АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (26–29.12.2013)

Арыфмэтыка Мао

26 сьнежня 2013 г. летувіская газэта “Respublika” напісала пра сьвяткаваньне ў Кітаі 120-й гадавіны нараджэньня Мао. У маўзалей Мао прышлі пакланіцца ўсе кіраўнікі краіны. Сьвяткаваў увесь Кітай. За пэрыяд кіраваньня краінай Мао былі забітыя або памерлі ад голаду 40 мільёнаў чалавек.

Наш камэнтар: У кітайцаў, як вядома, свая арыфмэтыка наконт “некалькіх мільёнчыкаў”. У гэтым яны вельмі блізкія да арыфмэтыкі Масквы. Яны масава сьвяткуюць памяць свайго жудаснага забойцы і гвалтаўніка. Злачынства запускаць такую стыхію ў нашу Беларусь.

Юрка Марозаў


Парадуюцца ў Маскве

27 сьнежня 2013 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” напісала пра кафэдры ў Вялікай Брытаніі, дзе выкладаюць чэшскую мову і культуру. Узьніклі праблемы ў сталіцы Шатляндыі Глазга. Там вядуцца размовы пра магчымае закрыцьцё чэшскай праграмы. Яшчэ чэшскую мову і культуру выкладаюць на кафэдрах у Лёндане, Оксфардзе, Шэфілдзе і Брыстолі.

Наш камэнтар: Нам бы вашы праблемы. Вунь нават у Беластоку зачыняюць кафэдру беларускай мовы. Парадуецца антынацыянальны рэжым у Менску і ягоныя гаспадары ў Маскве. Усе гэта ёсьць вынікам здушальнай ізаляцыі нашай краіны рэжымам і злачыннай палітыкі русіфікацыі.

Алесь Хадасевіч


Усё зьменіцца пасьля вызваленьня

27 сьнежня 2013 г. славацкая газэта “SME” апублікавала ўспаміны сына капітана Олдржыха Далэжала. Далэжал быў адным з ваенных лётчыкаў, якія пасьля акупацыі Чэхаславакіі Гітлерам падаліся ў Францыю, а потым у Вялікую Брытанію. Ён вызначыўся ў Бітве за Англію 1940 года, патапіў вялікі нямецкі карабель. Пасьля вайны Далэжал з шэрагам сваіх калег-ветэранаў вярнуўся ў Чэхаславакію, пачаў працаваць у грамадзянскай авіяцыі. Але пасьля камуністычнага перавароту 1948 г. новыя ўлады пачалі арыштоўваць і вязьніць вайскоўцаў, якія ваявалі на Захадзе. Тады Далэжал і ягоныя калегі селі ў тры самалёты і адляцелі на іх у амэрыканскую зону Нямеччыны. Так і выратаваліся. Імя героя вернута ў народны пантэон.

Наш камэнтар: Беларусы добра ведалі, што значыла вярнуцца з Захаду ў акупаваную Масквой Беларусь. Іх усіх арыштавалі і ўвязьнілі ў ГУЛАГу ў 1949 г. І беларусы з дыяспары ў Чэхаславакіі ведаюць, што значыў камуністычны пераварот 1948 г. Іх усіх выдалі маскоўскім акупантам. У вольнай Чэхіі і Славакіі імёны герояў і ахвяраў гэтых падзеяў ушанаваныя грамадзтвам. У акупаванай Беларусі працягваецца зьдзек з сьвятой памяці нашых людзей. Усё зьменіцца з канчатковым вызваленьнем Бацькаўшчыны ад маскоўскай арды.

Юрка Марозаў


Вось дык сэнсацыя!

28 сьнежня 2013 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла пра вынікі чарговага апытаньня незалежнага сацыялагічнага цэнтра Лявады. Расейцы назвалі Ул. Пуціна “чалавекам года”. Наступнай яны назвалі Алу Пугачову.

Наш камэнтар: Пра гэта пішуць СМІ ўсяго сьвету. Вось дык сэнсацыя ад маскоўскага “незалежнага цэнтру”! Такое ўжо бывала ў расейскай гісторыі. Усе кленчылі перад царом, кланяліся, а потым раптам самымі папулярнымі станавіліся Разін з Пугачовым...

Алесь Хадасевіч


Людзі ўсё бачаць

29 сьнежня 2013 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” напісала, што ў Кіеве сабраліся на Майдане 50 тысячаў чалавек, каб пратэставаць супраць нападу на журналістку Тацяну Чарнавол. Плануецца марш аўтакалёны пратэстоўцаў па месцах, дзе знаходзяцца маёнткі прэзыдэнта Януковіча і высокага начальства.

Наш камэнтар: Вядома, што пратэстны аўтамарш ужо адбыўся. Тысячы людзей раскідалі паліцэйскія машыны і грузавікі, што закрывалі дарогу да палацаў начальства, і выказалі ім усё, што думаюць.

Колькі ні падымалася пустога шуму, але беларусы ніколі не баранілі прадстаўнікоў “дэмСМІ РБ”, якія выстаўляліся ахвярамі рэжыму. Ні А. Пачобута, ні І. Халіп, ні іншых – фальшывых і крывадушных. Людзі ўсё бачаць.

Юрка Марозаў


Агрэсіўныя планы Масквы

29 сьнежня румынская газэта “Adevarul” апублікавала вытрымкі з артыкула ў кіеўскай газэце “Зеркало неделі”. У артыкуле разглядаецца план Масквы па расчляненьню Ўкраіны. Расея ня можа дазволіць сябе паглынуць усю Ўкраіну, бо заходняя яе частка “ахоплена гангрэнай рэвалюцыі”. Таму Крэмль мае праект далучэньня да Расеі толькі Крыма і ўсходніх вобласьцяў. Гэта будзе гэткі тампон Расеі. А Галіцыя можа ўступаць у НАТО, Эўразьвяз і г.д. Прыкладзена карта гэтага праекта.

Наш камэнтар: Крэмль можа штампаваць любыя праекты наконт суседніх народаў. Яны могуць нават мець эфэктны выгляд і пэўную крымінальную логіку. Вось толькі падзеі ва Ўкраіне паказваюць, што каб захапіць гэтую вялікую дзяржаву, Маскве трэба будзе ўвязвацца ў вайну з шматмільённым народам. А яны, імпэрскія бедалагі, не маглі даць рады маленечкай партызанскай арміі нешматлікіх чачэнаў.

Юрка Марозаў