КІТАЙЦЫ І МАО
25 сьнежня швэдская газэта “Svenska Dagbladet” апублікавала артыкул пад тытулам “Апытаньне: Мао зрабіў больш добрага, чым дрэннага”. Вось гэты артыкул:
Больш за 85% кітайцаў мяркуюць, што дасягненьні Мао Дзэ-дуна больш значныя, чым ягоныя памылкі. Гэта дэманструе вынік апытаньня, прадстаўлены ў ангельскамоўным часопісе Global Times, блізкім да Камуністычнай партыі.
У краіне ідзе падрыхтоўка да сьвяткаваньняў 120-й гадавіны з дня нараджэньня Мао. Меркаваньні аб ім супярэчлівыя. Яго ўхваляюць як заснавальніка Народнай Кітайскай Рэспублікі ў 1949 г., але абвінавачваюць у галоднай сьмерці дзесяткаў мільёнаў людзей падчас “Вялікага скачка” і хаос, што панаваў падчас Культурнай рэвалюцыі.
Афіцыйная лінія Камуністынай партыі пасьля сьмерці лідэра ў 1976 г. была наступная: “ён меў рацыю на 70% і памыляўся на 30%”.
Пераклаў з швэдскай В. Буйвал
Хто б мог падумаць яшчэ ў недалёкай мінуўшчыне, што любыя кітайскія навіны стануць надзвычай цікавымі для беларусаў. Глядзім на Ўсход і думаем: а што яшчэ яны там напланавалі? Такая вось “глабалізацыя” на капыл прамаскоўскага рэжыму і яго крамлёўскіх гаспадароў.
Кітайцы ў сваёй большасьці любяць Мао. “Несколько десятков мілліончіков” загубленых людзей — якая драбніца пры ацэнцы “вялікага кормчага”! Яны ўжо паставілі юбілейны помнік свайму божышчу — з чыстага золата, паведамілі СМІ ўсяго сьвету. І вось гэтая ардынская цемра паступова разгортваецца на нашай зямлі, нясе ў Беларусь сваю мэнтальнасьць і сваё ідалапаклонства. Уйгуры, манголы, тыбэтцы і іншыя этнасы, якія апынуліся пад уладай Пекіна, раскажуць нам, якія гэта мае катастрафічныя наступствы для іх.
Няхай кітайцы з сваім залатым Мао сядзяць у сваім Кітаі. Трэба нам салідарна ратаваць нашу Айчыну.
Павел Гулевіч