УКРАІНЦЫ ШАНУЮЦЬ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ЖУРНАЛІСТАЎ

26 сьнежня латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Украінская апазыцыя і СМІ сьвету рэзка адрэагавалі на зьбіцьцё журналісткі”. Вось гэты артыкул:

Як украінскія актывісты апазыцыі, так і СМІ сьвету рэзка адрэагавалі на зьбіцьцё вядомай журналісткі Тацяны Чарнавол.

Сотні пратэстоўцаў з апазыцыйнымі сьцягамі і фотапартрэтамі журналісткі ўжо другі дзень зьбіраюцца каля будынка міністэрства ўнутраных справаў Украіны, блакуючы падыходы з бліжэйшай вуліцы. Яны патрабуюць адстаўкі міністра ўнутраных справаў Віталія Захарчанкі і ўсяго кіраўніцтва і аб'ектыўнага расследваньня ўсяго, што здарылася. “Крывавага міністра — прэч!” — напісана на вялізным плакаце. Частка ўдзельнікаў дэманстрацыі накіравалася да дома Захарчанкі, што пад Кіевам.

Напад на журналістку адлюстраваны ў газэтах многіх краін. Як зазначаюць прадстаўнікі ўкраінскіх СМІ, з канца лістапада ў Кіеве ад рук прадстаўнікоў сілавых структураў пацярпелі 50 украінскіх і замежных журналістаў, прэсавых фатографаў і апэратараў.

Міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры бяз межаў” асудзілі напад на Чарнавол і заявілі, што вядуць сваё расследваньне таго, што адбылося. Яны сьцьвярджаюць, што многія скіраваныя супраць журналістаў акты гвалту ва Ўкраіне застаюцца без пакараньня і гэта ўжо стала сур'ёзнай праблемай.

Па здарэньню распачата крымінальная справа. Два магчымых удзельнікі нападу затрыманы, высьветлена таксама асоба трэцяга з тых, што нападалі.

Нядаўна ў выданьні “Украінска Правда” быў апублікаваны фотарэпартаж Чарнавол “Тут жыве кат! Маёмасьць міністра ўнутраных справаў Віталя Захарчанкі”. Публікацыя была прысьвечана комплексу пабудоваў, якія былі нядаўна пабудаваныя для міністра ўнутраных справаў.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч запатрабаваў неадкладна расследваць напад на журналістку.

LETA-RIA-NOVOSTI

Пераклаў з латышскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.diena.lv/pasaule/foto-ukrainas-opozicija-un-pasaules-mediji-asi-reage-uz-zurnalistes-piekausanu-14037960

Вядома, што ва Ўкраіне існуюць сапраўды дэмакратычныя СМІ, якія працуюць прафэсійна, ідуць на рызыку, з гонарам выконваюць свае абавязкі перад грамадзтвам. Людзі ўсё разумеюць і шануюць гэтых работнікаў інфармацыі, бароняць іх, калі ўзьнікае патрэба. Ва Ўкраіне не назіраецца такога поўнага распаду СМІ ў выніку падпарадкаваньня інтарэсам антынароднага рэжыма і ўнутранага гніеньня, зьвязанага з карупцыяй, калабаранцтвам і жаданьнем існаваць камфортна ва ўмовах дыктатуры ды яшчэ й захоўваць на сабе лэйбачку “дэмСМІ”. Усе гэтыя негатыўныя працэсы мы, на жаль, назіраем у нашай Беларусі, дзе на мэдыйным полі даўно ўжо завершана татальная рэжымная спэцапэрацыя. Самыя прыкрыя зьявы ў гэтых працэсах — гэта дэмаралізацыя знакавых для беларускага грамадзтва ворганаў інфармацыі. Многім зразумела, што ў вызваленай Беларусі журналістыку давядзецца распачынаць практычна з нуля, з новымі людзьмі, рэдакцыямі, прынцыпамі і ў беларускай мове. Цяперашні стан тутэйшай журналістыкі — гэта вартая жалю зьява.

Грамадзтва адчувае і бачыць гэта. Аказалася, што можна камфортна існаваць і падманваць людзей. Але ў такім выпадку ня можна спадзявацца на павагу і салідарнасьць грамадзтва.

Ян Булыга