САВЕТЫ НЕЛЮБІЛІ НАРОД

У 1959 годзе ў Маскву прыехаў Крысьціян Дзіёр з сваёй калекцыяй адзеньня. Ішла хрушчоўская адліга, публікавалася тое, што было недаступна і забаронена раней, калгасьнікам урэшце выдалі савецкія пашпарты і, такім чынам, урэшце быў ліквідаваны адзін з атрыбутаў фэадальнага прыгону... Пералік падзеяў можна працягваць, іх было шмат, яны былі яркія, якасна новыя пасьля доўгай палярнай ночы сталіншчыны. Крэмль урэшце зразумеў, што (нават не выпускаючы сваіх людзей за межы імпэрыі) трэба пэўную колькасьць чужых людзей усё ж упускаць праз імпэрскую мяжу. У параўнаньні са сталінскай татальнай ізаляцыяй гэта быў, безумоўна, прагрэс.

Вось так у 59-м годзе маскоўскія людзі пазнаёміліся са словамі “куцюр”, “калекцыя мадэляў” і нават змаглі пабачыць, што гэта такое. Я добра памятаю Маскву 59-га. Беларускага дашкольніка ўражвалі вышыня будынкаў, табуны аўтамабіляў, мэтро з мазаікамі, мільённыя плыні людзей. У “століце нашей Родіны” мы былі транзітам і заўсёды адзін дзень. Маці зьбівалася з ног, бегаючы па крамах, выстойваючы ў бясконцых чэргах — і ўсё для таго, каб паспрабаваць набыць самыя банальныя рэчы: летнюю сукенку, нейкі абутак, дзіцячы касьцюмчык. Так у Маскве рабілі прадстаўнікі ўсіх падсавецкіх народаў.

На нашай беліцкай ускраіне Гомеля і ў самым горадзе не было, практычна, нічога. Першыя джынсы я займеў недзе на 60-м годзе савецкай улады, ужо будучы студэнтам. Калі цяпер бываю ў родным горадзе, то заўсёды з сімпатыяй углядаюся ў самых старэйшых людзей. Я бачыў, я памятаю іх маладымі, прыгожымі, здаровымі, пераможцамі нядаўняй антыфашыстоўскай вайны! Увечары яны ішлі шэра-чорнай масай з заводаў, натоўпамі штурмавалі рэдкія рэйсавыя аўтобусы. Паўсюль — фуфайкі, бушлаты, аляпаватыя па форме і змрочных колераў паліто. На галовах — зімовыя шапкі з мацерчатым верхам. Савецкія парфумы — гэта была паэзія сацрэалізма!

З канца 50-х было некалькі этапаў часовай палёгкі. Найбольш нам запомніліся 70-я гады, калі ў саветаў пайшла шалёная “форса” з нафтадалярамі. Тады нават у Беліцы можна было выбіраць касьцюмы і часам наскочыць на прыстойныя туфлі. У 80-я заходняя мода пачала больш актыўна насоўвацца на савецкі рынак (галоўным чынам у выглядзе польскай і іншай падобнай прадукцыі). Але ў Беларусь яна прыходзіла роўна праз 3-4 гады пасьля таго, як трыюмфавала ў Эўропе. Проста, як паводле нейкага раскладу. Упершыню нашы людзі пачалі модна апранацца (масава апранацца) толькі недзе гадоў 15 таму, пад знакам “глабалізацыі”, ад якой здолела адкруціцца толькі чырвоная Карэя.

Калі глядзіш на фотаздымкі з сэрыі “Крысьціян Дзіёр у Маскве. 1959 год”, то разумееш — гэта была сустрэча двух сьветаў (і ня трэба, мяркую, доўга тлумачыць, які зь іх быў ярчэйшы і весялейшы, больш чалавечны). Важна адзначыць, што шок ад гэтай сустрэчы атрымлівалі ня толькі савецкія людзі. Некаторыя зь левых інтэлектуалаў, апантана адданыя камуне і Маскве, пабачыўшы ўсё гэта, рабілі актыўныя закупкі савецкіх агульнадаступных тавараў. Вярнуўшыся ў Парыж і Лёндан, яны арганізоўвалі публічныя выставы, напрыклад, жаночай бялізны савецкай вытворчасьці. Экспазыцыі карысталіся скандальным посьпехам. Публіка была ў ненатуральным захапленьні ад грубых савецкіх станікаў, райтузаў, панчох і г.д. Саветы, зразумела, адразу ж абвяшчалі анафэму гэтым дзеячам і ніколі больш не давалі ім уяздную візу.

Беларусы задаваліся пытаньньнямі: “Чаму ўсё так? За што?” Яны мелі права на такую цікаўнасьць. Яны разьбілі немцаў, вызвалілі (як ім тлумачылі) Эўропу ад фашызма, жывуць у самай гуманнай дзяржаўнай сістэме. Круглы год працуюць тысячы-тысяч савецкіх фабрык, ёсьць любая сыравіна і ўсё вельмі танна. А цікаўным за гэта — фуфайку пад нос!

Нічога гэтага ужо зусім ня памятаюць сёньняшнія 25-гадовыя. Гэта даволі даўно пачала выкарыстоўваць маскоўская прапаганда. Сярод іншага яна тлумачыць нам, што такое быў “дэфіцыт часоў застою” (1-я палова 80-х гадоў): “А это было так. Ты приходишь в ларёк, чтобы купить свою любимую марку коньяка, а этой марки уже нет...” Ёсьць і мясцовыя “мэмуарысты” кшталту Алексіевіч-Гразновай, якія раскажуць нам, як “в каждой советской семье был автомобиль”.

І навошта ім усё гэта прыдумваць? Мяркуем, вось навошта. Яны ствараюць прывабны вобраз сваёй імпэрыі, яе мінуўшчыны, яе гісторыі, у тым ліку і гісторыі касьцюма. Яны там у Маскве прагнуць, каб мы паверылі ім, вярнуліся да іх у абдымкі і, як у казцы, “жили вместе долго и счастливо и умерли в один день”. Гэтую маскоўскую прыхамаць добра зразумеў украінскі народ. Украінскі народ зрабіў выснову раз і назаўсёды — трымацца падалей ад Масквы і яе злачынцаў, вяртацца ў эўрапейскую цывілізацыю. Безумоўна, што такі цывілізацыйны выбар зроблены сярод іншага і на пабытовых успамінах пакаленьняў украінскіх людзей. Геапалітычна складваецца вельмі канкрэтная сытуацыя: настае наша чарга рабіць наш выбар, усе суседзі ўжо яго зрабілі.

Валеры Буйвал