мэнтальнасьці. На гэта немагчыма паўплываць праз нейкія маральныя або прававыя прынцыпы — гэта можна толькі зьнішчыць. Калі гітлерызм быў зьнішчаны, то расейскаму імпэрыялізму сусьветная супольнасьць стварыла самыя лепшыя ўмовы для паглыбленых мадыфікацый. С. Бандэра раскрывае сутнасьць двух забойчых рэжымаў: “Гітлерызм выразна абвяшчаў свой імпэрыялізм у форме расістоўскай тэорыі. Бальшавізм прыхоўвае свой маскоўскі імпэрыялізм пад формай інтэрнацыяналізма, класавай салідарнасьці пралетарыята, сусьветнай камуністычнай рэвалюцыі. Усе супярэчнасьці паміж імі, ад ідэалагічных пачынаючы, аж да ваеннай разьвязкі, па сваёй сутнасьці былі канкурэнтнай барацьбой двух падобных імпэрыялізмаў за панаваньне на той самай прасторы, а не барацьбой двух супрацьлеглых сьветапоглядаў, ідэалогій, грамадзка-палітычных сістэм” (с. 162-162).
Чацьвёртае. Маскоўскі імпэрыялізм за галоўную мішэнь мае ня толькі самабытнасьць нацый, але й годнасьць і свабоду асобнай індывідуальнасьці: “Ідэя годнасьці і павагі да чалавека, яго вольнага разьвіцьця, уласнай ініцыятывы, творчага і дастойнага самаўключэньня ў гарманічны ўклад супольнага нацыянальнага і грамадзкага жыцьця ёсьць супрацьлеглай да бальшавіцкай тыраніі, паняволеньня і эксплуатацыі чалавека, таптаньня яго годнасьці, нівечаньня свабоды” (с. 46).
Пятае. Сьцьвярджэньне маскоўскага рэжыма магчымае толькі пры ўмове зьнішчэньня астатніх украінскіх канцэптаў — БОГА, ДУШЫ, ДУХОЎНАСЬЦІ і НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ. Менавіта на іх і скіраваны галоўны маскоўскі ўдар: “Яна (Масква) імкнецца да сістэматычнага атачэньня ўкраінскай нацыянальнай субстанцыі, да выпаласкваньня з душы і з жыцьця ўкраінскага народа ўсяго нацыянальнага зьместа” (с. 356). Дадам, што цяпер пэўныя нібыта непалітычныя колы і нібыта дыстанцыянаваныя ад улады намагаюцца ўсімі сіламі нэўтралізаваць нацыяналістычную рыторыку на майданах. Разслабцеся. Вам гэта ня ўдасца зрабіць так жа сама, як не ўдалося нэўтралізаваць УА “Свободу” у парляманце і на ўсіх абсягах яе палітычнай барацьбы. Піце безалкагольнае шампанскае. Нас не спыніць.
25 траўня 1958 года, за паўтара гады да сваёй раптоўнай сьмерці, С. Бандэра сказаў прамову над магілай забітага Я. Канавальца, паасобныя словы зь якой прымушаюць сэрца замерці: “Падзеленыя кардонам сьмерці, але зьяднаныя сувязямі веры, ідэі і любові — жывыя і памерлыя могуць сабе ўзаемна дапамагаць перад Богам і праз Бога” (с. 631). Знакава, што адно са значэньняў слова бандэра — сувязь: ідэйна-духоўная сувязь пакаленьняў мацнейшая за камяні крэпасьці. Будучыня заўсёды вырастае з фундамэнта мінулага. Дык віншую ўсіх вольных людзей з нараджэньнем Правадыра. Зычу сілаў у справе вызваленьня Ўкраіны ад крымінальна-украінафобскага насеньня розных масьцяў і колераў. Свабоду не спыніць.
Ірына Фарыён
Прэс-служба Усеўкраінскага аб'яднаньня “Свобода”
Пераклаў з украінскай В. Буйвал