ВОЙСКА
Важнай адзнакай і гарантыяй суверэнітэту ёсьць войска. Краіна, якая мае магчымасьці стварыць вялікае, моцнае войска, мусіць абавязкова яго стварыць і пастаянна паляпшаць, удасканальваць і ўзмацняць. Грамадзтва і ўлада, якія не разумеюць выключнай ролі войска і не разьвіваюць яго з прычыны адсталасьці палітычнага думаньня, ці з-за памылковых меркаваньняў аб эканоміі дзяржаўных сродкаў, якія імкнуцца разьмеркаваць на іншыя больш прагматычныя мэты, у канцовым выпадку наражваюць сваю дзяржаву на палітычныя цяжкасьці і праблемы, якія ставяць пад пагрозу сувэрэнітэт, самастойнасьць у палітыцы і эканоміцы, ускладняюць магчымасьці вольнага разьвіцьця грамадзтва.
Бяз войска можа абыйсьціся якая-небудзь маленькая штучная краіна, што існуе па дамоўленасьці, але не краіна зь мільённым насельніцтвам, аб'ектыўна ўключаная ў геапалітычныя адносіны і суперніцтва палітычных, эканамічных, нацыянальных інтарэсаў. Моцнае войска ёсьць моцным гарантам суверэнітэту. Яно можа ніколі не выкарыстоўвацца, але яно павінна быць і пастаянна паляпшацца.
Разумныя дзяржаўныя дзеячы і ўлада ведаюць і разумеюць, што пастаянная разбудова войска і ўдасканальваньне ўзбраеньня (свая ваенная прамысловасьць) ёсьць стымулам і чыньнікам навукова-тэхнічнага прагрэсу ў дзяржаве. Нельга бязмозгла эканоміць на войску і ўзбраеньнях. Вынікам неразуменьня такой сутнасьці спраў будзе ня толькі аслабленьне і пагроза суверэнітэту, але і навукова-тэхнічная адсталасьць краіны, залежнасьць ад чужых тэхналёгіяў.
Гэта вядома ня толькі вялікім краінам, але й невялікім, дзе ўрады рацыянальна думаюць пра незалежнасьць і будучыню дзяржавы (Ізраіль, Швайцарыя, Фінляндыя і інш.).
Цікава, што расейская агентура ў Беларусі пастаянна падкідвае “разбройныя” антывайсковыя думкі недалёкім людзям, маўляў, нашто “нам” войска, маўляў, на “нас” ніхто не зьбіраецца нападаць і г. д. Адначасна ідзе пастаянная дыскрэдытацыя і ахайваньне беларускага войска, якое пры антыбеларускім рэжыме зьменшана да мінімуму і сапраўды не ў найлепшым стане (але і не ў найгоршым, асабліва ў параўнаньні з суседзямі).
Моцная дзяржава з пэрспэктывай добрай будучыні павінна ў першую чаргу падтрымаць і забясьпечыць бездакорную сістэму разьвіцьця адукацыі, навукі, войска, медыцыны плюс гарантаваныя магчымасьці вольнай працы, прадпрыймальніцтва і творчасьці грамадзян.
24 ліпеня 2013 г.
Зянон Пазьняк