ЛУКАШЫСЦКАЕ МІНІСТЭРСТВА КУРАЖЫЦЦА
Разумныя людзі казалі спадарам з “Арт-сядзібы”, каб яны нікуды не зьвярталіся з сваёй пэтыцыяй. Але тыя не паслухалі пад распаўсюджаным прэтэкстам: “ведь надо что-то делать...” Вось і атрымаўся чарговы абсурд. Ініцыятары зьвярнуліся ў мінкультуры акупанцкага антыбеларускага рэжыму з просьбай “надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці бел-чырвона-беламу сьцягу, які ў 1991-95 гады быў дзяржаўным сымвалам нашай краіны”. Заява была напісана ў амаль пасіянарным стылі, пра яе шмат паведамлялі “дэмСМІ РБ” як пра амаль гераічны ўчынак. А скончылася ўсё, як і трэба было чакаць, пшыкам. Мінкультуры РБ адказаў заяўнікам, што трэба знайсьці арыгінал палотнішча, якое вісела ў 1991 г. у Вярхоўным Савеце РБ — вось яго яны возьмуць на разгляд у якасьці “гістарычнай каштоўнасьці”.
Калі б такі адказ напісалі вэтэрынары або інжынеры цепласетак, то можна было б спаслацца на тое, што афіцыйныя прадстаўнікі ня маюць дастатковай гуманітарнай адукацыі і таму не адрозьніваюць наміналізм ад рэалізма, сымвал ад музэйнага артэфакта. Але адказ напісалі асобы, якія з поўным правам прэтэндуюць на амплуа “знаўцаў”. У іх там ёсьць і адпаведныя дыпломы і пасьведчаньні пра кваліфікацыі і г.д. І вось жа яны “прыкідваюцца венікамі” ды выдаюць абсурдны тэкст-адказ, а самы сьмяюцца ў сваіх кабінэтах: “Вот как мы постебались с этих белоруссов!..” Немагчыма пазбавіцца ад уражаньня, што так яно з самага пачатку і было задумана.
Урад БНР, генэрал С. Булак-Балаховіч і пазьней Рада БНР не зьвярталіся да бальшавікоў з заявай на прызнаньне нашага сьвятога Сьцяга нейкай “каштоўнасьцю”. Для беларускіх патрыётаў гэты Сьцяг зьяўляецца сьвятыняй, каштоўнасьцю і сымвалам абсалютна незалежна ад афіцыйнага прызнаньня, асабліва ад прызнаньня з боку ненавісьнікаў усяго беларускага. Амэрыканцы не прасілі Лёндан прызнаць нечым свой “зорна-паласаты” Сьцяг, яны змагаліся пад ім за вызваленьне ад каланіяльнай залежнасьці. Першыя хрысьціяне не пасылалі праект Сьвятога Крыжа на зацьвярджэньне Нэрону і Калігуле... Але падобна, што для мясцовых “энтузіястаў” гэтыя аргуманты — не аргуманты. Яны так прызвычаены.
Мірон даказаў нам, як трэба шанаваць наш Сьцяг. Гэта даказалі і даказваюць многія тысячы людзей, якія ўздымалі і ўздымаюць Сьцяг на грамадзкіх і палітычных мерапрыемствах, на рэлігійных шэсьцях. Таму што Бел-Чырвона-Белы Сьцяг ёсьць сымвалам нашага змаганьня за волю і знакам нашай перамогі над акупантамі.
Сяргей Камароўскі